Прэвентыўныя затрыманні: закон выкарыстоўваецца адвольна – дзеля выканання палітычнай замовы
15 кастрычніка у Праваабарончым цэнтры “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная розным аспектам прэвентыўных затрыманняў у Беларусі, дзе былі агучаны адпаведныя заганы ў заканадаўстве, тыповыя злоўжыванні праваахоўнікаў і новыя тэндэнцыі ў святле праблемы.
Гэтай праблемай праваабаронцы займаюцца не адзін год, і яна стала прадметам даследванняў, вынікі якіх былі прадстаўленыя журналістам. Даклад “Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі” – праца сумеснай місіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая праходзіла ў Беларусі пасля Чэмпіянату свету па хакеі ў чэрвені бягучага года. Увага місіі была сканцэнтраваная на так званых прэвентыўных арыштах, якія аўтары дакладу вызначаюць як адвольныя затрыманні грамадзянаў, без прававых на тое падставаў, напярэдадні важных палітычных ці грамадскіх падзеяў з мэтай ізаляцыі актывістаў для недапушчэння іх удзелу ў публічных вулічных акцыях, стасункаў з міжнароднымі дэлегацыямі ці прэсай, іншых відах палітычнай і грамадзянскай актыўнасці.
Прадстаўляючы даклад, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч нагадаў, што гісторыя праблемы адвольных прэвентыўных затрыманняў апазіцыйных актывістаў сягае ў 2006 год. “Менавіта ў 2006 годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, улады масава выкарысталі адвольныя прэвентыўныя затрыманні, у асноўным у дачыненні да актывістаў выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты Мілінкевіча і Казуліна. І 19 сакавіка 2006 года, за некалькі дзён да выбараў, паводле нашай інфармацыі 236 чалавек былі падвергнутыя адвольным прэвентыўным затрыманням. У асноўным іх абвінавачвалі па артыкуле “Дробнае хуліганства” за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”.
Усе наступныя гады адвольныя прэвентыўныя затрыманні актыўна выкарыстоўваюцца ўладамі і набылі ўжо сістэмны і сістэматычны характар. У 2012 годзе праваабаронцы звярталіся да генпракурора і старшыні Вярхоўнага суда з просьбай абмеркаваць гэтую праблему. Мы прыкладалі спіс людзей, якія, адны і тыя ж, увесь час “лаяцца матам” чамусьці непасрэдна перад афіцыйнымі візітамі замежных гасцей, а ў 2012-м гэта былі Мядзведзеў і Пуцін, якія прыязджалі ў Беларусь. На жаль, Генпракуратура і Вярхоўны суд адмовіліся тады з намі сустракацца, спаслаўшыся на фармальныя падставы, што мы не надзеленыя правам абскарджваць судовыя пастановы”, - распавёў праваабаронца.
Адным з апошніх яскравых прыкладаў выкарыстання адвольных прэвентыўных затрыманняў праваабаронцы назвалі Чэмпіянат свету па хакеі, які ў траўні праходзіў у Мінску. “Такім чынам, на сённяшні дзень адвольныя прэвентыўныя затрыманні з’яўляюцца адным з відаў палітычнага пераследу, нароўных з палітычным крымінальным пераследам, і выкарыстоўваюцца ўладамі ў мэтах пераследу актывістаў у сувязі з іх прыналежнасцю да тых ці іншых палітычных групаў і ажыццяўленнем імі мірнай дзейнасці палітычнага характару”, - падвёў рысу Стэфановіч.
Юрыст, эксперт у пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы Павел Сапелка як адзін з суаўтараў дакладу казаў пра юрыдычны бок даследвання праблемы. Адносна незаконнасці прэвентыўнага затрымання як такога ён адзначыў, што ў заканадаўстве дакладна вызначаныя выпадкі, калі асоба можа быць затрыманая без здзяйснення правапарушэння – гэта датычыцца людзей без пэўнага месца жыхарства, якія затрымліваюцца дзеля высвятлення асобы, і людзей з псіхічнымі захворваннямі, якіх затрымліваюць для перадачы ва ўстановы аховы здароўя. “Пры гэтым ніякія "падазрэнні" не могуць быць прынятыя пад увагу. Гэта незаконна – затрымліваць чалавека па падазрэнні або здагадцы аб здзяйсненні ім адміністратыўнага правапарушэння”, - падкрэсліў юрыст.
Падчас даследвання праваабаронцы ўстанавілі, што заканадаўства не ўтрымлівае тых дастатковых гарантый, якія маглі б ахоўваць грамадзяніна ад неабгрунтаванага затрымання ці спрыяць абскарджанню незаконнага рашэння аб адміністратыўнай адказнасці пры неабгрунтаваным затрыманні.
