Чатыры пратаколы за 2 акцыі
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў па пошце копіі пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга" 14 траўня і ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса 15 траўня. Прычым склалі на актывіста адразу па два пратаколы: па арт. 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства" і 23.4 КаАП “Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі”. Суд прызначаны на 25 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска на 9 гадзін раніцы.
Леанід Кулакоў абураецца дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі:
- Я ўжо баюся адкрываць паштовую скрыню! Кожны дзень пратаколы і позвы прыходзяць. Пратаколы ўжо пачалі «оптам» складаць - адразу па некалькіх артыкулах, каб можна было штраф большы прысудзіць. Яны нават не турбуюцца аб фармулёўках абвінавачвання. Вось, учора я атрымаў новую порцыю такіх лістоў. У пратаколе напісана, што я «удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пры гэтым трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг». З якіх гэта часоў трымаць у руках бел-чырвона-белы сьцяг - злачынства? Сцяг занесены ў рэестр нематэрыяльнай гістарычнай спадчыны. Але ім усё роўна, задача міліцыі скласці як мага больш пратаколаў, а суддзям - прысудзіць штрафы.
14 траўня ў 12.00 распачалася мірная акцыя "Праспект нацыянальнага сцяга" на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Прыблізна пасля 15 хвілін ад пачатку мерапрыемства міліцыя склала каля двух дзесяткаў пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі.
Аналагічныя пратаколы былі складзеныя таксама і на Аляксандра Мартысевіча. Яго чакае суд, прызначаны на 1 чэрвеня.
Два пратаколы супрацоўнікі міліцыі склалі і на Дзмітрыя Дашкевіча: па арт. 23.34 і 17.1 "Дробнае хуліганства", за тое, што павесіў сцяг на слуп.
Пакуль не прызначаныя даты судоў над Мікалаем Аўтуховічам, Зміцерам Захарэвічам, Нінай Багінскай, Сяргеем Пальчэўскім.