Магілёўскія ўлады перадумалі – дазвол на пікет незалежнаму прафсаюзу скасаваны
Пра гэта паведаміў актывіст Свабоднага прафсаюза металістаў Алесь Сердзюкоў.
- Некалькі дзён таму мне з гарвыканкаму прыйшоў ліст, што нібыта там паспяшаліся са сваім рашэннем. Для таго, каб гарвыканкам даў дазвол, спачатку трэба было заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі. У сувязі з тым, што ў нас гэтых дамоў не было, адпаведна, гарвыканкам не дазваляе пікет, - гаворыць прафсаюзны актывіст.
Нагадаем, што каля тыдня таму Алесь Сердзюкоў атрымаў ліст, у якім яму Магілёўскі гарвыканкам дазваляў правядзенне пікета каля былога Палацу культуры завода штучнага валакна імя Куйбышава. Заставалася толькі заключыць дамовы на абслугоўванне пікета з адпаведнымі службамі.
Паводле заяўкі пікет мусіў быў адбыцца 2 красавіка і быць прысвечаным 25-годдзю масавых выступленняў рабочых Беларусі, а таксама выказванню пратэсту супраць пагаршэння правоў працоўных, росту тарыфаў ЖКГ, павышэнню пенсійнага ўзросту, а таксама высокага ўзроўню беспрацоўя.
Заяўнікамі пікета выступілі актывісты прафсаюза Сердзюкоў, Заўялаў, Зюзін.