Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”:Незалежнага журналіста Алеся Ляўчука аштрафавалі на 50 базавых велічынь; Да палітвязня Мікалая Дзядка не пусцілі адваката; Быў зноў затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў ды іншыя навіны.
"Каментар эксперта": Жонка асуджанага Пятра Кучуры дамагаецца прызнаць факт яго катаванняў, але кампетэнтныя органы нахабна пераварочваюць факты з ног на галаву ў адпісках на скаргі - нібыта злачыннага інцыдэнту ў калоніі і не было. Людміла Кучура паведаміла, што яе мужу толькі цяпер і з вялікімі намаганнямі, праз папяровую валакіту, удалося атрымаць на рукі фармальныя адпіскі на свае скаргі.
"Падзея": Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый – Беларускага Хельсінскага Камітэта і Праваабарончага цэнтра “Вясна” распачалі грамадскую кампанію “Правааабаронцы за свабодныя выбары”. Яе мэта - правядзенне назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэння правоў чалавека падчас яго правядзення з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і высновах праведзенага маніторынгу.
Госць рубрыкі "Асоба" - праваабаронца Наста Лойка, якая знаходзілася з візітам ў Арменіі, дзе дапамагала апытваць людзей, што пацярпелі падчас разгону мірнай дэманстрацыі 23 чэрвеня.
У музычных паўзах - кампазіцыі польскага гурта Paprika Korps.