viasna on patreon

Ігар Аліневіч: Турма – не нагода, каб здавацца і адракацца ад сябе

2015 2015-11-05T16:27:03+0300 2015-11-05T16:27:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ihar_alinevich.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Былы палітвязень Ігар АЛІНЕВІЧ распавядае сайту palitviazni.info пра фарміраванне свайго светапогляду і тое, як стаў анархістам, пра сваю крымінальную справу, жыццё за кратамі і пасля вызвалення.

У пошуках індывідуальнай свабоды

– Мае школьныя гады прыйшліся на сярэдзіну 90-х, – пачынае Ігар. – Гэта быў час, калі людзі ўсё яшчэ памяталі савецкую рэчаіснасць, але аптымізм перабудовы ўжо прайшоў. У настроях, светапоглядах людзей назіраўся нейкі тупік. Ідыялогія спажывальніцтва выціскала старую мараль. Не было нейкіх безумоўных аўтарытэтаў. З дзяцінства маці ў мяне фарміравала дастаткова шырокі светапогляд. Прыносіла з бібліятэкі кнігі па гісторыі, Джэка Лондана, фантастыку… Сачыла, каб я прачытваў школьную праграму. А ў старэйшых класах я адчуў, што падручнікі па гісторыі і грамадствазнаўству вельмі слабыя. Я прачытваў іх за некалькі дзён і ізноў вяртаўся да сваіх энцыклапедый. Бо бацька вучыў мяне патрабаваць ад сябе нават больш, чым можаш, не шкадаваць сябе…

– У чым сябе вы, скажам так, знаходзілі?

– У той час, як і многія мае аднагодкі, – у нефармальных субкультурах. Метал, панк-рок, “Нірвана”… Сярод савецкай маралі, якая ўжо аджывала свой век, сярод спажывальніцтва і канфармізма мы шукалі брацтва і свабоднага самавыяўленне асобы. Ужо тады індывідуальная свабода, справядлівасць у адносінах да іншых людзей, мірнае суіснаванне сталі для майго круга сябраў аксіёмамі. Праўда, гэтыя прынцыпы не знаходзілі паразумення ў “гопнікаў” з іншага раёна. І тады я зразумеў раз і назаўсёды – за права быць сабой трэба біцца. Дарэчы, глытком свабоднага паветра былі для мяне і пратэсты апазіцыі. Памятаю, што тады яны на самай справе былі шматлікія, на акцыі прыходзілі дзесяткі тысяч людзей. На жаль, я заспеў той час, калі яны з кожным годам станавіліся ўсё меншымі і меншымі па колькасці. Міліцыя ўзмацняла рэпрэсіі, людзей збіваў АМАП…

– У свой час вы ўступілі у “Малады Фронт”…

– Я ўступіў ў 16 гадоў, але быў там непрацяглы час. Маляваў графіці, вывешваў сцягі… Чым бліжэй я знаёміўся з разуменнем свабоды ў апазіцыі, тым больш адчуваў, што яно няпоўнае. Мяне адштурхоўваў нацыяналізм, які часам набываў шавіністычныя формы. Адным словам, усё ішло да фарміравання маіх анархісцкіх поглядаў. Дарэчы, цікавасць да анархізму праявілася сама, без нечай дапамогі. Магчыма, крыху пад уплывам рамана Тургенева “Бацькі і дзеці”. У 11-м класе на экзамене па гісторыі замест пытанняў з білетамі я абараняў рэферат “Нестар Махно: бандыт ці народны герой?” Нават тады, у 2001-м, гэта была “бомба”! Савецкі дух са школы выходзіў марудна. Я з дзяцінства любіў камп’ютары і матэматыку, хацеў стаць інжынерам, паступіў у радыётыхнічны інстытут. Але, шчыра скажу, вучоба ніколі мяне не вабіла. Было зразумела, што нікому асабліва пасля заканчэння вучэбных устаноў мы не будзем патрэбны. Таму я насамрэч захапіўся дзейнасцю на ніве анархізму. Знайшоў паплечнікаў, мы выдавалі часопіс, распаўсюджвалі перыёдыку і рабілі ксеракопіі артыкулаў з Інтэрнэту. Больш за ўсё часу адводзілася на антыфашызм. Тады ў Мінску і па ўсёй краіне ішла сапраўдная вайна з неанацыстамі. Яны нападалі на клубы, дзе праходзілі субкультныя канцэрты, мы ж стараліся гэтага не дапусціць. У хуткім часе супрацьстаянне выйшла на вуліцы, кожны тыдзень адбываліся сутычкі.

