Юрый Рубцоў абвясціў галадоўку супраць новага арышту
22 траўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля асудзіў апазіцыйнага актывіста Юрыя Рубцова, які толькі вызваліўся пасля 25-сутачнага арышту з Мінскага ЦІПу, да 5 сутак адміністратыўнага арышту. На волю актывіст выйдзе 27 траўня ў 04:00. У знак пратэсту супраць міліцэйскага і судовага свавольства ў ІЧУ Рубцоў абвясціў галадоўку.
Як паведамляе сайт "Гомельскай вясны", у ІЧУ 52-гадовага мыжчыну наведаў адвакат.
Са слоў Рубцова, у апошні дзень адбыцця пакарання на Акрэсціна ў Мінску яго наведаў следчы і ў прысутнасці адваката апытаў з нагоды абразы суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха. 21 траўня актывіста на мікрааўтобусе вывезлі з цэнтру ізаляцыі за некалькі гадзінаў да вызвалення. Прывезлі ў пастарунак міліцыі чыгуначнага вакзалу, дзе патрабавалі падпісаць паперы аб адсутнасці прэтэнзій наконт канфіскаванай майкі, на што ён адказаў катэгарычнай адмовай. На свабоду яго адпусцілі каля 19:30.
Паколькі асабісты мабільны тэлефон Рубцова за час адсідкі разрадзіўся, ён папрасіў у курсанта на вакзале патэлефанаваць жонцы. Не паспеў Юрый сказаць некалькі слоў, як да курсанта падбег чалавек у цывільным і заявіў: "вы далі тэлефон шпіёну". У Гомель Рубцоў прыехаў цягніком Баранавічы-Марыупаль каля 4 гадзінаў раніцы, дадому накіраваўся пешшу.
Недалёка ад чыгуначнага вакзалу, у раёне вуліцы Цыялкоўскага, да яго са словамі "Юры - гэта Вы?" падбеглі два супрацоўнікі АМАПу і тут жа запатрабавалі пашпарт. Актывіста спрабавалі абшукваць на прадмет знаходжання наркотыкаў, аднак прапаршчык і старэйшы лейтэнант атрымалі катэгарычны пратэст.
На пад'ехаўшым тут жа міліцэйскім УАЗе Юрыя даставілі ў аддзяленне міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе затрымаўшыя яго АМАПаўцы падалі рапарты аб непадпарадкаванні і нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы з боку Рубцова. Пры складанні пратаколаў на патрабаванне затрыманага пра адваката яму было адмоўлена, таксама як і ў магчымасці патэлефанаваць жонцы.
Пасля складання пратаколаў Рубцова адвезлі ў ІЧУ, адтуль - у суд Чыгуначнага раёна Гомеля. У судзе супраць актывіста ілжыва сведчылі ўсё тыя ж прапаршчык і старэйшы лейтэнант АМАПу, са слоў якіх "пры затрыманні Рубцоў упаў на зямлю, супраціўляўся, лаяўся ў іх бок нецэнзурна". У судзе Рубцоў заявіў, што адмаўляецца прымаць удзел у спектаклі пад назвай суд.
Суддзя, прозвішча якога актывіст не запомніў, паверыў амапаўцам і асудзіў па двух пратаколах да 5 сутак арышту, пасля чаго Юрый Рубцоў заявіў, што абвяшчае галадоўку супраць міліцэйскага і судовага свавольства.
Пакаранне ў ІЧУ Юрый Рубцоў адбывае ў адзіночнай камеры. Баючыся паўтарэння незаконных дзеянняў з боку людзей у форме, ён просіць неабыякавых сустрэць яго раніцай 27 траўня каля Гомельскага ІЧУ.