Віцебскія актывісты дамагліся, каб іх перасталі ігнараваць у справе ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму
Сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву і ягоным аднадумцам з грамадзянскай ініцыятывы "Хайсы" гэта каштавала некалькі месяцаў перапіскі са Следчым камітэтам.
Упершыню яны звярнуліся ў Следчы камітэт, міліцыю і пракуратуру, калі ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна на ўласныя вочы ўбачылі непахаваныя чалавечыя парэшткі – косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Паводле мясцовых жыхароў, у 1930-я гады тут расстрэльвалі мірных грамадзян, і дагэтуль грыбнікі сутыкаюцца ў лесе з парэшткамі, якія так і застаюцца непахаваныя.
Яна Дзяржаўцава і іншых актывістаў, якія падпісалі заявы, апыталі ў Віцебскім раённым аддзеле Следчака камітэта. Парэшткі, якія змаглі сабраць, адмыслоўцы адвезлі на экспертызу. Ініцятараў, якія хацелі б належнага ўшанавання памяці загінулых, ад справы адхілілі: паведамілі, што звестак пра вынікі экспертызы, якія праводзіцца ў Мінску, ім не дадуць…
Адказ абурыў актывістаў, бо ўжо колькі гадоў гісторыя з чалавечымі парэшткамі замоўчваецца. Яшчэ ў 1990-я гады група мясцовых жыхароў звярталася ў міліцыю і сельсавет, каб у лесе навялі парадак і перазахавалі парэшткі. Але справа з месца не зрушылася.
"Мы не хочам, каб гэтая праблема замоўчвалася і цяпер, -- гаворыць Ян Дзяржаўцаў. – Раз мы яе ўзнялі, то цяпер ужо не кінем. Таму звярнуліся ў абласное ўпраўленне Следчага камітэта, што хочам ведаць пра вынікі праверкі, і што ставім пытанне пра перапахаванне парэшткаў па хрысціянскім абрадзе. Нарэшце атрымалі адказ, які адрозніваецца ад спробы "адмахнуцца" ад нас, як было ў перапісцы з раённымі следчымі".
У адказе з упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення Ігара Мяцеліцы гаворыцца: “Па выніках праверкі старшым следчым першага следчага аддзялення Віцебскага РА СК вынесеная пастанова пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на падставе п.2 ч.1 артыкулу 29 КПК Рэспублікі Беларусь”. Аднак упраўленне працэсуальнага кантролю СК адмяніла вышэйзгаданую пастанову, бо палічыла праверку недастаткова поўнай. І “матэрыял з указаннямі накіраваны начальніку Віцебскага РА СК для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі”. Намеснік начальніка ўпраўлення Ігар Мяцеліца абяцае, што актывістам абавязкова паведамяць пра вынікі праверкі, " у тым ліку і аб прыняцці рашэння пра пахаванне”.
Спадар Дзяржаўцаў і іншыя актывісты створанай нядаўна грамадзянскай ініцыятывы "Хайсы" лічаць, што недапушчальна, каб справа з чалавечымі парэшткамі, што некалькі дзесяцігодзьдзяў праляжалі ў лесе, зноў была "спушчана на тармазах". Пакуль вядзецца праверка, яны збіраюць подпісы пад лістом у Мазалаўскі сельсавет, каб улады далі дазвол на добраўпарадкаванне месца массавых расстрэлаў. Яны хацелі б высекчы хмызы і кустоўе на ўзлеску, усталяваць яшчэ некалькі памятных крыжоў і ўказальнік на шашы Віцебск-Гарадок. Таксама яны плануюць звярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам з просьбай стварыць у Віцебску помнік усім тутэйшым ахвярам сталінізму.