Другім маім захапленнем стала ролевае мадэліраванне. Гэта нешта сярэдняе паміж гістарычнай рэканструкцыяй і інтэрактыўным тэатрам. Сцэнар – імправізаваны. Ёсць толькі нейкія ўводныя звесткі і механіка ўзаемадзеяння. Пазней прапагандысты БТ кадры з адной такой гульні выдалі за патаемныя сходы анархістаў.

“Усю гісторыю анархістаў адпраўляюць за краты…”

— Пасля інстытута вам давялося папрацаваць на круізным лайнеры. Якія былі ўражанні?

— Так, я ўладкаваўся на працу на круізны лайнер кампаніі Carnival у Карыбскім моры, і, на сваё здзіўленне, убачыў, што там сістэма эксплуатацыі людзей нічым не лепшая, чым у нас. Праз сем месяцаў я паспрабаваў падняць рабочых у пагрузачны дзень на забастоўку, але безпаспяхова. Мяне звольнілі і пад канвоем (!) адправілі ў аэрапорт. Адным словам, закуліссе заходняга жыццё давялося ўбачыць таксама. Калі ж вярнуўся дадому, уладкаваўся па спецыяльнасці. Тры гады працаваў у невялікай фірме па праектаванню мікраэлектронікі. Пасля – у ААТ “Пеленг”, праектаваў друкаваныя платы для касмічных спутнікаў. Мне вельмі падабалася работа, але ў той жа час я бачыў, што з кожным годам краіна апускаецца ў дыктатуру ўсё больш і больш. Ніякія грошы і камфорт не заставілі б мяне заплюшчыць на гэта вочы. І я з галавой акунуўся ў анархічную дзейнасць. Мы спрабавалі раскачаць рабочых МАЗа, іншых прадпрыемстваў. Тады ўсё і пачыналася…

– Вам падабаецца Бакунін ці той жа Крапоткін?

– Разумееце, філасофія асабістай свабоды сама па сабе недастатковая. Мая першая кніга Крапоткіна – “Этыка”. У ёй прааналізаваны ўсе этычныя вучэнні з часоў антычнасці і даказваецца, што маральнасць даецца чалавеку ад прыроды, а не зверху. З таго часу я лічу, што рухаючай сілай асобы з’яўляюцца маральна-духоўныя прынцыпы. Прага да пазнання і творчасці. Зрэшты, прынцыпы анархізма – тэма для асобнай размовы. Але хачу сказаць, што ўсю гісторыю анархістаў саджалі. І не столькі за бомбы, колькі за прапаганду.

– Памятаеце дзень, калі вас арыштавалі?

– Найперш хачу сказаць, што да арышту я быў падрыхтаваны. Чытаў дапаможнікі, як сябе весці пры гэтым, цікавіўся, якія метадамі карыстаюцца следчыя пры допытах. Хоць, шчыра прызнаюся, да апошняга не верылася, што гэта можа здарыцца са мной. Нават у Маскву мы з Дзмітрыем Дубоўскім з’язджалі ўсяго на месяц-паўтары. Жылі там, ні ад каго не хаваліся… Было шокам даведацца, што нам прад’яўлена абвіначванне. Пасля быў наш захоп на адной з маскоўскіх кватэр. Зараз, калі я добра разабраўся з усім гэтым карніцкім механізмам, здзіўляюся, што яшчэ так доўга на волі прабыў. Зрэшты, я ўжо тады ведаў, што турма – не нагода, каб здавацца і адракацца ад сябе.

– Вас асудзілі на 8 гадоў зняволення. Як успрынялі такі жорсткі прысуд?

– Памятаю, што вельмі хваляваўся, пакуль чакаў суда. Але не быў такім наіўным хлапчуком, каб верыць, што мне могуць даць умоўны тэрмін. Па-першае, я адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ па стварэнні “ліпавай” арганізацыі. Па-другое, перад заканчэннем следства мне прад’явілі дадаткова абвінавачванне па арт.3 ч.218 “Пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры”. Там тэрміны зняволення стартавалі з 7 гадоў. Я разумеў, што артыкул дадалі не проста так, а каб даць паболей. Па-трэцяе, за тыдзень да майго суда асудзілі іншых апазіцыянераў і бабруйскіх анархістаў. Жорсткія прысуды знялі ўсе пытанні. Сукамернік, дарэчы, меркаваў, што мне дадуць 8 гадоў – так і атрымалася. Зрэшты, калі суддзя чытала рашэнне, я думаў толькі аб адным – каб усё хутчэй закончылася, і мяне павезлі ў лагер. Зараз гэта падаецца некалькі сентыментальным, але зона прымушае стрымана прымаць удары і падарункі лёсу.

“Прыстойным трэба быць і на волі, і на зоне”

– Вы сказалі, што былі падрыхтаваны да таго прысуду, што вам вынеслі. А да турэмнага жыцця?

– Там я зразумеў, што права ў турме практычна адсутнічае. Турэмшчыкі па законе могуць цябе пазбавіць усяго. Натуральна, гэта дзікунства, што ў 21 стагоддзі чалавека могуць абмежаваць у ежы, як сабаку Паўлава. Альбо людзі мерзлі, таму што не дазвалялі ваўняны швэдар. Спартыўнае адзенне даводзілася хаваць пад робай. Спатканняў з блізкімі пазбаўлялі ў “выхаваўчых” мэтах. Па логіцы турэмшчыкаў, чалавек павінен стаць больш гуманным, калі ён не ўбачыць маці. Медыцынскае абслугоўванне – ніякае. Па законе ў зэка не можа быць нават сваіх маленькіх нажніц. Маўляў, трэба карыстацца калектыўнымі. У лагеры пастаянна падкрэсліваецца, што асуджаны – ніхто. І гэты ніхто павінен на аўтамаце выконваць усе каманды і не пратэставаць. Таму нічога дзіўнага няма, што пасля выхаду на волю многія ізноў трапляюць за краты. Беларуская пенітэнцыярная сістэма робіць усё, каб назаўсёды зламаць чалавека, каб ён ніколі ўжо не адчуў сябе нармальным. “Стукачы” і іншыя памочнікі турэмшчыкаў – вось гэта ў іх уяўленні і ёсць ідэальныя асуджаныя.

– Многія палітвязні распавядалі, што да “палітычных” за кратамі з боку адміністрацыі асаблівае стаўленне…

– Па-першае, у турме не мае значэння, хто ты – асуджаны па крымінальнай справе, бытавой, эканамічнай, палітычнай… У тым плане, што там немагчыма прыкінуцца “крутым”, любую фальшыўку хутка высвятляць. Але для многіх зняволеных палітвязні – гэта нешта новае, нязведанае. Не больш за тое. І, калі “палітычны” здолее паказаць сябе з нармальнага боку, то будзе яму і спачуванне, і дапамога. На не, як кажуць, і суда няма. А ўвогуле, у кожнага чалавека за кратамі – свая ўласная трагедыя, і гора палітвязня нічым не большае, чым гора звычайнага зэка. Напрыклад, у ВК-3 аднаго маладога “блатнога” трымалі ў карцары 3 месяцы. Патрабавалі, каб ён падпісаў неабходныя паперы.

– Карцар для вас, напэўна, асобная тэма?

– Адразу скажу, што ў кодэксе не прапісана, за якія менавіта парушэнні асуджанага могуць накіраваць у карцар (ШІЗА). Усё ў руках адміністрацыі. Звычайна рашэнне аб змяшчэнне ў карцар прымаецца зараней, а затым ужо шукаюць парушэнне. А адміністратыўная камісія – проста фарс. Таму на камісію (“хрысціны”) я звычайна ўжо ішоў з усім, што спатрэбіцца ў карцары.

– За што маглі адправіць у ШІЗА?

– Звычайная тактыка для фабрыкацыі парушэння – патрабаванне навесці парадак на аб’екце, якія замацаваны за “пакрыўджанымі”. Звычайны асуджаны не мае права гэтага рабіць, бо аўтаматычна патрапіць у тую ж касту. У рапарце ж указваецца, што чалавек адмовіўся прыбіраць звычайны “мужыцкі” ўчастак. Так адміністрацыя выкарыстоўвае нефармальныя паняцці ў сваіх рэпрэсіўных мэтах. Таксама маглі падкінуць забароненыя прадметы ў сумку ці на “шконку”. Здаралася, што проста складалі “ліпавы” акт аб быццам бы меўшым месца парушэнні лакальнага ўчастка атрада. А як дакажаш, што такога не было?

Спачатку пераносіў ШІЗА, сцяўшы зубы ад холада, а пасля прызвычаіўся ды навучыўся розным мудрасцям захавання цяпла. Кожны дзень рабіў гімнастыку, займаўся спортам. Стараўся хадзіць з ранку да вечара, гадзінамі разбіраючы ў галаве нейкае пытанне. Добры метад, каб інтылектуальна паглыбіцца ў праблему. Потым я запісваў тэзісы сваіх роздумаў схаваным алоўкам. Яшчэ спяваў у карцары песні і чытаў вершы вязняў турмы. Дарэчы, калі ў лагер прывозяць “блатных”, то іх у “зону” не выпускаюць, а трымаюць у карцарах ды ПКТ. Так яны і пакутуюць за сваю ідэю. І жывуць так гадамі. Губляюць здароўе, але на калені не становяцца. Таксама прыклад мужнасці!

– А прыслужнікаў у турэмшчыкаў хапала?

– Хапала тых, хто гатовы быў выканаць любы загад начальства. Толькі ж гэта таксама не так проста. Сексот не жадае, каб яго раскрылі, бо “мужыкі” маглі і расправу ўчыніць. Зрэшты, як ужо казаў, калі захоўваць прыстойнасць, то ў турме правакацыі можна было выключыць. Людзі не такое ўжо і быдла, як іх часам стараюцца паказаць.

“Я верыў у сілу слова…”

– Вы занатоўвалі тое, што бачылі?

– Увесь тэрмін мяне пастаянна мучала тая акалічнасць, што я, валодаючы вялікай падтрымкай з волі, не асвятляю становішча людзей за кратамі. Але я вырашыў дзейнічаць… Пісаць у бараку было няпроста. Пасля публікацыі кнігі і лістоў мае запісы перыядычна забіралі на праверку, абшуквалі рэчы. Я пісаў вялікую афіцыйную скаргу на ўмовы ўтрымання. Рабіў гэта максімальна адкрыта, раскладваў кодэксы вакол сябе, цікавіўся ў зняволеных, што іх хвалюе. На самай справе выкарыстаў гэтую скаргу для напісання артыкула. Калі ліст быў напісаны, яго згадзіўся вынесці на волю малавядомы мне арыштант, якога прынята лічыць “крымінальнікам”. Дарэчы, лагерны вопыт паказаў, што менавіта такія людзі аказваюцца больш шчырымі. І той хлопец слова стрымаў, вынес ліст і перадаў адрасату.

– Як стваралася кніга “Еду на Майдан”?

– Першую старонку (сцэна выкрадання мяне ў Маскве беларускімі спецслужбамі і дазнанне) я запісаў у СІЗА КДБ. Маім сукамернікам аказаўся Аляксандр Фядута. Ён пісаў уласныя ўспаміны і патлумачыў мне некаторыя нюансы пісьменніцкай справы. Працягваў гэтую справу я ўжо пасля суда, калі этапіравалі ў наваполацкі лагер.

Безумоўна, я амаль нікому не казаў пра тое, што пішу кнігу, бо “стукачоў”, як ужо казаў, хапала. На шчасце, некалькі месяцаў адміністрацыя не ведала, што са мной рабіць, бо на той момант праваабарончыя арганізацыі не прызнавалі мяне і іншых анархістаў палітвязнямі. Суадносна і з боку турэмшчыкаў увага да мяне была невялікая. І вясной 2012 году кніга была напісана. Адзін добры чалавек пасля свайго вызвалення вынес яе разам са сваімі шматлікімі, але безвыніковымі абскарджваннямі прысуда. Мая маці надрукавала тэкст, праўда, выкрасліла некаторыя спрэчныя моманты. А далей ужо сябры-анархісты выклалі кнігу на вэб-рэсурсах і надрукавалі невялікі тыраж.

– Чаму вы вырашылі яе напісаць?

– Калі нас “прэсавалі” ў “амерыканцы”, то выдавалі гэта за “рэжымныя мерапрыемствы”. Далікатныя фармуліроўкі хавалі за сваёй сапраўднай мэтай – зламаць цябе, як асобу, зламаць тваю волю. Але я верыў у сілу слова. Ілганне – цемра, праўда – свет. Дарэчы, калі вызваліўся, то быў непрыемна ўражаны, што толькі адзінкі палітвязняў распавялі хоць нешта падрабязнае пра тое, што адбываецца за кратамі.

“Праз пяць гадоў я не пазнаў грамадства…”

– Нешта станоўчае вынеслі з турмаў?

– Там у мяне адбылося шмат знаёмстваў з досыць цікавымі людзьмі, якія паказалі мне некаторае закуліссе грамадскага жыцця. Дзе яшчэ можна сустрэць столькі былых “мянтоў”, суддзяў, чыноўнікаў, бізнесменаў, работнікаў навукі і бандытаў? Я ўбачыў, якое гніллё ў нашай уладзе, убачыў, што там творыцца. Уся павязаны, хто не павязаны – у турме. Крымінал сціпла стаіць у баку ў параўнанні з тым, што творыць улада. Калі я даведаўся пры тысячы гісторый, то мая стала толькі адной з мноства. Так што матэрыяла для кнігі хапала.

– Ігар, як адбывалася ваша вызваленне?

– Напярэдадні вызвалення мяне збіраліся закрыць у ПКТ. А адтуль праз некалькі месяцаў этапіраваць на “крытую”. Але замест гэтага агалосілі акт аб памілаванні і адвезлі на віцебскі аўтавакзал. Трэба сказаць, што асаблівых адчуванняў пры гэтым не ўзнікала. Зусім іншае, калі трапляеш у турму. Вось дзе фантан эмоцый! Зона робіць чалавека скептыкам. Пакуль я не абняў бацькоў і сястру, не верылася, што гэта на самай справе адбываецца са мной.

– Ці змянілася краіна і грамадства за той час, што вы былі за кратамі?

– Шчыра скажу – праз пяць гадоў я не пазнаў грамадства. Зусім іншы свет. Нейкі чужы, да яго няма цеплыні. Адзіную сувязь адчуваеш з тымі людзьмі, якія былі маральна побач увесь час з табой. Без гэтай салідарнасці не было б ніякага вызвалення. Вызваленне палітвязняў – маральная перамога і тых людзей, якія за нас змагаліся.

palitviazni.info

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Ігар АЛІНЕВІЧ. Нарадзіўся 24 верасня 1983 г. Спецыяліст па радыёэлектроніцы. Працаваў у НПА «Пеленг», удзельнічаў у стварэнні расійска-беларускага спадарожніка.

28 лістапада 2010 года Аліневіч быў гвалтоўна выкрадзены беларускімі спецслужбамі ў Маскве і змешчаны ў «амерыканку».

Асуджаны 27мая2011 году па справе анархістаў разам з Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Атрымаў найбольшы тэрмін8 гадоў пазбаўлення волі. Аліневіча абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця каля Генэральнага штабу 19 верасня 2009 году; нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 снежня 2009 году; падпале дзвярэй філіялу Беларусбанку 31мая2010 году; нападзе на расійскую амбасаду 30 жніўня 2010 году; нападзе на турму на Акрэсціна 6 верасня 2010 году.

22 жніўня 2015 года ў ліку шасці паітвязняў вызвалены па рашэнні кіраўніка краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства