viasna on patreon

Мінадукацыі лічыць, што ў краіне існуюць шырокія магчымасці для вывучэння беларускай мовы

2015 2015-07-10T10:32:51+0300 2015-07-10T10:33:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minist-adukacija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каментуючы даклад салігорскіх прадстаўнікоў Беларускага Хельсінкскага Камітэту аб выкананні правоў беларускамоўных грамадзян у рэгіёне, Міністэрства адукацыі прыйшло да высновы аб існаванні ў Беларусі шырокіх магчымасцяў па вывучэнні беларускай мовы і карыстанні ёй ва ўсіх сферах зносін. Такую рэакцыю міністэрскіх чыноўнікаў на несуцяшальныя вынікі свайго маніторынгу мясцовыя праваабаронцы называць спробай сыйсці ад рэальнасці.

У лісце за подпісам намесніцы міністра Раісы Сідарэнкі на двух старонках распавядаецца аб не надта вялікіх дасягненнях на ніве беларусізацыі ва ўстановах адукацыі. Гаворыцца аб аднолькавай колькасці гадзін на вывучэнне прадметаў “Беларуская мова” і “Русский язык” у школах, пра магчымасць здаваць тэсты на рускай або беларускай мове падчас цэнтральнага тэставання ды пра існаванне ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах курсу “Беларуская мова - прафесійная лексіка”.

- На вялікі жаль, намесніца міністра ніводнага сказу не напісала аб шляхах вырашэння ўзнятых намі і рэальна існуючых праблем у адукацыйнай сферы. Вывучэнне беларускай мовы як нейкай замежнай у цалкам зрусіфікаваных установах адукацыі не можа замяніць паўнавартаснага беларускамоўнага навучання. У нашым рэгіёне 63% насельніцтва вызнае сваёй роднай мовай беларускую, а 28% жыхароў Салігорскага раёна размаўляе дома па-беларуску. Як магчыма, што пры такой афіцыйнай статыстыцы ў горадзе Салігорску, дзе пражывае болей дзьвюх трацін ад усяго насельніцтва раёна, няма ніводнага беларускамоўнага дзіцячага садка ці хоць бы групы, няма ніводнай беларускамоўнай школы ці нават аднаго беларускамоўнага класа. У такой сітуацыі з правамі беларускамоўных моўную пазіцыю Мінадукцыі адэкватнай аніяк не назавеш, а спасылкі на аднолькавую колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моваў пры цалкам рускамоўным адукцыйным працэсе ўвогуле лічу спробай сыйсці ад існуючай у рэгіёне і ўсёй краіне рэчаіснасці, - кажа прадстаўнік БХК у беларускай сталіцы шахцёраў Леанід Мархотка.

Зрэшты, сыходзячы з практыкі падобных маніторынгаў, праваабаронцы спадзяюцца, што, нягледзячы на афіцыйнае непрызнанне Міністэрствам адукацыі існуючай у краіне моўнай дыскрымінацыі, вынікі даклада ўсё ж такі будуць скарыстаныя чыноўнікамі для выпраўлення сітуацыі ў лепшы бок.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства