Гутарка зь Юліяй Ляшкевіч, ініцыятаркай яркіх кампаній па падтрымцы палітвязьняў у часе ЧС па хакеі
Якія кампаніі праводзіліся падчас ЧС па хакеі ў абарону сядзельцаў? Ці сапраўды грамадзянская супольнасьць Беларусі робіць максымум для падтрымкі палітвязьняў? Карэспандэнт парталу, прысьвечанага палітвязьням, пагутарыў зь Юліяй Ляшкевіч, рэклямшчыцай, ініцыятаркай яркіх ідэяў на карысьць беларускага грамадзтва, даведаліся пра хаду кампаніі з хэштэгамі, таталізатар, а таксама задаліся пытаньнем, чаму апазыцыя не скарысталася магчымасьцю расказаць замежнікам пра беларускія рэаліі.
“Хакейныя” хэштэгі як альтэрнатыва друкаваным улёткам
Ідэя выкарыстоўваць хэштэгі ўзьнікла, пасьля доўгіх роздумаў і пошукаў альтэрнатыўных шляхоў распаўсюду інфармацыі. Падумалася, чаму б не скарыстацца хэштэгамі, якія будуць ужываць на чэмпіянаце сьвету (#minsk2014 #worldcup2014 #icehockey2014 #humanrights #politicalprisoners #fairplay і інш.) для распаўсюду правільнай інфы. Такая ж ідэя цудоўна спрацавала на алімпіядзе ў Сочы, калі па запыце #сочи2014 першым зьяўляўся артыкул аб становішчы гомасэксуалістаў у Расеі.
Першапачаткова ідэя з “хакейнымі” хэштэгамі палягала на перапошчваньні шэрагу артыкулаў на ангельскай мове, дзе б у розных аспэктах расказвалася, што адбываецца ў Беларусі.
Мы рабілі кампанію, уяўляючы сябе на месцы замежнага госьця, які нічога ня ведае пра Беларусь, але прыехаў сюды на хакей і вось, што ён можа пабачыць, што, магчыма, застанецца ў яго галаве.
Мы хацелі візуалізаваць інфармацыю так, каб яна чапляла. Не посьціць сухія заявы палітыкаў, а расказаць гісторыю. Напрыклад, замежны заўзятар пытаецца: ну як у вас тут ў Беларусі? А ў адказ чуе: здаецца, чыста, але перад тваім прыездам арыштавалі 27 маладзёнаў, у тым ліку асудзілі на 25 сутак чалавека, жонцы якога хутка нараджаць. Такую гісторыю зразумее кожны!
Крыху пазьней зьявіўся шэраг плякатаў пра палітзьняволеных, бо знак хэштэга # падобны да кратаў. А таксама ўзьнікла сэрыя плякатаў пра прэвэнтатыўныя затрыманьні напярэдадні чэмпіяната.
Ажыцьцяўленьне
Варта адзначыць, што гэта абсалютна валянтэрскі праект. Калі ідэя была закінута ў інтэрнэт, адразу ж адгукнуўся Дызайнэр Свабода, які стварыў ўсе плякаты. Таксама да распаўсюду інфармацыі далучыўся Мікалай Халезін, які далучыў да супрацы Алега Мініча, легэндарнага чалавека, які рабіў мульты пра Лукашэнку. Сп. Мініч стварыў нам якасную выяву шлема. Усе разумелі, што разам робяць карысную справу.
Мэтавая аўдыторыя кампаніі
Праект задумваўся як для беларусаў, бо ў нас адчуваецца недахоп інфармацыі, так і для заходніх заўзятараў, аматараў хакея, каб яны атрымалі ўяўленьне аб беларускай сытуацыі.
Моцнай матывацыяй зрабіць гэты праект былі родныя палітвязьняў. На фоне падзеяў ва Ўкраіне, якімі ўсе захапіліся, большасьць забылася на палітзьняволеных, а родныя і блізкія сядзельцаў гэта заўважаюць.
Фідбэк і вынікі
Шчыра магу сказаць, што кампанія правалілася, і, па вялікім рахунку, высілкі не апраўдалі сябе.
Сутнасьць кампаніі палягала на тым, каб зьявіўся касьцяк людзей − чалавек 100 − які б капіяваў важную інфармацыю, плякаты, дадаючы хэштэгі. Тады мы б выйшлі спачатку ў беларускі топ ў твітары, інстаграме, а пасьля, хаця б на 1 дзень, сталі топамі ў Эўропе. І гэта прыцягнула б увагу да праблемы прэвэнтатыўных затрыманьняў і палітвязьняў! Быў бы вынік, прыйшло б усьведамленьне, што мы можам нешта рабіць.
Наша праблема ў тым, што людзі нічога ня робяць. Напрыклад, на ўзроўні партыяў кампанію не падтрымаў ніхто. Мяне гэта вельмі зьдзівіла. Ужо было арыштавана 27 чалавек, людзі ў facebook пачалі ставіць сабе аватаркі ў выглядзе шлема, у якасьці шпалераў − сьцягі зь імёнаў затрыманых, СМІ чакалі прэс-рэлізаў, а лідэры партый посьцілі свае нечытэбельныя заявы і разважалі аб Эўравізіі, ня бачачы сувязі паміж чэмпіянатам і прэвэнтатыўнымі арыштамі.
Кампанія з плякатамі і хэштэгамі паказала, што справа не ў расповядах апазыцыі пра недахоп прадукцыі, а справа ў тым, што мы не гатовыя працаваць, не гатовыя карыстацца найноўшымі сродкамі распаўсюду інфармацыі. На жаль, грамадзянская супольнасьць Беларусі дагэтуль нават інтэрнэтам карыстаецца на ўзроўні: надрукаваў улётку – павесіў на сьцяне.
Так, шмат у чым гэты чэмпіянат сьвету па хакеі працуе на дыктатара, але існуе шмат аспэктаў, дзе ён працуе супраць яго, якімі, на жаль, ніхто не захацеў скарыстацца.
Працяг гутаркі зь Юліяй Ляшкевіч пра Таталітарызатар – магчымасьць прадказаць будучыню па затрыманьні грамадзкіх актывістаў чытайце пазьней на сайце palitviazni.info.