"З апытанняў тых, хто адбываў незаконныя адміністратыўныя арышты, мы ведаем, што ў працэсе абскарджання людзі сутыкаюцца з невырашальнымі праблемамі. Чалавек, асуджаны да адміністратыўнага арышту, трапляе ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Мяркуецца, што там ён павінен напісаць скаргу на рашэнне па адміністратыўнай справе, якое не ўступіла ў законную сілу. Гэта яшчэ неяк можна зрабіць. Але далей пачынаюцца наогул невырашальныя праблемы. Пры падачы гэтай скаргі павінна быць сплочана дзяржаўная пошліна. І калі ў чалавека няма нікога, з кім можна звязацца на волі і хто аплоціць за яго гэтую дзяржпошліну, то яго скарга не будзе разгледжаная. Таму мы рэкамендуем заканадаўцу ў якасці першага кроку хаця б ўстанавіць спагнанне са скаржніка дзяржпошліны ў тым выпадку, калі гэтая скарга не будзе задаволеная - гэты крок не патрабуе нейкага радыкальнага перагляду заканадаўства", - распавёў Павел Сапелка.
Сярод перашкодаў, якія патрабуюць унясення дапаўненняў у заканадаўства, эксперт таксама назваў такую практыку, як вынясенне судовай пастановы аб вінаватасці асобы толькі на падставе паказанняў супрацоўнікаў міліцыі - пры наяўнасці магчымасці прыцягнуць іншых сведак. Таксама частыя выпадкі, калі актывісты затрымліваюцца без прычынаў, а ў далейшым абвінавачваюцца ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню супрацоўнікаў міліцыі, напрыклад, прайсці ў міліцэйскі ўчастак. І тут паўстае пытанне: у сувязі з чым тады затрымліваюць чалавека, якое правапарушэнне ён здзейсніў, каб гэта распараджэнне супрацоўнікаў міліцыі было законным? У цэлым праваабаронцы настойваюць, што па тых адміністратыўных справах, дзе ў якасці пакарання могуць быць ужытыя адміністратыўны арышт або дэпартацыя, абвінавачанаму павінна прадастаўляцца абарона таго ж узроўню, што і па крымінальных справах, то бок забеспячэнне права на адваката, права на абскарджанне. "На сённяшні дзень мы, на жаль, вымушаны канстатаваць, што закон, які павінен стаяць на абароне правоў і інтарэсаў грамадзянаў, выкарыстоўваецца міліцыяй адвольна, паводле ўласнага меркавання, з тым, каб выканаць нейкую палітычную замову, чыёсьці відавочна незаконнае распараджэнне", - сказаў Сапелка.
Таксама праваабаронцы агучылі праблему новага парадку: пачалася хваля прыцягнення актывістаў да адказнасці з абцяжарваючымі віну абставінамі - станам алкагольнага ап'янення, у якім яны нібыта знаходзіліся падчас затрымання. Адносна такога роду злоўжыванняў праваахоўнікаў актывістам раяць настойліва патрабаваць правядзення экспертызы ў грамадзянскай установе, каб у далейшым мець дадзеныя для абскарджання.
Уласным досведам з журналістамі падзяліўся госць прэс-канферэнцыі – каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі, які ў бягучым годзе з’яўляецца адным з “рэкардсменаў” па сумарным тэрміне прэвентыўных арыштаў – 57 сутак (паводле звестак ПЦ “Вясна”).
Большая частка людзей, вядомых сваёй грамадзянскай актыўнасцю, сёння фактычна страціла магчымасць пражываць па месцы сваёй рэгістрацыі. Так лічыць актывіст, у якога асабіста гэтая праблема паўстала пасля 2006 года. Максім Вінярскі апісаў, як звычайна выглядае схема прэвентыўнага затрымання. “Калі я жыў дома, то ўвесь час перад любым мерапрыемствам да мяне пачыналі наведвацца супрацоўнікі РУУС, прасілі маці, каб сказала, дзе мяне знайсці, маўляў “мы з ім толькі паразмаўляем”. Яна ведала, чым сканчаюцца размовы з нашай міліцыяй, таму яны, хутчэй за ўсё, чулі, што “яго няма”, “ён тут не жыве”… Калі ты выходзіш з месца, дзе жывеш (а яны ведаюць, дзе ты знаходзішся), то да цябе падыходзяць некалькі чалавек, звычайна у цывільнай вопратцы. Гэта ці АМАП, ці наркакантроль, ці крымінальны вышук. Памятаю, перад выбарамі, калі я быў даверанай асобай кандыдата Саннікава, гэта быў аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Часцей за ўсё яны нават паказваюць табе нейкі дакумент хуценька. А пасля кажуць, каб ты паказаў свой дакумент. Калі у цябе дакументаў няма, кажуць, што трэба ўдакладніць тваю асобу. Калі дакумент ёсць – яго забіраюць і кажуць, што трэба прайсці з імі. Далей усё залежыць ад таго, колькі іх. Калі два – будуць цябе ўгаворваць прайсці з імі. Калі іх тры-чатыры чалавекі, а побач няма ніякіх журналістаў, то ўсё адбываецца прасцей: табе заварочваюць ласты назад, валакуць у аўтамабіль, вязуць у райаддзел. І з моманту, калі цябе затрымалі, ты фактычна цалкам выключаны з прававога поля. Больш нікога твае правы не турбуюць. Лёгка пісаць у метадычках пра тое, якія правы ты маеш у міліцэйскім пастарунку, але рэалізаваць гэтыя правы фактычна немагчыма. Напрыклад, ведаючы маю цвёрдую пазіцыю, мне яны нават не даюць нічога падпісваць. З моманту, калі высветлілася, што Вінярскага прывезлі, нарэшце, у пастарунак, на мяне яны часцяком не звяртаюць ніякай увагі, пакуль не скончаць афармляць свае паперы”. Актывіст таксама распавёў, як міліцыянты не абцяжарваюць сябе тлумачэннямі прычыны затрымання, выпраўляюць у пратаколах артыкулы на больш “зручныя” і месцы затрымання - на тыя, дзе не было сведак, ігнаруюць патрабаванні пра сведкаў, адваката ды просьбы паведаміць пра затрыманне сваякам ці знаёмым. Па словах актывіста, часцяком акалічнасці сваёй справы ён даведваецца непасрэдна ад суддзі падчас працэсу.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі прыводзілі прыклады, якія праз прызму праблемы прэвентыўных затрыманняў яскрава пацвярджаюць залежнасць судовай сістэмы, выбарачнасць правасуддзя. Валянцін Стэфановіч узгадаў рэзанансныя выпадкі, калі праблема адвольных затрыманняў перацякае з плоскаці адміністратыўнага пераследу ў крымінальны – заведзеная напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года справа актывістаў “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі, і сёлетняя справа гомельскага актывіста Юрыя Рубцова,прысуд якому пакуль не ўступіў у законную сілу. “Спадара Рубцова затрымалі на дазволеным уладамі мітынгу толькі за надпіс на майцы “Лукашэнка, сыходзь!”, у суд яго даставілі аголеным па пояс – у выглядзе, які абражае чалавечую годнасць, але суддзю, канешне, не цікавіла, чаму чалавек у такім выглядзе. Хоць суддзя стаіць на абароне правоў і інтарэсаў грамадзянаў. І зараз атрымліваецца сітуацыя, што тыя асобы, якія сведчылі, што ён лаяўся матам, сведчаць, што ён суддзю абражаў. Таму мы заяўляем, што, калі пасля касацыі прысуд у тым жа выглядзе ўступіць у законную сілу і спадар Рубцоў будзе адбываць паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, мы будзем прызнаваць яго палітвязнем. Таму што ўвязненне спадара Рубцова будзе непасрэдна звязанае з мірным ажыццяўленнем ім сваіх правоў на свободу мірнага сходу і свабоду выказвання. Сказаць “Лукашэнка, сыходзь!” мае права кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І ніхто не мае права за гэта затрымліваць грамадзянаў”, - нагадаў пазіцыю праваабаронцаў Стэфановіч.
Асобна намеснік кіраўніка “Вясны” спыніўся на сітуацыі з актывістам моладзевай арганізацыі “Zмена” Паўлам Вінаградавым. “Павел 6 кастрычніка быў у нашым офісе і папярэджваў нас, што 9-га чысла пойдзе адзначацца ў міліцыю, паколькі за ім устаноўлены прэвентыўны нагляд. І мы якраз абмяркоўвалі сітуацыю, якая з ім і здарылася: што яму будуць ставіць у віну ўжыванне алкаголю і што ён напэна будзе затрыманы, таму што 10 кастрычніка, як вы ведаеце, распачынаўся саміт краінаў СНД і спадар Пуцін прыязджаў у Мінск. Літаральна ўсё, пра што мы размаўлялі з Паўлам, адбылося 9 кастрычніка”, - распавёў ён.
Падчас прэс-канферэнцыі была агучаная заява Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра «Вясна» з патрабаваннем спынення пераследу Паўла Вінаградава. Праваабаронцы абвясцілі пра кампанію ў сацыяльных сетках за вызваленне грамадзянскага актывіста, які, уключна з цяперашнім арыштам, у бягучым годзе быў асуджаны да 65 сутак зняволення ў выніку адвольных прэвентыўных затрыманняў.