Абарона правоў чалавека павінна стаць неад'емнай часткай сістэмы барацьбы з наркотыкамі
Правы чалавека павінны стаць неад'емнай часткай міжнароднага рэжыму кантролю над наркотыкамі. Пра гэта заявіла група экспертаў ААН напярэдадні Спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі па наркотыках, якая адкрываецца ў Нью-Ёрку 19 красавіка.
Эксперты ААН па розных аспектах правоў чалавека адзначаюць, што ў праекце заключнага дакумента маючай адбыцца сесіі згадваюцца правы чалавека, аднак там няма фармулёвак аб абавязковым характары іх выканання. Экспертаў таксама трывожыць, што аўтары так і не адмовіліся ад «заганнай», з іх пункту гледжання, канцэпцыі «свету без наркотыкаў».
«Мы лічым, што Спецыяльная сесія Генеральнай Асамблеі ААН па наркотыках дае выдатную магчымасць прааналізаваць дасягненні сістэмы кантролю над наркотыкамі і праблемы, якія стаяць перад ёй, а таксама яе ўплыў на ажыццяўленне правоў чалавека і асноўных свабодаў», - гаворыцца ў заяве экспертаў.
На іх думку, цяперашняя палітыка ў галіне барацьбы з наркотыкамі носіць карны характар, а дзе-нідзе людзям, якія здзейснілі парушэнні, звязаныя з наркотыкамі, пагражае смяротнае пакаранне.
«У большасці выпадкаў, палітыка ў галіне кантролю над наркотыкамі на нацыянальным узроўні абапіраецца на крыміналізацыю, турэмнае зняволенне і празмерныя марнаванні на падтрыманне сіл бяспекі. Даказана, што ўсё гэта - сур'ёзныя бар'еры ў справе абароны і ажыццяўлення правоў чалавека», - сцвярджаюць праваабаронцы ААН.
Яны самым рашучым чынам выступілі супраць прымянення смяротнага пакарання за парушэнні, звязаныя з наркотыкамі. «Такія падыходы прыводзяць да таго, што судовая сістэма і сістэма крымінальнага правасуддзя перагружаныя, і ўмовы ўтрымання ў зняволенні ствараюць атмасферу, у якой зняволеныя з большай верагоднасцю могуць падвяргацца жорсткаму абыходжанню і катаванням», - гаворыцца ў заяве групы экспертаў.
Праваабаронцы ААН нагадваюць, што дзяржавы абавязаныя паважаць права грамадзян на здароўе. Яны павінны забяспечыць ім доступ да неабходных лекаў, паліятыўных паслугаў, прафілактычных і адукацыйных праграмаў, праграмаў па зніжэнні шкоды і да лячэння наркаманіі.
Заяву падпісалі Спецыяльны дакладчык па катаваннях і іншых відах жорсткага, негуманнага або зневажальнага абыходжання або пакарання Хуан Мэндэс; Спецыяльны дакладчык па пазасудовых, сумарных або адвольных пакараннях смерцю, Крыстаф Хэйнс; Старшыня-дакладчык Рабочай групы ААН па адвольных затрыманнях Сэн-Філ Хон; Спецыяльны дакладчык па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя Дайніус Пурас; Старшыня Камітэта па правах дзіцяці Беньям Давіт Мезмур.