У ААТ “Крычаўцаменташыфер” вызначылі, якую прэсу павінны чытаць працаўнікі (дакумент)
У рукі журналістаў незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” патрапіла распараджэнне адміністрацыі ААТ “Крычаўцаменташыфер”, у якім начальніку аднаго з падраздзяленняў прадпрыемства даводзіцца заданне па арганізацыі падпіскі на дзяржаўныя выданні.
У прыватнасці, распараджэннем вызначана, што работнікі павінны падпісацца на 1 паўгоддзе 2016 г. на “кантралюемые дзяржаўныя выданні” – газеты “Знамя юности”, “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Магілёўскія ведамасці” і “Крычаўскае жыццё”. Таксама ў распараджэнні даводзяцца канкрэтныя лічбы, колькі экзэмпляраў таго альбо іншага выдання павінна быць выпісана працаўнікамі.
Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны адзначае, што распараджэнне адміністрацыі ААТ “Крычаўцэменташыфер” патрапіла да журналістаў з надзейных крыніц.
“Асабіста для мяне ў гэтым распараджэнні ключавое слова “кантралюемыя”, - каментуе распараджэнне адміністрацыі ААТ “Крычаўцаменташыфер” магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. – У гэтым уся яго сутнасць – з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу навязаць працаўнікам дзяржпрадпрыемстваў кантралюемыя перыядычныя выданні! А гэта азначае, што пералічаныя выданні ўжо не з’яўляюцца СМІ (сродкамі масавай інфармацыі), а ў сапраўднасці з’яўляюцца СМП (сродкамі масавай прапаганды), т. ё. сродкам навязвання грамадзянам Беларусі ідэалогіі адной сацыяльнай правячай групы. А гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра грубае парушэнне прамых забаронаў Канстытуцыі РБ: арт. 4, у якім кажацца, што “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”; арт. 33, у якім дакладна сцвярджаецца, што “Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”.