Мікалай Аўтуховіч абскардзіў пракурору адмову ў выездзе на медабследванне
Былы палітвязень, у дачыненні да якога дзейнічаюць жорсткія абмежаванні ў сувязі з прэвентыўным наглядам, лічыць, што супрацоўнікі Ваўкавысскага РАУС парушылі яго правы, калі забаранілі выехаць у Мінск на абследванне ў недзяржаўным медыцынскім цэнтры.
Адмову ў выездзе на абследванне, запланаванае з 28 траўня па 7 чэрвеня, Мікалай Аўтуховіч атрымаў у Ваўкавысскім РАУС 27 траўня. Там яму заявілі, што ён павінен прадаставіць афіцыйнае, выдадзенае дзяржаўнай медыцынскай установай, накіраванне, якое б сведчыла пра неабходнасць такога абследвання.
Былы палітвязень лічыць, што такая забарона з’яўляецца неабгрунтаванай і парушае яго правы, прадугледжаныя заканадаўствам аб органах унутраных справаў і аб ахове здароўя, таму накіраваў скаргу на імя пракурора Ваўкавысскага раёна.
“Супрацоўнікі АУС перавысілі свае паўнамоцтвы, калі ўстанавілі мне неабгрунтаваныя абмежаванні і высунулі не заснаваныя на законе патрабаванні. Раней цягам пяці гадоў, знаходзячыся ў СІЗА, калоніі, турме, я дамагаўся ад розных інстанцыяў у МУС магчымасці атрымаць за ўласныя сродкі кваліфікаванае стаматалагічнае лячэнне. Дагэтуль усе забароны і абмежаванні былі звязаныя з тым, што я знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, і арганізаваць маё канваяванне ў тую ці ііншую медыцынскую ўстанову было складана. Зараз я знаходжуся на свабодзе, аднак ізноў вымушаны фізічна пакутваць у сувязі з тым, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў адвольна разумеюць сваё права на ажыццяўленне прэвентыўнага нагляду”, - піша ён у скарзе.
Артыкул 80 Крымінальнага кодэкса РБ кажа, што прэвентыўны нагляд устанаўліваецца для назірання за паводзінамі былога зняволенага, папярэджання злачынстваў з яго боку і аказання на яго неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. А паводле Закона “Аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь”, дзейнасць гэтых органаў ажыццяўляецца на прынцыпах законнасці, павагі і выканання правоў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзянаў, гуманізму. Супрацоўнік органаў унутраных справаў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабодаў грамадзяніна мусіць растлумачыць яму падставы для такога абмежавання, а таксама яго правы і абавязкі ў сувязі з гэтым.
Паводле Закону “Аб ахове здароўя”, пацыент мае права на атрыманне медыцынскай дапамогі, выбар лекара і медыцынскай установы, а таксама на ўдзел у выбары метадаў аказання меддапамогі, выбар асобаў, якім можа быць паведамлена інфармацыя пра стан яго здароўя. Зыходзячы з гэтага, Мікалай Аўтуховіч робіць выснову, што супрацоўнікі Ваўкавысскага РАУС неабгрунтавана пазбавілі яго магчымасці свабоднага самастойнага выбару арганізацыі аховы здароўя.
“Адначасова мяне вымушаюць разгалошваць медыцынскую таямніцу – звесткі пра факт звароту за меддапамогай і пра стан майго здароўя. Неабгрунтавана падвергнуты сумневам высновы лекара, які накіраваў мяне на абследванне ў пэўную медыцынскую ўстанову”, - паведамляе ён пракурору.
Настойваючы на тым, што падставай для адмовы ў выедзе за межы горада могуць быць толькі абгрунтаваныя довады пра яго супрацьпраўныя намеры ці мэту ўскладніць нагляд за ім, Мікалай Аўтуховіч просіць пракурора даць законную ацэнку дзеянням супрацоўнікаў Ваўкавысскага РАУС. Пры гэтым ён звяртае ўвагу, што непасрэдна пасля ўказанай адмовы яму дазволілі выезд у Мінск на часовае пражыванне - проста так, без указання мэты выезду. На яго думку, гэта азначае што сам па сабе яго выезд у Мінск “не ўяўляў небяспекі для інтарэсаў дзяржавы і грамадства, якія ахоўваюцца законам”.
Нагадаем, пастановай суда Ленінскага раёна г. Гродна ў дачыненні да Мікалая Аўтуховіча быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год і чатыры месяцы і звязаныя з гэтым абмежаванні. Ён можа выязджаць за межы горада, раёна па службовых і асабістых справах толькі са згоды органа ўнутраных справаў, які ажыццяўляе прэвентыўны нагляд.