У Беларусі пачынаецца падрыхтоўка Нулявой справаздачы аб выкананні Канвенцыі аб правах інвалідаў
У Міжнародны дзень інвалідаў - 3 снежня - Офіс па правах людзей з інваліднасцю паведамляе пра намер шэрагу грамадскіх арганізацый абвясціць Мемарандум аб супрацоўніцтве ў мэтах падрыхтоўкі альтэрнатыўнай Нулявой справаздачы аб стане правоў людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь.
Як адзначае каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, упершыню для Беларусі Міжнародны дзень інвалідаў - знакавы. Бо ў гэтым годзе краіна падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў, да чаго рыхтавалася некалькі гадоў.
- Падпісанне - важны крок, які кажа пра тое, што краіна павінна ўстрымлівацца ад стварэння нормаў, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага дакумента, - каментуе юрыст.
- Мы чакаем ад урада другога кроку - ратыфікацыі - што будзе спрыяць практычнаму выкарыстанню нормаў канвенцыі ў дзяржаўнай палітыцы, пры падрыхтоўцы тэматычных дзяржпраграм, мясцовых павестак.
Цяпер самы час пачаць адлік, зафіксаваўшы сітуацыю у сферы інваліднасці на момант падпісання Канвенцыі аб правах інвалідаў. Офіс па правах людзей з інваліднасцю ініцыяваў падрыхтоўку альтэрнатыўнай (рыхтуецца грамадскімі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю) справаздачы, якая будзе аналагічнай планавайсправаздачы ў Камітэт па правах інвалідаў ААН. Ва ўрада пакуль няма абавязацельстваў рыхтаваць афіцыйную справаздачу, гэта прыйдзецца рабіць толькі пасля ратыфікацыі міжнароднага дакумента: спачатку праз два гады, пасля - кожныя чатыры.
- Такія міжнародныя справаздачы - гэта міжнародная норма. Па выніках справаздач краіне могуць давацца рэкамендацыі, што і як палепшыць у пэўнай сферы, - тлумачыць Сяргей Драздоўскі. - Дзяржаўныя справаздачы павінны ілюстраваць прагрэс у рэалізацыі прынцыпаў канвенцыі. Мы мяркуем, што альтэрнатыўная Нулявая справаздача дапаможа зафіксаваць сітуацыю і стане «нулявым узроўнем» для ацэнкі прагрэсу.
Нулявая справаздача дапаможа таксама зрабіць «рэвізію» заканадаўчых дакументаў і практык, якія рэгулююць сферу сацыяльных гарантый, пазначыць, што сёння ў Беларусі робіцца, якія механізмы выкарыстоўваюцца. Такая «рэвізія» дазволіць застрахавацца ад магчымага зніжэння ўзроўню сацыяльнай абароны для асоб з інваліднасцю пры магчымых рэформах.
Спецыяліст лічыць, што дзеянні па падрыхтоўцы Нулявой справаздачы павінны быць калегіяльнымі. Гэта дапаможа найбольш поўна адлюстраваць існуючую сітуацыю, праілюстраваць праблемы розных відаў інваліднасці.
- Зрабіць гэта сіламі адной арганізацыі вельмі складана, ды і гэта не дасць ўсебаковага разгляду сітуацыі, - каментуе ён.
- Падрыхтоўку справаздачы мы бачым таксама як магчымасць для плённага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. На дадзены момант шэсць арганізацый пагадзіліся далучыцца да ініцыятывы.
Зараз адкрыты Мемарандум для далучэння да працэсу. Ён носіць добраахвотны характар: гэта значыць, што любая арганізацыя, якая адчувае гатоўнасць, у любы момант можа далучыцца, а можа сапраўды гэтак жа і выйсці з працэсу падрыхтоўкі альтэрнатыўнай справаздачы.
Намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання «БелТІЗ» Міхаіл Антоненка пацвердзіў гатоўнасць далучыцца да працэсу.
- Мы дамо ўсю неабходную інфармацыю аб праблемным поле ў сваёй сферы - «знутры» ведаем, як жывецца чалавеку, які мае інваліднасць па зроку, - кажа ён. - З гатоўнасцю далучаемся да падрыхтоўкі Нулявой справаздачы.
Акрамя ГА "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», далучыліся таксама ГА «Беларускае таварыства інвалідаў», ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам", ГА "Беларускае таварыства глухіх", ГА "Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў».
Плануецца, што альтэрнатыўная Нулявая справаздача будзе агучаная 5 мая 2016 года - у Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў і супраць дыскрымінацыі.