viasna on patreon

“Вясна” смуткуе з нагоды смерці Алега Аблажэя

2016 2016-05-19T11:25:01+0300 2016-05-19T11:32:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ablazhej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Аблажэй, беларускі мастак і літаратар з Вільні

Алег Аблажэй, беларускі мастак і літаратар з Вільні

Памёр аўтар цыклу графічных работ "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання" Алег Аблажэй.

18 траўня ў Вільні памёр Алег Аблажэй, грамадскі дзеяч, мастак і пісьменнік. У Літве імя Алега Аблажэя вядома не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў чальцом рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар».

Хвалявала мастака і тэма смяротнага пакарання. У 2014 годзе Аблажэй метафарычна і бліскуча перадаў у выглядзе графікі сутнасць асноўных аргументаў супраць смяротнай кары. Гэтая серыя атрымала назву "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання". Упершыню ў Беларусі працы была выстаўленыя 5 кастрычніка 2014 года ў Мінску ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання

Праваабаронцы “Вясны” і актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці Алега Аблажэя і выказваюць спачуванне родным і блізкім мастака.

***

Алег Аблажэй, мастак, літаратар. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1954 годзе на Наваградчыне. З 1979 года жыве ў Вільні. 

Адукацыю атрымліваў у Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў, Віцебскім педагагічным інстытуце (мастацка-графічны факультэт) і Літоўскім мастацкім інстытуце (аддзяленне графікі).

Распавядае, што першае ў жыцці ўбачанае ім возера – Свіцязь, і, магчыма, таму час ад часу піша вершы. Іранізуе, што гэта ў яго атрымліваецца не так добра, як у Міцкевіча, але суцяшае сябе тым, што затое малюе значна лепш за свайго славутага земляка.

У 1997 годзе ў Варшаве выйшла кніга казак "Siedembajekokrolewnach" ("Сем казак аб каралеўнах") з ілюстрацыямі аўтара.

Некалькі наступных кнігаў цярпліва чакаюць свайго выдаўца.

Супрацоўнічаў з часопісам "Дзеяслоў", альманахам "Куфэрак Віленшчыны", газетамі "Наша Ніва", "Свабода". Як ілюстратар - з выдавецтвамі Беларусі, Польшчы, Масквы. Займаўся таксама перакладамі з польскай і літоўскай моваў.

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства