Пракуратура Гомеля вынесла пратэст па справе Андруся Цянюты
Днямі сустаршыня «Маладога фронту» Андрусь Цянюта атрымаў з суду Цэнтральнага раёна Гомеля копію касацыйнага пратэсту з гарадской пракуратуры на рашэнне раённага суду. У касацыйным пратэсце пракуратуры Гомеля адзначана, у прыватнасці, што «з рашэння суду не бачна, на якіх падставах суд прыйшоў да высноў, выкладзеных у рашэнні, якімі доказамі яны пацверджаны, ці адпавядаюць высновы судовага рашэння вызначаным па справе фактычным абставінам, ці ўлічаны судом усе факты, якія ўваходзяць у прадмет доказаў па справе». На падставе вышэйсказанага намеснік пракурора Гомеля С.А.Зайцаў просіць Гомельскі абласны суд адмяніць рашэнне суду Цэнтральнага раёна Гомеля і накіраваць справу на новы разгляд.
Такі паварот справы быў нечаканы для Андруся Цянюты. Ён таксама пасля суду падаў касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд. Зараз жа з пратэсту вынікае, што і пракуратура не пагадзілася з рашэннем суду Цэнтральнага раёна.
Нагадаем, 1 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес рашэнне па справе сустаршыні «МФ», які падаў скаргу на адлічэнне з ГДУ ім.Ф.Скарыны. Суд адмовіў яму ў задавальненні скаргі.
Андрусь Цянюта ў траўні 2014 года быў адлічаны з універсітэту, дзе ён навучаўся на трэцім курсе завочнага аддзялення па спецыяльнасці «Правазнаўства». Афіцыйная фармулёўка падпісанага рэктарам загаду аб адлічэнні: «за сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку». Маецца на ўвазе прыцягненне актывіста да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сам актывіст лічыць затрыманне і арышт прэвентыўнымі мерамі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нагадаем, перад пачаткам Чэмпіянату свету па хакеі дзесяткі актывістаў апазіцыі трапілі за краты па абвінавачаннях у дробным хуліганстве ці непадпарадкаванню міліцыі.
Маладафронтавец лічыць сваё адлічэнне незаконным і палітычна матываваным, таму звярнуўся ў суд з зыскам, адказчыкам па якім з'яўляўся ВНУ.
Плануецца, што 19 лістапада Гомельскі абласны суд разгледзець касацыйную скаргу Андруся Цянюты.