Суд прызнаў салігорскага актывіста мацяршчыннікам, але не парушальнікам закону
Мясцовым праваабаронцам сталі вядомыя новыя падрабязнасці па справе актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіміра Лемеша. Раней суд Салігорскага раёна прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 КаАП ды аштрафаваў на дзве базавыя велічыні, але падчас паўторнага разгляду справы ў студзені справа была спынена “за недаказанасцю вінаватасці”.
Па словах салігорскага прадстаўніка БХК Леаніда Мархоткі, у апошняй судовай пастанове казалася пра невінаватасць актывіста, але не было зразумела, на падставе якіх менавіта аргументаў суд Салігорскага раёна ўпершыню ў гісторыі наважыўся апраўдаць апазіцыйнага актывіста.
- Праз вучобу за мяжой Уладзімір толькі цяпер змог атрымаць матывіровачную частку да пастановы. Выявілася, што ацэньваючы паказанні сведкаў-міліцыянтаў, суддзя Пракаповіч усё ж палічыў факт нецэнзурнай лаянкі з боку моладзевага актывіста ў грамадскім месцы ўстаноўленым, - кажа праваабаронца. - Разам з тым, з матывіровачнай часткі вынікае, што доказаў нецэнзурнай лаянкі з боку Уладзіміра Лемеша менавіта з хуліганскіх памкненняў прадстаўлена не было.
“З тлумачэнняў міліцыянтаў Жыгімонта і Лахвіча выкнікае, што матыў дзеянняў Лемеша імі не высвятляўся, іншых доказаў, якія б з пэўнасцю ўказвалі, што дзеянні Лемеша былі скіраваныя на праяву непавагі да грамадства, выказванне зняважлівых адносін да навакольных не маецца,” - гаворыцца ў рашэнні суда.
Сам Уладзімір Лемеш катэгарычна адхіляе факт лаянкі са свайго боку, але вітае рашэнне суда аб прызнанні яго невінаватасці і спыненні справы. Цяпр моладзевы актывіст намераны вярнуць грошы за ўжо сплачаны ім штраф і атрымаць кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне ў ізалятары.