viasna on patreon

Прадстаўнік ГДУ ім.Ф.Скарыны прапануе Андрусю Цянюту аднавіцца ў ВНУ без суду

2014 2014-09-16T21:46:12+0300 2014-09-16T21:46:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrus_cianiuta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрусь Цянюта, "Малады Фронт"

Андрусь Цянюта, "Малады Фронт"

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 16 верасня адбыўся разгляд грамадзянскай справы па зыску сустаршыні «Маладога Фронту» Андруся Цянюты да Гомельскага дзяржаўнага універсітэту ім.Ф.Скарыны. Сёння на судовым паседжанні выступіў кіраўнік юрыдычнага аддзелу ГДУ ім.Ф.Скарыны Валер Нядоступ. Па словах начальніка юрыдычнага аддзелу ВНУ, універсітэт не зацікаўлены ў адлічэннях «у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй і недаборамі». Але ў выпадку студэнта-завочніка Андруся Цянюты універсітэт, па словах яго прадстаўніка, не мог не адрэагаваць на «сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні». Гаворка ідзе пра прыцягненне маладафронтаўца да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 сутак за нібыта брудную лаянку і непадпарадкаванне міліцыі. Раней актывіст быў папярэджаны судом за недапушчальнасць парушэння заканадаўства пры правядзенні акцыі салідарнасці з Украінай. Вадер Недоступ адзначыў, што студэнт, які вучыцца на юрыста, не павінен парушаць заканадаўства, а адлічэнне было правамоцным, згодна Кодэксу аб адукацыі і Правілаў унутранага распарадку ГДУ ім.Ф.Скарыны.

Андрусь Цянюта лічыць сваё адлічэнне неправамоцным і патрабуе аднаўлення ва ўніверсітэце праз суд. На паседжанні ён выказаўся, што ён не здзяйсняў адміністрацыйныя парушэнні, у якіх яго прызнаў вінаватым суд, тым больш, зараз яго скарга на рашэнне суду разглядаецца ў касацыйнай інстанцыі. Актывіст лічыць, што яго дзеянні не рэгулююцца Правіламі ўнутранага распарадку, таму што былі здзейснены па-за сценамі ВНУ і не ў час навучальнага працэсу.

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу выказаўся, што, згодна заканадаўству, адлічаны студэнт мае права на аднаўленне ў ВНУ, і прапанаваў Андрусю Цянюту аднавіцца ў ГДУ ім.Ф.Скарыны без суду. З такой пазіцыяй пагадзіўся як заяўнік, так і яго адвакат. Паседжанне працягнецца 17 верасня – кіраўніку юрыдычнага аддзелу дадзены час на тое, каб даведацца, як менавіта і калі можа аднавіцца ва ўніверсітэце маладафронтавец.

Нагадаем, Андрусь Цянюта ў траўні 2014 года быў адлічаны з ГДУ ім.Ф.Скарыны, дзе ён навучаўся на трэцім курсе завочнага аддзяленняпа спецыяльнасці «Правазнаўства». Афіцыйная фармулёўка падпісанага рэктарам загаду аб адлічэнні: «за сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку». Маецца на ўвазе прыцягненне актывіста да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сам актывіст лічыць затрыманне і арышт прэвентыўнымі мерамі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нагадаем, перад пачаткам Чэмпіянату свету па хакеі дзесяткі актывістаў апазіцыі трапілі за краты па абвінавачаннях у дробным хуліганстве ці непадпарадкаванню міліцыі.

Андрусь Цянюта лічыць сваё адлічэнне незаконным і палітычна матываваным, таму звярнуўся ў суд з зыскам, адказчыкам па якім з'яўляецца ВНУ.

Справу разглядае суддзя Вольга Казлова. Заяўнік выступіў з хадайніцтвам весці працэс на беларускай мове, каб рэалізаваць сваё права, гарантаванае Канстытуцыяй. Суддзя запрасіла ў суд перакладчыка, у якасці якога 16 верасня ў судзе выступала настаўніца беларускай мовы і літаратуры адной са школ Гомеля.

Варта дадаць, што дзяржаўныя служачыя абавязаны валодаць афіцыйнымі мовамі – як рускай, так і беларускай. У рэальнасці ж у Беларусі, прынамсі, у Гомелі на суды часам выклікаюць перакладчыкаў, бо суддзі не ў стане весці працэс на беларускай мове.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства