Фотаапараты не даюць спакою чыноўнікам
Прадпрымальнік і незалежны журналіст Зьміцер Лупач атрымаў афіцыйны адказ з глыбоцкага райвыканкаму на свой зварот аб інцыдэнце 2 сакавіка, калі яго не пусьцілі ў будынак за тое, што меў з сабою фотаапарат.
У той дзень спадара Лупача не пусьцілі ў будынак райвыканкаму, бо ў ягонай сумцы ляжаў фотаапарат.
Міліцыянт, які дзяжурыць пры ўваходзе, папрасіў паказаць зьмесьціва сумкі. Убачыўшы фотаапарат Nikon, супрацоўнік міліцыянт заявіў, што «з прафэсійнымі фотаапаратамі» ўваход у райвыканкам забаронены. І спаслаўся на распараджэньне загадчыцы спраў райвыканкаму.
Зьміцер Лупач быў вымушаны пакінуць сумку свайму сябру, папрасіўшы таго пачакаць, і накіраваўся па сваіх справах у эканамічны аддзел. Хацеў зайсьці і да загадчыцы спраў Іны Пачопкі, аднак не засьпеў яе на працоўным месцы. Размова з чыноўніцай адбылася назаўтра, 3 сакавіка. Спадарыня Пачопка сказала, што райвыканкам дасьць пісьмовы адказ, калі Зьміцер Лупач будзе афіцыйным чынам скардзіцца на забарону трапіць у будынак з фотаапаратам.
Адказ, падпісаны першым намесьнікам старшыні райвыканкаму Ёсіфам Пачкоўскім, абурыў Зьмітра Лупача:
«Як вынікае з гэтага ліста, прапускны рэжым у будынак нічым не рэглямэнтаваны — ніякага адмысловага дакумэнту няма. Аднак пішацца, што ў чыноўнікаў ёсьць „меркаваньне“, якое яны „лічаць неабходным выказаць“. Дык вось, па іхным меркаваньні — падкрэсьліваю, афіцыйных дакумэнтаў пра гэта няма — „кожная асоба, якая ўваходзіць у адміністрацыйны будынак з фота- або відэакамерай, мусіць паведаміць кіраўніцтву райвыканкаму пра свае намеры нешта фатаграфаваць“. Я лічу, што ніхто нікому нічога ня вінен у такім выпадку! Тым больш што ніякага намеру нешта фатаграфаваць у мяне не было і блізка — я ішоў вырашаць справы свайго прыватнага прадпрымальніцтва!»
Дарэчы, фатаграфаваньне — адна з формаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, якой займаецца Зьміцер Лупач. Аднак міліцыянт-ахоўнік ні пра што такое не распытваў: не дазволіў прайсьці ў будынак, і ўсё.
У лісьце з выканкаму гаворыцца і пра службовыя абавязкі міліцыянта, які ахоўвае будынак выканкаму. Ён павінен кіравацца «актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, правіламі ўнутранага распарадку райвыканкаму, а таксама інструкцыяй па забесьпячэньні парадку на аб’екце пад аховай». У прыватнасьці, гаворыцца ў лісьце, ён можа «абмежаваць права на ўваход або выхад з будынка асобам у стане наркатычнага, алькагольнага або таксыкалягічнага ап’яненьня, з агрэсіўнымі паводзінамі або ва ўзбуджаным стане, пры наяўнасьці падвышанай цікаўнасьці да пэўных аспэктаў дзейнасьці аб’екта, пры правядзеньні фота- і відаэфіксацыі, складаньні плянаў і схемаў» і гэтак далей.
На думку Зьмітра Лупача, з такой рэглямэнтацыяй, выкладзенай у невядома якім дакумэнце, чыноўнікі могуць выставіць на ганак практычна любога грамадзяніна:
«Што значыць, прыкладам, „ва ўзбуджаным стане“? Звычайна чалавек ня ходзіць да чыноўніка на прыём, калі ў яго няма нейкай важнай праблемы. І што — міліцыянт пры ўваходзе возьме на сябе функцыі лекара-псыхоляга ды будзе вызначаць, хто ўзбуджаны, а хто не? А што азначае „падвышаная цікаўнасьць да пэўных аспэктаў дзейнасьці выканкаму“? Прыкладам, мне трэба ведаць расклад працы нейкага аддзела, або — ці на месцы чыноўнік, калі ён зьявіцца. Гэта будзе падвышаная цікаўнасьць або практычны інтарэс наведніка?»
Глыбоцкі журналіст зьбіраецца абскарджваць адказ чыноўніка ў Віцебскім аблвыканкаме, патрабуючы ўказаць, на якой падставе ў глыбоцкім райвыканкаме абмяжоўваюць правы наведнікаў. Асобную скаргу ён мяркуе падаць і на паводзіны міліцыянта: па-першае, ягоныя службовыя інструкцыі не вымагаюць таго, каб забараняць праход у выканкам чалавеку з фотаапаратам, па-другое, наяўнасьць фотаапарата ніяк ня можа быць сьведчаньнем намеру тут жа нешта сфатаграфаваць.