viasna on patreon

Гомельскія праваабаронцы звярнуліся ў аблвыканкам і УУС у сувязі з новымі выпадкамі дыскрымінацыі цыганоў у прэсе

2014 2014-08-13T08:17:53+0300 2014-08-13T08:17:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cyganka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка звярнуліся ў Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама і абласное Упраўленне ўнутраных спраў у сувязі з антыцыганскімі выпадамі ў газеце Акцябрскага райвыканкама «Чырвоны кастрычнік». Як ужо паведамляў ПЦ «Вясна», выданне апублікавала артыкул аўтарства мясцовай міліцыі з заклікам да грамадзян праяўляць пільнасць (https://www.spring96.org/be/news/3465). Артыкул дае парады, першая з якіх гучыць так: «Сцеражыцеся асоб цыганскай нацыянальнасці, якія пад любой падставай (варажбы, продажу тавараў, куплі хатніх жывёл, папіць вады) спрабуюць пранікнуць у ваша жыллё і здзяйсняюць крадзяжы грошай, каштоўнасцяў».

Таксама газета нагадвае: «Асабліва выклікае неспакой здзяйсненне злачынства ў дачыненні да дадзенай катэгорыі грамадзян асобамі цыганскай нацыянальнасці». І на заканчэнне міліцыя піша: «У выпадку з'яўлення ў населеных пунктах раёна асоб цыганскай нацыянальнасці, а таксама работнікаў сацыяльных службаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія выклікаюць падазрэнне, просьба неадкладна паведаміць у аддзел унутраных спраў па тэл. 102».

У сувязі з гэтым праваабаронцы просяць ідэолагаў указаць галоўнаму рэдактару газеты на недапушчальнасць публікацыі матэрыялаў, што прапагандуюць цыганафобію. А начальніку УУС задаюць пытанне, чаму не робяцца адрозненні паміж цыганкамі-махляркамі і іх сумленнымі аднапляменніцамі? «Навошта перашкаджаць апошнім прыносіць карысць грамадству? Можа, для таго, каб яны хутка папоўнілі шэрагі прасіцеляў міласціны? Што гэта за прававая дзяржава, дзе Фаму б'юць за Яроміну віну з дабраславення праваахоўнікаў?», - пытаюцца гомельскія праваабаронцы і просяць указаць акцябрскім міліцыянтам на недапушчальнасць дыскрымінацыйнага стаўлення да нацыянальных меншасцяў.

Разам з тым, адзначым, што нядаўна ў гомельскай газеце «Савецкі раён» быў апублікаваны артыкул пад назвай «Цыгане парушаюць закон не часцей за астатніх гамяльчан». Са спасылкай на начальніка РАУС Аляксандра Слесарэнку паведамляецца, што ў Савецкім раёне па 103 адрасах пражываюць 385 цыганоў. І вось у мінулым годзе было зарэгістравана ўсяго два злачынствы, пад падазрэнне ў здзяйсненні якіх патрапілі цыганы.

Нагадаем, гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка неаднаразова ўздымалі на ўсіх узроўнях праблему дыскрымінацыі ў дачыненні цыганскага народу. Некалькі гадоў таму галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці абяцала ў адказе праваабаронцам, што рэдактары газет будуць сачыць за тым, каб у матэрыялах не ўказвалася нацыянальнасць злачынцаў ці падазроных асоб. З МУС быў атрыманы адказ, што «сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пастаянна вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчальнасці канкрэтызацыі ў публічных выступах расавых, этнічных і рэлігійных прыкмет злачынцаў».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства