Брэст: суд прызнаў дзве кнігі Зянона Пазняка экстрэмісцкай літаратурай
Размова ідзе пра кнігі “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял”, а справа ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядалася паводле заявы мясцовай мытні.
Менавіта брэсцкія мытнікі восенню мінулага года кафіскавалі асобнікі гэтых кніг у адказнага сакратара Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага ў пункце мытнага афармлення “Брэст-Цэнтральны”, калі партыйны актывіст вяртаўся з Польшчы.
Кнігі былі накіраваны ў экспертную камісію Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі наконт наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет экстрэмізму. Паводле высноваў камісіі, такія прыметы ў кнігах “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” ёсць.
Алесь Чахольскі з такім рашэннем не пагадзіўся і выказаў недавер экспертызе, бо, як высветлілася, яе рабілі прадстаўнікі праўладнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Аднак суд Ленінскага раёна Брэста, дзе Чахольскі спрабаваў абскардзіць рашэнне экспертнай камісіі і дамагчыся вяртання кніг, прызнаў паседжанне экспертнай камісіі правамоцным і не ўбачыў падставаў для адмены канфіскацыі.
20 красавіка суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Гаргадзе задаволіла заяву Брэсцкай мытні і прызнала кнігі “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” экстрэмісцкай літаратурай. Алесь Чахольскі абвесціў пра намер абскардзіць і гэтае рашэнне.
Кніга “Добрая фатаграфія” з'яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” (Зянон Пазняк напісаў яе разам з Валерыям Буйвалам) уяўляе сабой зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных абароне месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.