Гомельскіх фрылансераў пакаралі буйнымі штрафамі, прычым Ларысу Шчыракову — за сюжэт, які яна не рабіла
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 15 красавіка адбыўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў, складзеных міліцыяй у дачыненні журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай. Іх абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ. З міліцэйскага пратаколу вынікае, што фрылансеры «злоўжывалі правамі і парушалі абавязкі журналістаў», парушаючы заканадаўства, не маючы акрэдытацыі пры МЗС у якасці карэспандэнтаў замежных СМІ, вырабілі сюжэт для тэлеканалу «Белсат» пра ўцекачоў з Украіны. Сведкам на судзе выступала старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк. Яна паказала, што сапраўды 18 лютага ў будынку абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа праходзіла сустрэча з прадстаўніком Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Жанам Івам Бушардзі. На сустрэчы прысутнічалі журналісты, у тым ліку Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі, якіх потым Ала Смаляк апазнала на здымках, якія ёй прадставіла міліцыя. Старшыня абласной арганізацыі паказала на судзе, што Кастусь Жукоўскі браў у яе інтэрв'ю, а Ларыса Шчыракова – не, толькі здымала на відэа Жана Іва Бушардзі.
Кастусь Жукоўскі ў знак пратэсту супраць несправядлівага правасуддзя і забарону на збор і распаўсюд інфармацыі, якія гарантаваны Канстытуцыяй, абвязаў рот бінтам і адмовіўся даваць паказанні ў судзе.
Ларыса Шчыракова патлумачыла, што яна не рабіла сюжэт для тэлеканалу «Белсат». Яна прызнала, што сапраўды была ў будынку Чырвонага Крыжа ў Гомелі ў момант візіту Жана Іва Бушардзі, але яе мэта была – пазнаёміцца з уцекачамі з Украіны і пры магчымасці зрабіць сюжэт пра іх жыццё ў Беларусі. Па словах фрылансера, яна здымала некалькі хвілін відэа, але потым выпадкова выдаліла яго з флэш-карты і не змагла нідзе скарыстаць дадзеныя здымкі. Пры праглядзе ў судзе сюжэту тэлеканала «Белсат» на кадрах была бачна Ларыса Шчыракова. «Высокі суд, як такое магчыма, каб я здымала сюжэт – і сама была ў кадры?», - задала пытанне без адказу фрылансер.
Яна падала шэраг хадайніцтваў: аб выкліку ў суд сведак, аб выкліку экспертаў, якія маглі б даць тлумачэнні наконт гуку ў сюжэце телеканалу, аб выкліку міліцыянераў, якія падалі рапарт аб складанні пратаколу. Але марна – усе хадайніцтвы суддзя Піскуноў адхіліў. Ён жа адхіліў хадайніцтва аб адводзе суддзі, калі Ларыса Шчыракова папрасіла гэта зрабіць, выказаўшы суддзю недавер за адхіленне хадайнцтваў. «Склалася ўражанне, што суддзя не мае намеру справядліва і аб'ектыўна разабрацца ў справе, калі адхіляе ўсе хадайніцтвы», - заўважыла фрылансер.
Суддзя Піскуноў вынес рашэнне: пакараць і Кастуся Жукоўскага, і Ларысу Шчыракову штрафам у памеры 35 базавых велічынь кожнага.
«У мяне няма слоў. Гэта поўнае прававое бязмежжа. Раней мяне судзілі за працу без акрэдытацыі, але тады хоць нейкія фармальнасці былі выкананыя – напрыклад, сведкі давалі паказанні, што я сапраўды брала ў іх інтэрв'ю. У дадзеным выпадку нават сведка сказала, што я не брала ў яе інтэрв'ю, я не рабіла ніякі сюжэт – але ўсё роўна мяне пакаралі штрафам за тое, што не рабіла. Гэта больш, чым прававое бязмежжа», - пракаментавала Ларыса Шчыракова.
Праваабаронца Леанід Судаленка заўважыў, што ніхто з прадстаўнікоў улады ці міліцыі не сцвярджае, што звесткі, пададзеныя ў сюжэтах – непраўдзівыя, усе гавораць толькі адно: фрылансеры не маюць права здымаць відэа.
Нагадаем, і Кастусь Жукоўскі, І Ларыса Шчыракова шмат разоў караліся штрафамі па артыкуле 22.9 КаАП за прафесійную дзейнасць. Кастусь Жукоўскі «зарабіў» ужо больш за 80 мільёнаў штрафаў, якія зараз з яго спаганяюць судовыя выканаўцы, пагражаючы пазбавіць яго маёмасці.
Фота з Фэйсбука Леаніда Судаленкі