УУС Брэсцкага аблвыканкаму лічыць, што матэрыялы ў СМІ з загалоўкамі кшталту «Асцярожна, цыганы!» не з'яўляюцца дыскрымінацыйнымі
Гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч атрымалі адказы ад прадстаўнікоў УУС Брэсцкага аблвыканкаму, Ганцавіцкага РАУС і намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкаму на лісты з просьбай правесці гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі і рэдактарам раённай газеты «Ганцавіцкі час» аб недапушчальнасці распальвання ў прэсе варожасці да цыганоў. Нагодай для звароту стала публікацыя ў раённай газеце «Ганцавіцкі час» пад загалоўкам «Калі прыйшлі ў дом цыганы – званіце ў міліцыю». Аўтарам артыкулу з'яўляецца намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС С.Тарасевіч.
Так, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Леанід Цупрык даў такі адказ праваабаронцам: «У выпадку з дадзенай публікацыяй мелі месца некарэктныя змены рэдакцыяй газеты «Ганцавіцкі час» загалоўку матэрыялу, на што ўказана рэдактару газеты». Намеснік старшыні аблвыканкаму патлумачыў, што першапачаткова міліцыя дала для публікацыі ў раённай газеце інфармацыю з загалоўкам «Будзьце пільнымі!», а рэдакцыя выдання змяніла загаловак на «Калі прыйшлі цыганы – званіце ў міліцыю». Леанід Цупрык дадае, што «факты, прыведзеныя ў артыкуле, адпавядаюць рэчаіснасці, носяць прафілактычны характар, і не накіраваны на распальванне міжнацыянальнай варожасці».
УУС Брэсцкага аблвыканкаму адказ даў такі: «выступленне ў СМІ насіла прафілактычны характар, з мэтай папярэдзіць састарэлых грамадзян не зрабіцца чарговай ахвярай падману і крадзяжу». «Ніякай нацыяналістычнай розні ў адносінах да цыганскай этнічнай групы выступ у СМІ не прадугледжваў», - упэўнена кіраўніцтва УУС у асобе намесніка начальніка В.П.Угляніцы.
Ганцавіцкі РАУС таксама ўпэўнены ў тым, што артыкул не ўтрымлівае інфармацыі, якая можа быць прычынай варожасці на нацыянальнай глебе. «Артыкул носіць прафілактычны характар і папярэджанне крадзяжоў, якія здзяйсняюць асобы цыганскай нацыянальнасці», - адзначыў ў лісце начальнік РАУС А.Г.Яроменка. Начальнік аддзелу зазначае, што ў 2014 годзе на тэрыторыі Брэсцкай вобласці асобамі цыганскай нацыянальнасці здзейснены 20 крадзяжоў.
У сувязі з дадзенай лічбай варта прывесці такія дадзеныя: за 5 месяцаў 2014 года ў Брэсцкай вобласці зарэгістраваны больш за 4,7 тысяч злачынстваў. За 2013 год у вобласці зафіксавана больш за 11,4 тысячы злачынстваў. Толькі хто іх здзейсніў, калі на рахунку галоўных «злачынцаў» - цыганоў – 20 крадзяжоў?
Начальнік Ганцавіцкага РАУС дадаў, што «супрацоўнікамі аддзелу унутраных спраў будзе працягнутая рэалізацыя арганізацыйных і прафілактычных мер па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, якія здзяйсняюць асобы цыганскай нацыянальнасці».
«Мне незразумела упартасць, з якім службовыя асобы ідуць насуперак ідэолагам, якія пярэчаць ужыванню этнонімаў на тэму злачыннасці. Няўжо раскрыццё злачынстваў расце ад таго, што міліцыянеры, замест апісання прыкметаў канкрэтных падазраваных, указваюць на нацыянальную прыкмету?», - пракаментавала адказы Марыя Клімовіч.
Па яе словах, ёй тэлефанаваў рэдактар газеты «Ганцавіцкі час» і запэўніваў, што ў яго не было мэты распальваць міжнацыянальную варожасць. «Але ж казаў класік, нам не дадзена прадбачыць, як наша слова адзавецца», - дадала праваабаронца.
Гомельскія праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу ідэолагаў і міліцэйскае кіраўніцтва на публікацыі ў СМІ, якія дыскрэдытуюць цыганоў.