viasna on patreon

Парада МУС ад праваабаронцы: «Ня трэба акцэнтаваць увагу на нацыянальнасьці падазроных»

2014 2014-10-28T16:08:39+0300 2014-10-28T16:08:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg

У Менскім раёне затрымалі дзевяць чалавек, якіх падазраюць у арганізацыі незаконнай працоўнай эксплюатацыі. Паведамленьне пра гэта зьявілася сёньня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Там удакладняецца, што супрацоўнікі МУС затрымалі групу цыганоў зь Беларусі, якія, пераважна з выкарыстаньнем значных дозаў алькаголю, дастаўлялі з розных мясьцін Расеі — ад Волагды да Магнітагорску — пацярпелых у Беларусь. Тут іх пад пагрозай фізычнай расправы прымушалі прадаваць пляншэты.

«Цяпер затрыманыя дзевяць чалавек: як расейцы, так і грамадзяне нашай краіны. Усе яны — цыганы. Выяўленыя чатыры пацярпелыя. Умовы іх пражываньня можна назваць непрымальнымі, а працу — рабскай, бо працавалі яны практычна за ежу», — паведамляецца на сайце МУС.

Раней было вядома пра беларусаў, якія траплялі ў замежнае рабства, напрыклад, у Дагестан. Цяпер жа ўжо расейцаў прымусам прывезьлі працаваць у Беларусь.

«Гандаль людзьмі — гэта праблема, якая існуе ва ўсім сьвеце,— адзначае ў размове са Свабодай праваабаронца Тацяна Равяка. — У адной краіне гэтая зьява распаўсюджаная болей, у іншай — меней. Тут шмат розных чыньнікаў — як працуюць праваахоўнікі, які дабрабыт у краіне і г. д., — якія ўплываюць на ровень гэтага віду злачыннасьці.

Што тычыцца канкрэтнага злачынства, пра якое паведамляе МУС Беларусі, то пакуль яго цяжка камэнтаваць. Тых матэрыялаў, якія ёсьць на сайце, не хапае для аналізу, мы ня ведаем матэрыялаў крымінальнай справы.

Але пра адзін аспэкт гэтай справы ўжо можна казаць. Не павінна называцца нацыянальнасьць людзей, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства. Гэта звычайна робіцца дзеля таго, каб не распальваць міжнацыянальную варожасьць».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства