Уладзімір Лемеш: Хацелі канфіскаваць нават дзверы з налепкамі
Хваля палітычнага пераследу працягваецца ў беларускай сталіцы шахцёраў. У сярэдзіне верасня ціск з боку праваахоўны органаў зведалі апазіцыйныя актывісты Андрэй Тычына і Уладзімір Шыла. Цяпер пад каток палітычных рэпрэсій патрапіў салігорскі актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Лемеш.
Ужо некалькі гадоў маладзён навучаецца за мяжой і таму на сваёй малой радзіме бывае нячаста. Апошняе наведванне бацькоўскага дому скончылася для Уладзіміра затрыманнем, двума суткамі ў саліорскім ізалятары, штрафам і ператрусам.
- У суботу дзесці а 16-й выйшаў у краму па хлеб. Пыдышлі двое ў цывільным. Адзін назваўся супрацоўнікам міліцыі Жыгімонтам і паведаміў, што ім неабходна даставіць мяне ў РАУС. Там перадалі мяне ўчастковаму, які і склаў пратакол, - кажа моладзевы актывіст. - Выявілася, што каля ўласнага пад’езду я беспрычынна з хуліганскіх намераў гучна лаяўся мацюкамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў. Словам, парушаў грамадскі парадак і спакой грамадзян. Абсурд, але гэтага хапіла для ўтрымання мяне цягам двух сутак у ізалятары.
У панядзелак суддзя суда Салігорскага раёна Сяргей Самуйлік прызнаў маладзёна вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 КаАП ды аштрафаваў на дзьве базавыя велічыні. Той факт, што сведкамі былі толькі міліцыянты, адзін з якіх у затрыманні не ўдзельнічаў і нават не змог апазнаць абвінавачанага, суддзю засмуціў не надта моцна.
Зрэшты, на гэтым прадстаўнікі сілавых структур не супакоіліся. Пасля судовага паседжання Уладзіміра Лемеша міліцыянты павезлі да дому для правядзення так званага агляду. Па дарозе некаторыя з супрацоўнікаў адкрыта зневажалі маладзёна ды пагражалі фізічнай расправай.
- Нахабна паводзілі і падчас ператрусу. Адзін з супрацоўнікаў у цывільным катэгарычна адмовіўся паказаць свае дакументы і прадставіцца. Думаю, гэта быў работнік КДБ, - кажа актывіст “Еўрапейскай Беларусі”. - Агляд, між іншым, быў санкцыянаваны ў межах праверкі па факце вандалізму. Так яны кваліфікавалі арт-перформанс невядомай групы “Партызан” па перафарбаванні 15-метровага знаку на ўездзе ў Салігорск у бел-чырвона-белы колер.
Па выніках агаляду ва Уладзіміра былі вынятыя копіі падпісных лістоў за кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, кніга Алеся Бяляцкага ды бел-чырвона-белы сцяг і стужкі. Міліцыянты нават намагаліся адкруціць абклееныя апазіцыйнымі налепкамі дзверы ў пакой маладзёна, але яго маці ўдалося пераканаць супрацоўнікаў у бязглуздасці гэтай ідэі. Якое дачыненне ўсе гэтыя рэчы малі мець да так званга вандалізму, міліцыянты не патлумачылі. Зрэшты, пасля канфіскацыі ў мясцовага маладафронтаўца Андрэя Тычыны агітацыйнай прадукцыі Уладзіміра Някаляева для праверкі на наяўнасць у ёй парнаграфіі і экстрэмізму, здзіўляцца “крэатыўнасці” салігорскай міліцыі ўжо не выпадае.