viasna on patreon

ГА «БАЖ» будзе абскарджваць дакумент, што абмяжоўвае фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў

2015 2015-03-20T15:59:00+0300 2015-03-20T15:59:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo.png

Журналісцкая арганізацыя атрымала афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў на свой ліст ад 4 сакавіка, у якім прасіла даслаць копію прававога акту аб забароне правядзення фота-відэаздымкаў адміністрацыйных будынкаў.

Адказ шмат у чым дублюе каментар начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанціна Шалькевіча дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

«Неабходна адзначыць, што ў апошні час у краіне мелі месца факты здымкі грамадзянамі, у тым ліку замежнымі, адміністрацыйных будынкаў з мэтай далейшай дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады. У асобных выпадках здымка суправаджалася хуліганскімі дзеяннямі», – гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі І. Кубракова.

«У гэтай сувязі органамі ўнутраных спраў прымаюцца неабходныя меры, накіраваныя на павышэнне пільнасці ў частцы прадухілення магчымых пагроз рознага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў. Пры гэтым гаворка не ідзе аб забароне відэа- ці фотаздымкі адміністрацыйных будынкаў, а выключна рэгулююцца дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Разам з тым, грамадзяне і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі павінны ведаць, што ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія нясуць службу па ахове правапарадку, ёсць законнае права высветліць, для якіх мэт ажыццяўляецца здымка. У выпадку ўзнікнення падазрэнняў на дачыненне грамадзяніна да правакацыйнай альбо іншай дзейнасці, якая пагражае грамадскай бяспецы, супрацоўнікі міліцыі маюць права дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дастаўляць грамадзяніна ў аддзел унутраных спраў і праводзіць».

І. Кубракоў называе шэраг нарматыўных дакументаў, якія, паводле МУС, даюць міліцыянтам права на праверку дакументаў і затрыманне грамадзян на тэрмін да 3 гадзін.  

“Такім чынам, адзначаем, што ўнутрыведамасныя дакументы, якія прымаюцца МУС у дадзеным накірунку, знаходзяцца ў рамках прававога поля і рэгулююць дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі. У сваю чаргу, прадастаўленне іх сродкам масавай інфармацыі абавязковым не з'яўляецца”, – піша І. Кубракоў.

Юрыст ГА “БАЖ”, намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Бастунец з такой высновай не згодны. Ён лічыць, што гэты дакумент наўпрост закранае правы грамадзян (пра што гавораць факты затрымання людзей з фотаапаратамі). Таму ён павінен быць выдадзены ў выглядзе нарматыўнага акту і даведзены да ўсеагульнага ведама праз апублікаванне.

“Цяпер мы абмяркоўваем далейшыя дзеянні па абскарджанні гэтага “ўнутрыведамаснага дакумента” ў той частцы, дзе ён тычыцца журналістаў і іншых грамадзян”, – зазначыў юрыст у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”.  

Нагадаем: 26 лютага супрацоўнік “Комсомольской правды” в Беларуси” Дзмітрый Ласько, які збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка прэзідыума Акадэміі навук, быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынка, а затым міліцэйскім нарадам і ў выніку правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго праверылі дакументы, прагледзелі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.

1 сакавіка каля пасольства Расіі, куды людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова, ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі.

2 сакавіка ў Глыбокім (Віцебская вобласць) незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.

7 сакавіка міліцыя ў Іўі (Гродзенская вобласць) затрымала турыстаў з Мінска за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада. У іх забралі пашпарты і папрасілі паказаць фатаграфіі і выдаліць тыя, на якія трапілі пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС. Пасля выдалення здымкаў міліцыянт вярнуў пашпарты і папрасіў прабачэння за нязручнасці.

Некаторыя міліцыянты спасылаліся на новае “ўнутранае” распараджэнне кіраўніцтва – у прыватнасці, намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Журналісты марна спрабавалі атрымаць копію гэтага дакумента.

Між тым, адсканаваная копія распараджэння ў хуткім часе з’явілася на адным з інтэрнэт-форумаў. “Калі верыць гэтаму дакументу, то прычынай павышанай увагі да ўсіх, хто фатаграфуе альбо здымае на відэа адміністрацыйныя будынкі, стала затрыманне грамадзяніна Расіі ў Лоеве. Калеснічэня А.А. нібыта быў затрыманы ў 10 гадзін 23 лютага падчас фатаграфавання мясцовага РУУС. Пасля, ужо ў пастарунку, у яго фотаапараце знайшлі фота іншых адмінбудынкаў”, – пісала 10 сакавіка “Еўрарадыё”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства