Віцебскія актывісты патрабуюць даследвання месцаў невядомых пахаванняў (фота)
Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і яшчэ некалькі актывістаў ужо другі раз звяртаюцца ў Следчы камітэт па фактах знаходак чалавечых парэшткаў. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле адбываліся сталінскія расстрэлы, але дагэтуль ніхто не даследваў, чые парэшткі дагэтуль ляжаць непахаваныя.
Чалавечыя косткі, чарапы, фрагменты адзення і абутку віцебскія актывісты ўбачылі ў неглыбокай яміне на ўскрайку леса, распавядае сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў: "Першы раз мы ўбачылі ў гэтым лесе чалавечыя парэшткі яшчэ ў лістападзе мінулага года. Напісалі заявы ў Следчы камітэт, пракуратуру і міліцыю. Вырашылі, што варта хоць неяк ушанаваць памяць загінуўшых, хто б яны ні былі. Тым больш, што мясцовыя жыхары сведчаць пра расстрэлы ў гэтых лясах, якія адбываліся напрыканцы 1930-х гадоў. Таму мы паставілі тут некалькі сімвалічных крыжоў, зрабілі імправізаваную брацкую магілу. І сёлета прыехалі ўжо, каб прыбраць гэтае месца ад смецця. Але ўбачылі, што ў адной яме нібыта зроблены свежы раскоп і побач – складзеныя ў кучкі чалавечыя косткі".
Костак было шмат, а яшчэ тут жа ляжалі некалькі чарапоў і фрагменты абутку і адзення, дадае віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда:
"У мяне няма сумневаў, што гэта чалавечыя косткі, і што гэта парэшткі некалькі дзясяткаў людзей. Косткі ляжалі, прыкрытыя веццем. Яшчэ колькі костак вытаркаліся проста з зямлі. Мы перагледзелі тое, што захавалася ад абутку. На падэшвах штэмпелі, дзе пазначаны год: 1936, 1937, 1938. Парэшткі мы сфатаграфавалі і пакінулі ў тым самым месцы, дзе і знайшлі. Эксперты і адмыслоўцы мусяць неадкладна пачаць разбірацца, што гэта за пахаванне!"
Час вырабу абутку яшчэ раз пераканаў актывістаў у тым, што тут могуць быць пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Пра тое, што недзе ў гэтым лесе расстрэльвалі людзей, згадваюць і старажылы. Больш таго: жыхары бліжэйшых вёсак некалькі гадоў таму звярталіся і да ўладаў, і да царквы, і ў міліцыю, каб парэшткі былі пахаваныя па-людску. Аднак ім сказалі "не савацца" ў гэтую справу.
Ніякай яснасці не прынес і зварот у Следчы камітэт, гаворыць Ян Дзяржаўцаў: "У лістападзе мінулага года мы напісалі заяву ў абласны Следчы камітэт. Як нам стала вядома, яе перадалі ў Следчы камітэт Віцебскага раёну. Нас апыталі пра знаходкі, праінфармавалі, што следчыя прыязжалі на тое месца і забралі парэшткі на экспертызу. Потым іх завезлі на экспертызу ў Мінск, а нам сказалі, што мы не з'яўляемся заяўнікамі па гэтай справе, таму больш нічога нам казаць не абавязаныя. З вялікімі цяжкасцямі ўдалося дамагчыся абяцання, што нам усё ж паведамяць пра вынікі экспертызы. Бо калі версія пра сталінскія расстрэлы пацвердзіцца, мы хочам, каб тут быў створаны сапраўдны мемарыял. Тым болей, што сёлета знайшліся яшчэ парэшткі невядомых ахвяраў".
Другая заява ў Следчы камітэт ужо пададзена – адразу ў абласную структуру, падкрэслівае Ян Дзяржаўцаў. Актывістаў не задавальняюць вынікі першага звароту. У прыватнасці, тое, што раённы Следчы камітэт вырашыў не распачынаць крымінальную справу па фактах знаходак і ўзнавіў праверку толькі пасля скаргі актывістаў. На думку спадара Дзяржаўцава, факты знаходак і паходжанне чалавечых парэшткаў знарок замоўчваецца, а гэта недаушчальна. Таму ён з сябрамі стварыў грамадскую ініцыятыву "Хайсы" – каб дамагацца публічнасці ў расследванні гэтай справы і годнага перапахавання парэшткаў загінулых.
Удзельнікі ініцыятывы зрабілі ўсе , што ад іх залежала на дадзены момант: прыбралі смецце каля крыжоў, усталяваных імі ў лесе каля вёскі Хайсы, усклалі да іх кветкі, памаліліся за супакоў душаў невядомых ахвяраў. І склалі чарговую заяву да тых, хто мусіць разабрацца ў гэтай справе паводле службовых абавязкаў.