Ігар Барысаў накіраваў скаргу пракурору
Намеснік старшыні БСДП і журналіст Ігар Барысаў напісаў скаргу на імя пракурора з нагоды выняцця кампутараў. Ён просіць неадкладна вярнуць яму тэхніку, якая была забрана на экспертызу супрацоўнікамі міліцыі, а таксама мадэм і запісную кніжку.
Акрамя таго Барысаў просіць спыніць супраць яго праверку па заяве дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова, а таксама прыцягнуць да адказнасці за парушэнне яго правоў і працэсуальных тэрмінаў пры правядзенні праверкі і яе зацягванні.
Юрыст Алена Барысава адзначае, што падчас агляду памяшкання, дзе яна пражывае разам з Ігарам Барысавым, было дапушчана шмат парушэнняў.
У першую чаргу міліцыянты прыйшлі са сваімі панятымі і не далі магчымасці выклікаць панятых з ліку незацікаўленых у выніках справы асоб, не быў патлумачаны статус, у якім знаходзіцца Ігар Барысаў, аднак яму зачыталі яго правы і папрасілі распісацца пад гэтым, было адмоўлена ў законным прадстаўніку, пра якога хадатайнічаў Ігар - прававы інспектар незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Яўгенаў увесь час знаходзіўся за дзвярыма.
Алена Барысава таксама адзначае, што быў парушаны прынцып прапарцыйнасці пры вядзенні агляду. З боку міліцыянтаў было шэсць чалавек. З боку тых, у каго адбываўся агляд кватэры, было ўсяго два чалавекі. Пасля агляду кватэры на рукі не было выдадзена ніякіх копій дакументаў. Міліцыянты таксама забаранілі зрабіць метадам фотаграфавання копію санкцыі пракурора на агляд памяшкання і копію пратакола агляда кватэры. Для кантактаў адзін з участковых пакінуў толькі свой нумар мабільнага тэлефона.
- Лічу, што сэнсу ў падобным візіце міліцыянтаў не было, бо прайшло два месяцы з моманту напісання заявы гр.Пятровым. Што яны рабілі ўвесь гэты час – мне невядома. Гэта наводзіць на думку, што гэтая справа мае палітычны падтэкст, бо міліцыянты не ведалі, як звязаць усе факты з маім мужам і таму агляд нашай кватэры можна расцэньваць як разведку боем, каб застаць знянацку і што-небудзь знайсці, што можна прыкласці да матэрыялаў магчымай справы, - кажа юрыст Алена Барысава.
Нагадаем, што 12 сакавіка на кватэру магілёўскага журналіста і намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з’явіліся міліцыянты. Яны прыйшлі з санкцыяй магілёўскага пракурора Вульвача на агляд памяшкання ў межах праверкі па арт.188 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Паклёп”. Нагодай для візіту стала адна з публікацый на сайце газеты “НАШ Магілёў”, якая, на думку дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова,утрымлівала датычна яго асобы паклёпніцкую інфармацыю і прымусіла яго напісаць з гэтай нагоды заяву ў міліцыю.
Сам Ігар Барысаў адзначае, што да гэтай публікацыі не мае ніякага дачынення – артыкул, які быў размешчаны на сайце “НАШ Магілёў” не быў падпісаны яго прозвішчам, у артыкуле не фігуруе яго прозвішча як чалавека, які дае каментар датычна Сяргея Пятрова.
Раптоўны візіт міліцыі Барысаў звязвае з надыходзячай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, якая мусіць адбыцца ў канцы бягучага года і планах праваахоўнікаў і спецслужбаў перашкодзіць як у вядзенні выбарчай кампаніі, так і арганізацыі незалежнага назірання за выбарамі.
На дадзены момант датычна Ігара Барысава не заведзена ніякіх крымінальных спраў, таксама адбываецца праверка датычна дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова.