viasna on patreon

Бялыніцкая раёнка супакойвае: парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства на рацэ Друць няма

2016 2016-04-15T13:17:14+0300 2016-04-15T13:18:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/druc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю” адрэагавала на шматлікія звароты чытачоў, якія занепакоены цяжкай экалагічнай сітуацыяй, што склалася з падтрыманнем належнага ўзроўню вады на рацэ Друць. Газета надрукавала на сваіх старонках матэрыял “Парушэнняў работы Цяцерынскай ГЭС не выяўлена” (№28 ад 13 красавіка 2016 г.), у якім начальнік Бялыніцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Віталь Бізуноў сцвярджае, што “на берагавой лініі ікры рыбы не выяўлена”.

Многія жыхары Бялыніцкага раёна лічаць зусім інакш, што і выклікала шматлікія звароты ў раённую газету. Яны сцвярджаюць, што ў выніку парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ад дзейнасці Цяцерынскай ГЭС узровень вады ў рацэ Друць перыядычна зніжаецца, у тым ліку і зараз, калі нерастуе рыба. На думку занепакоеных аматараў прыроды, такая заганная практыка адмоўна адбіваецца як на відавым, так і на колькасным складзе іхтэафаўны, паколькі ікра, аказаўшыся на вымушанай водмелі, гіне.

Начальнік Бялыніцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, былы начальнік Шклоўскага і Бялыніцкага РАУС Віталь Бізуноў прытрымліваецца іншай думкі. У сваім каментары ў газеце “Зара над Друццю” былы міліцыянт і сучасны ахоўнік прыроды сцвярджае, што падчас палявых кантрольных мерапрыемстваў, што доўжыліся на працягу 1-4 красавіка 2016 года, было праведзена абследванне берагавой лініі ракі Друць на тэрыторыі Бялыніцкага і Круглянскага раёна. На берагавой лініі ікры рыбы не выяўлена, як і не ўстаноўлена парушэнняў у працы Цяцерынскай ГЭС. У выпадку выяўлення гібелі ікры на берагавой лініі ракі Друць да Круглянскага РЭС будуць прынятыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння, адзначыў Віталь Бізуноў.

Бялыніцкія рыбакі пасля размяшчэння супакойваючага матэрыяла ў газеце “Зара над Друццю” адзначаюць, што яны не здзіўлены такой рэакцыяй з боку начальніка інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Заслужаны пенсіянер Віталь Бізуноў аддае перавагу не бачыць відавочнага, каб не псаваць адносіны з раённымі ўладамі Круглянскага і Бялыніцкага раёна.

Нагадаем, што пастаяннае ігнараванне патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплуатацыі гідраэлектрастанцыі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна даўно выклікае абурэнне ў жыхароў Бялыніцкага раёна. Бялынічане лічаць, што, у выніку непрадуманых дзеянняў пры эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС, перапад узроўню вады ў рацэ Друць на працягу дня часцяком складае больш за адзін метр. У выніку гэтага гіне расліннасць і іхтэафаўна, рака на тэрыторыі Бялыніцкага раёна паступова ператвараецца ў балота. Рацэ Друць наносіцца велізарныя экалагічныя страты, якія цяжка падлічыць. Адпаведныя прыродаахоўныя органы і арганізацыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў чамусьці не звяртаюць на гэта ніякай увагі, хоць кантроль за станам навакольнага асяроддзя і выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства – іх непасрэдны абавязак.

Ніякіх мер па выпраўленню існуючай сітуацыі не прымаюць і органы выканаўчай улады Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў, нягледзячы на тое, што неабыякавыя грамадзяне неаднаразова ўздымалі перад імі пытанне аб захаванні флоры і фаўны ракі Друць, накіроўвалі адпаведныя калектыўныя звароты грамадзян у розныя інстанцыі. Аматары захавання навакольнага асяроддзя таксама звярталіся за дапамогай і да дэпутатаў Бялыніцкага раёнага Савета дэпутатаў, аднак “народныя абраннікі” аддзелваліся агульнымі абяцаннямі аказаць дапамогу ў вырашэнні праблемы, але ў хуткім часе пра свае “абяцанкі” ужо не ўзгадвалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства