viasna on patreon

Алег Аблажэй: Распавесці пра смяротнае пакаранне мастацкімі алегорыямі складана

2014 2014-10-04T22:21:00+0300 2014-10-04T09:59:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ablazhej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Аблажэй, беларускі мастак і літаратар з Вільні

Алег Аблажэй, беларускі мастак і літаратар з Вільні

5 кастрычніка ў Мінску ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання адчыняецца выстава плакатаў Алега Аблажэя - вядомага беларускага мастака з Вільні.

Напярэдадні адкрыцця выставы мастак распавёў сайту “Вясны” пра асаблівасці сваёй працы над серыяй "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання", якая ўзяла назву аднайменнага праваабарончага фільму, і асабістае стаўленне да гэтай праблемы.

- Алег, Вы вядомы ілюстратар, у тым ліку дзіцячых казак. Тэма смяротнага пакарання вельмі цяжкая псіхалагічна… Як Вам у гэтым плане працавалася над плакатамі?

- Шчыра кажучы, першы імпульс быў – адмовіцца. Бо я ж прывык маляваць цмокаў з каралеўнамі, а тут такая цяжкая тэма... З іншага боку, я досыць шмат займаўся, так бы мовіць, грамадскай публіцыстыкай, таму абдумваць і асэнсоўваць даводзілася многія праблемы. Але адна справа выказвацца словамі, іншая - мастацкімі алегорыямі. Таму працаваць было досыць складана, тым больш што тэрміны былі сціслыя.

- Як Вы шукалі метафары, каб перавесці "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання" ў мастацкія вобразы, якія вельмі ўражваюць?

- З аднаго боку, хацелася, каб метафары былі лаканічныя і ёмістыя, бо мова плакату гэтага вымагае. З іншага, трэба, каб яны былі зразумелыя кожнаму. Таму я звяртаўся да традыцыйных сімвалаў -  чэрап, крыж, сэрца, анёл...

- Ці ёсць у Вас асабісты аргумент супраць смяротнага пакарання? Што б Вы сказалі прыхільнікам смяротнага пакарання ад сябе?

- Я думаў, у першую чаргу, пра Беларусь: калі нават у такой краіне, як ЗША, здараюцца судовыя  памылкі, то ўжо для нашай краіны гэта яшчэ больш складана. Што і паказала справа з выбухам у метро - мала хто ўпэўнены ў тым, што пакараныя сапраўды тыя, хто гэтаезлачынства здзейсніў. Бадай што гэтыя шэсць аргументаў дастаткова акрэсліваюць сутнасць праблемы, таму нейкага асабістага дадаць не магу.

 

Даведка:

Алег Аблажэй, мастак, літаратар. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1954 годзе на Наваградчыне. З 1979 года жыве ў Вільні. 

Адукацыю атрымліваў у Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў, Віцебскім педагагічным інстытуце (мастацка-графічны факультэт) і Літоўскім мастацкім інстытуце (аддзяленне графікі).

Распавядае, што першае ў жыцці ўбачанае ім возера – Свіцязь, і, магчыма, таму час ад часу піша вершы. Іранізуе, што гэта ў яго атрымліваецца не так добра, як у Міцкевіча, але суцяшае сябе тым, што затое малюе значна лепш за свайго славутага земляка.

Піша і ілюструе казкі.

У 1997 годзе ў Варшаве выйшла кніга казак "Siedembajekokrolewnach" ("Сем казак аб каралеўнах") з ілюстрацыямі аўтара.

Некалькі наступных кнігаў цярпліва чакаюць свайго выдаўца.

Для дарослых піша публіцыстыку, апавяданні і афарызмы. Супрацоўнічаў з часопісам "Дзеяслоў", альманахам "Куфэрак Віленшчыны", газетамі "Наша Ніва", "Свабода". Як ілюстратар - з выдавецтвамі Беларусі, Польшчы, Масквы.

Займаецца таксама перакладамі з польскай і літоўскай моваў.

Вядзе блог на Беларускім Радыё Рацыя. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства