viasna on patreon

Салігорск: Агітацыйную прадукцыю Някляева правераць на наяўнасьць парнагарфіі і экстрэмізму

2014 2014-09-25T07:06:52+0300 2014-09-25T07:06:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zodzina-agit-plakat-5..jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні беларуская сталіца шахцёраў адзначылася гучнымі ператрусамі ў вядомых салігорскіх апазіцыянераў Андрэя Тычыны і Уладзіміра Шылы. Супрацоўнікі аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Салігорскага РАУС шукалі ў мясцовых дэмакратычных актывістаў “парнаграфію”. Разабрацца ў сітуацыі паспрабавалі мясцовыя праваабаронцы.

Як раней паведамляў сайт “Вясны”, яшчэ 10 верасня маладафронтаўца Андрэя Тычыну выклікалі ў міліцыю “на размову”. Увечары 12 верасня маладзён наведаў пастарунак, дзе яго чакаў супрацоўнік Яўген Жылінскі, непасрэдна адказны за апазіцыю ў сталіцы шахцёраў. Зрэшты, гутарка была не пра порна індустрыю, а пра масавае з’яўленне ў горадзе палітычных улётак, антываенных графіці, украінскіх і бел-чырвона-белых сцягоў ды іншых арт-акцыяў. Спадара Жылінскага цікавіла магчымая датычнасць да гэтых падзеяў мясцовых моладзевых актывістаў, асабліва Уладзіміра Лемеша ды Івана Шылы. Нягледзячы на ціск і пагрозы, атрымаць такую інфармацыю ад маладафронтаўца ў міліцыянта не атрымалася. Праз 40 хвілін бясплённая гутарка была скончана.

Аднак праз некалькі дзён, 16 верасня, да маладзёна прыйшлі супрацоўнікі аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Салігорскага РАУС з санкцыяй на вобыск. З пастановы пракурора вынікала, што ад імя Андрэя Тычыны ў сацыяльнай сетцы УКантакце нібыта распаўсюджвалася порнапрадукцыя. Узначальваў групу міліцыянт Мікалай Драбуцька, таксама не аднойчы заўважаны ў пераследзе салігорскіх апазіцыянераў. З чатырох супрацоўнікаў міліцыі двое ўдзельнічалі ў якасці панятых. На пачатку вобыску Драбуцька атрмаў тэлефонны званок ад Жылінскага, з якога вынікала неабходнасць засяродзіцца на пошуку не парнаграфіі, а ўлётак і іншай агітацыйнай прадукцыі. Напамін Андрэя Тычыны аб мінулым ператрусе і канфіскацыі ўсіх такіх матэрыялаў у 2011 годзе на імпэт міліцыянтаў не паўплываў. У выніку ў маладзёна былі вынятыя смартфон з ноўтбукам, а таксама маладафронтаўскія значкі і старая агітацыйная прадукцыя з перадвыбарчай сімволікай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Зацікавіў міліцыянтаў і дапаможнік для назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі, але канфіскоўваць яго яны не сталі. Асабліва цікавіліся наяўнасцю ў маладзёна фотатэхнікі. Як вядома, Андрэй Тычына доўгі час быў фатографам мясцовга незалежнага сайта САЛІГОРСК.org, на якім з’яўляюцца арыгінальныя здымкі з апазіцыйных акцый. Фота са згаданых вышэй апошніх акцый публікаваліся на гэтым сайце таксама.

Пасля ператрусу маладафронтавец быў дастаўлены ў пастарунак для дачы тулмачэнняў. Андрэй Тычына не хаваў факту зробленага ім жартаўлівага допісу на прыватнай старонцы свайго сябра Івана Шылы ва УКантакце. І хаця да допісу быў далучаны відэаролік інтымнага зместу, распаўсюд порнапрадукцыі маладзён катэгарычна абвяргае. Да таго ж не зусім зразумелым застаецца пытанне, якое дачыненне маладафронтаўскія значкі і агітацыйная прадукцыя Уладзіміра Някляева мелі да гэтага допісу. Самі супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ў схаванай форме там можа прысутнічаць не толькі парнаграфія, але і экстрэмізм. Канчатковае ж рашэнне будзе прымаць адмысловая экспертыза.

Праз некалькі гадзін маладзён быў вызвалены. І ў гэты ж час у межах гэтай жа самай пракурорскай праверкі адбыўся ператрус у доме Уладзіміра Шыла, бацькі маладафронтацаў Івана і Іллі Шылаў. Па словах Уладзіміра, міліцыянты асаблівага імпэту падчас вобшуку не вяўлялі, але забралі мадэм і сістэмны блок ад камп’ютэра.

З таго часу на сувязь з апазіцыянерамі ніхто з праваахоўных органаў не выходзіў. Па словах саміх міліцыянтаў, пракурорская праверка па гэтай справе можа цягнуца ад двух тыдняў да шасці месяцаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства