Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2014 года
Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Сакавік 2014 года
На сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі значны ўплыў аказвалі падзеі, якія фарміравалі грамадска-палітычную павестку месяца, сярод якіх -- выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў (23 сакавіка), рэакцыя грамадзян на сітуацыю ў суседняй Украіне, святкаванне чарговай гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі – Дзень Волі (25 чакавіка). Магчымасці карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, найперш свабодай выказвання меркавання, былі празмерна абмежаванымі. Так, затрымліваліся і падвяргаліся арыштам і штрафам удзельнікі масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў (у тым ліку і кандыдаты ў дэпутаты), калі ў сваіх публічных выказваннях закраналі вострыя праблемы накшталт наяўнасці палітвязняў і зніклых, выказвалі стаўленне да падзеяў ва Украіне, заклікалі ігнараваць выбары і г.д. За акцыі салідарнасці з украінскім народам і выказванне падтрымкі змаганню супраць расійскай агрэсіі былі затрыманы 30 чалавек, з якіх 8 былі падергнуты адміністрацыйным арыштам. Нягледзячы на атрыманы ад уладаў Мінска дазвол на правядзенне шэсця і мітынга на Дзень Волі, 8 яго ўдзельнікаў былі затрыманы, 2 з якіх атрымалі пакаранні ў выглядзе арыштаў. Фіксаваліся выпадкі прэвентыўных адвольных затрыманняў і доўгатэрміновай ізаляцыі актывістаў напярэдадні Дня Волі і дня выбараў. У многіх выпадках разам з удзельнікамі масавых мерапрыемстваў, як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных, затрымліваліся журналісты, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.
Самай вострай праблемай па-ранейшаму заставалася наяўнасць палітычных зняволеных. У сакавіку выйшаў на волю пасля 3-месячнага арышту за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду актывіст «Маладога Фронту» Уладзімір Яроменак, але гэта не змяніла агульную карціну -- за кратамі працягвалі ўтрымлівацца 10 палітзняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Андрэй Гайдукоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. У публічнай прасторы не вельмі актыўна, але ўсё ж працягвалі агучвацца патрабаваннні з боку Еўрапейскага Саюза аб іх вызваленні як перадумове наладжвання эфектыўнага супрацоўніцтва з беларускім афіцыйным бокам. Так, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас працоўнага візіту ў гэтую краіну міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея 28 лютага-1 сакавіка адзначыў, што «існаванне палітычных зняволеных застаецца істотнай праблемай у адносінах ЕС і Беларусі”. 1 сакавіка Уладзімір Макей ў Вільні даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву BNS (Baltic News Service), у якім выказаў нязгоду з пазіцыяй Лінаса Лінкявічуса: “Ваш міністр падкрэсліў, што ў нас ёсць так званыя палітвязні, з чым мы, натуральна, катэгарычна не згодныя. Гэтыя асобы панеслі канкрэтныя пакарання за пэўныя крымінальныя дзеянні, не буду ўдавацца ў дэталі. Мы са свайго боку падкрэслілі, што таксама б хацелі , каб Еўрапейскі саюз зняў з Беларусі санкцыі супраць 243 асоб і 32 прадпрыемстваў, якія, з нашага пункту гледжання, абсалютна неабгрунтавана былі ўведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года (…) У гэтым плане мы разумеем, што трэба вырашаць існуючыя праблемы ў адносінах паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. З нашага боку - патрабаванне адмены санкцый, з боку ЕС - вызваленне асоб, так званых палітвязняў. Мы лічым, што ўсё павінна знаходзіцца не ў палітычнай сферы, а ў чыста прававой сферы. Усё павінна вырашацца ў адпаведнасці з законам. Калі суд палічыць, альбо адпаведныя праваахоўныя структуры палічаць, што асоба падлягае вызваленню, або калі гэты чалавек напіша адпаведнае прашэнне аб памілаванні, адпаведнымі кампетэнтнымі камісіямі або органамі гэтыя просьбы будуць разгледжаны і ўнесены на разгляд кіраўніку дзяржавы”. Асобна У. Макей пракаментаваў сітуацыю з Алесем Бяляцкім: “Наколькі мне вядома, вывучаюцца абставіны гэтай справы. Я не магу зараз гарантаваць, адказваць за Генпракуратуру і за адпаведныя структуры, але абставіны гэтай сітуацыі вывучаюцца”.
Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка назваў адзіны шлях, згодна з якім палітвязні могуць выйсці на волю – падача на яго імя прашэння аб памілаванні. 23 сакавіка, адказваючы на пытанне аб вызваленні палітвязняў на выбарчым участку пасля галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, ён заявіў: «Не хачу паўтараць, але будзе зварот (аб памілаванні – рэд.) - будзе мой подпіс. Не будзе - ні чэмпіянат свету (па хакеі), ні 70- годдзе перамогі, нічога не дапаможа. Гэта мой прынцыповы падыход да гэтага, і не толькі мой. Мы - дзяржава, мы - краіна. І нас не трэба нахіляць. І не трэба зыходзячы з двайных, трайных стандартаў да нас адпаведным чынам ставіцца. Не ад майго подпісу тут нешта залежыць». На ўдакладненне журналіста БелаПАН аб тым, што былі прэцэдэнты, калі кіраўнік дзяржавы даваў памілаванне зняволеным і без прашэнняў, А. Лукашэнка заявіў: «Так, і без прашэнняў я прымаю масу такіх рашэнняў. Я толькі не ведаю, чаму вы зацыкліліся на некалькіх прозвішчах. Прэзідэнт мае права памілаваць любога чалавека па пэўнай працэдуры. Так, бывалі выпадкі, але ж злачынства злачынству розніца, па-першае. Па-другое, я часта вам казаў і вашым там падабаронным - не напружвайце абстаноўку. Вінаваты - ціхенька, без шуму, без гвалту, давайце ўнутры краіны вырашаць гэтае пытанне. Вы вывелі гэтыя пытанні на міжнародны ўзровень. Вось адпаведны, адэкватны, сіметрычны адказ. Але мая заява і мае прапановы, калі ўжо хочаце, застаюцца ў сіле».
Захоўвалася сітуацыя разыходжання ЕС з пазіцыяй беларускіх праваабаронцаў па колькасным спісе палітвязняў, а таксама нявызначанасці персанальнага спісу, адносна якога Еўрасаюз вядзе перамовы з беларускім бокам і патрабуе вызвалення. 10 сакавіка на просьбу БелаПАН пракаментаваць сітуацыю з офіса кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Філіпа Качмарака паступіў адказ, у якім гаварылася: «афіцыйная колькасць палітзняволеных — 11». Пры гэтым падкрэслівалася, што без вызвалення палітзняволеных «адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю не палепшаюць». Але ўжо 12 сакавіка памочнік Качмарака Сільвія Фодар заявіла, што дадзеная не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй Еўрапарламента: «Я б хацела зрабіць удакладненне наконт заявы адносна палітзняволеных у Беларусі. Лічба «11», якая згадвалася ў папярэднім каментарыі, называецца некаторымі няўрадавымі арганізацыямі і не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй Еўрапарламента».
Нягледзячы на рознаўзроўневыя дыскусіі адносна праблемы палітвязняў, іх лёс на працягу лютага заставаўся нязменным, а сітуацыя з шырокім спектрам правоў усё болей кансервавалася ў самых негатыўных праявах.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
3 сакавіка стала вядома, што палітвязень Мікалай Статкевіч вымушаны быў напісаць заяву аб бяспечыным утрыманні ў сувязі з пачасціўшыміся ў адносінах да яго правакацыямі. Па ягоным меркаванні, гэта адбываецца ў сувязі з жаданнем уладаў прымусіць яго напісаць прашэнне пра памілаванне. У выніку М. Статкевіч быў пераведзены ў адзіночную камеру турмы № 4 у Магілёве. 8 сакавіка ў лісце жонцы Марыне Адамовіч палітвязень паведаміў, што адчуае небяспеку свайму жыццю. Па ягоных словах, небяспека тлумачыцца тым , што разам з ім у камеры быў іншы зняволены , на якога ў выпадку адмысловай правакацыі адміністрацыя магла ўскласці адказнасць.
11 сакавіка ў 8 раніцы з арыштнага дома ў Баранавічах на волю выйшаў актывіст “Маладога Фронту” Уладзімір Яроменак, які адбываў трохмесячны арышт за парушэнне рэжыму прэвентыўнага нагляду. У. Яроменак адзначыў, што адміністрацыя да яго ставілася нармальна, былі зафіксаваны два парушэнні, але ў штрафны ізалятар яго не накіроўвалі. На пытаньне, ці будзе працягваць грамадскую дзейнасць, былы палітвязень не адказаў, зазначыўшы, што будзе вырашаць гэта пытанне зь сям’ёю, але сваіх палітычных перакананняў ён не змяняе. У. Яроменак падзякаваў усім, хто пісаў яму, ён атрымліваў сотні лістоў з волі, а таксама незалежныя газетам «Новы час і «Свободные новости», якія падпісалі яго на свае выданні.
24 сакавіка грамадская актывістка і рэжысёр Вольга Мікалайчык паведаміла, што з атрымана ад палітвязня Васіля Парфянкова ліста ёй стала вядома, што з 37 дзён, адбытых у калоніі ў Горках, ён 23 дні утрымліваўся ў ШЫЗА. Васіль паведаміў пра вялікі ціск на яго з боку адміністрацыі калоніі: у яго ўжо 10 парушэнняў рэжыму, за што яго пазбавілі спатканьняў і перадач. В. Парфянкоў так пракаментаваў сваю будучыню ў калоніі: «Засталося 8 месяцаў голаду». Паводле ліста Васіля Парфянкова, ён так і не атрымаў высланы яму праваслаўны крыжык і мапы свету ды Беларусі. Чаму яму не дазволілі атрымаць гэтыя рэчы, палітвязню невядома.
18 сакавіка ў Гродзенскай турме адбыўся выяздны суд па пытанні ўстанаўлення над палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам прэвентыўнага нагляду. Суд праходзіў без адваката, яму паведамілі пра пачатак працэсу за паўгадзіны да працэсу. М. Аўтуховіч хадайнічаў адкласці суд да з'яўлення абаронцы, але яму адмовілі. Справу разглядаў суддзя суда Ленінскага раёна Гродна Юрый Казакевіч. Над М. Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год і 4 месяцы. Пасля суда М.Аўтуховіч сустрэўся са сваім абаронцам. Палітвязень скардзіўся на боль у руцэ і высокую вільготнасць у камеры. 28 сакавіка суд прызнаў скаргу палітвязня Мікалая Аўтуховіча неабгрунтаванай і адмовіў у яе задавальненні. Рашэнне прынята суддзёй Ленінскага раённага суда Гродна Жанай Краўчанкай. Два папярэднія дні ў гродзенскай турме нумар 1 на выязным пасяджэнні адбываўся разгляд скаргі вязня на спагнанні, якімі пакарала яго адміністрацыя. Двойчы яму далі вымову і адзін раз змясцілі ў штрафны ізалятар. Мікалай Аўтуховіч спадзяваўся, што калі скаргу задаволяць, гэта можа паўплываць на ўмовы яго жыцця пасля вызвалення.
26 сакавіка “Наша Ніва” атрымала з Адміністрацыі прэзідэнта адказ на свій запыт, датычны заявы А. Лукашэнкі 21 студзеня падчас сустрэчы з кіраўнікамі буйных беларускіх СМІ, што ён не ведае пра тое, што вызначаная судом нібыта нанесеная шкода праваабаронцам і палітвязнем Алесем Бяляцкім – даўно выплачаная. Тады ж А. Лкашэнка адразу ж даручыў намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Радзькову разабрацца ў пытанні: «Гэта сур'ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю». Тады ж ён сказаў, што калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытанне пра ўжыванне да А.Бяляцкага амністыі. Адказ з Адміністрацым падпісаны загадчыкам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко. Ён запэўніў, што «А.В.Бяляцкім кампенсавана вызначаная рашэннем суда шкода, нанесеная дзяржаве», а «інфармацыя па гэтым пытанні даведзена да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Аднак «у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам пры разгляданні пытанняў аб памілаванні або ўмоўна-датэрміновым вызваленні факт кампенсацыі шкоды разглядаецца ў комплексе з іншымі абставінамі, якія заслугоўваюць увагі», – удакладнялася ў адказе. Пры гэтым трэці шлях, згодна з якім А. Бяляцкі можа быць вызвалены, у адказе не быў названы, а менавіта – вызваленне паводле амністыі. 31 сакавіка Гродзенскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу калегі А. Бяляцкага -- Таццяны Рэвяка, пакінуў у сіле рашэнне пра забарону ўвозу ягонай кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” на тэрыторыю Беларусі. Калегія суддзяў па грамадзянскіх справах прыняла рашэнне за тры хвіліны, што сведчыць пра тое, што яно было прынятае загадзя. Пры гэтым старшынюючы ў паседжанні суддзя Аляксандр Калеснік паводзіў сябе агрэсіўна і па-хамску. Ён не дазволіў заяўнікам падчас паседжання выказацца ў поўным аб’ёме і данесці да суда свае меркаванні. Матывы, па якіх касацыйная скарга не была задаволеная, не былі агучаны, было толькі заяўлена, што яны будуць выкладзеныя ў вызначэнні суда, з якім магчыма будзе азнаёміцца праз пяць дзён у судзе Ашмянскага раёна.
31 сакавіка палітвязень Эдуард Лобаў у лісце маці Марыне Лобавай паведаміў, што адмаўляецца ад сустрэч з адвакатам, паколькі не мае магчымасці весці з ім прыватную гутарку, калі з аднаго і з другога боку сядае супрацоўнік калоніі. Яна адзначыла, што калі нават прыязджае ксёндз, яны не могуць застацца сам-на-сам, і споведзь не можа адбыцца.
31 сакавіка Анатоль Пракапенка, бацька палітвязня Арцёма Пракапенкі, паведаміў, што з тэлефоннай размовы з сынам яму стала вядома пра дазвол на доўгатэрміновае спатканне з роднымі ў чэрвені. Бацька палітвязняў дадаў , што ў сына была прастуда , але цяпер са здароўем усё ў парадку. Раней А. Прапкапенка увесь час хадзіў на працу , але зараз яе стала мала, і ён займаецца спортам і чытае кнігі.
31 сакавіка рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў адказ на свой зварот у абласную грамадскую назіральную камісію пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Зварот тычыўся ўмоў утрымання ў магілёўскай турме Яўгена Васьковіча. З ліста, атрыманага Анатолем Санаценкам, вынікае, што 21сакавіка старшыня Грамадскай назіральнай камісіі Віктар Сідарэнка і яшчэ адзін яе прадстаўнік наведалі магілёўскую турму № 4. У іх адбыліся сустрэчы і гутаркі з начальнікам турмы, начальнікам аддзела папраўчага працэсу і яго намеснікам, з турэмным лекарам і з работнікам мясцовай бібліятэкі, а таксама з самім журналістам і палітвязнем Яўгенам Васьковічам. Камісія старанна даследавала ўмовы ўтрымання Васьковіча і ўмовы ўтрымання зняволеных у штрафным ізалятары (ШІЗА). Высветлілася, што палітвязень утрымліваецца ў камеры на 10 месцаў агульнай плошчай 33,89 кв. м., ён забяспечаны трохразовым харчаваннем, штотыднёвай санітарнай апрацоўкай і зменай пасцельнай бялізны. Па медыцынскую дапамогу за тры гады знаходжання ў турме звяртаўся адзін раз, у снежні 2013 г. За студзень-сакавік 2014 г. прачытаў 18 кніг, узятых з турэмнай бібліятэкі. У апошнія тры месяцы ў ШІЗА яго не змяшчалі. Між тым, праверка ўмоў утрымання ў штрафным ізалятары выявіла парушэнне Мінімальных стандартных правіл, прынятых на першым кангрэсе ААН у 1955 г. Ізалятар знаходзіцца ў падвальным памяшканні, ён не абсталяваны вокнамі з дзённым святлом. Звяртае на сябе ўвагу наступны факт з характарыстыкі на Васьковіча, выдадзенай старшыні Грамадскай камісіі кіраўніцтвам папраўчай установы: з кастрычніка 2011 г. па снежань 2013 г. Васьковіча 43 разы каралі ў дысцыплінарным парадку, у тым ліку 27 разоў змяшчалі ў ШІЗА за 27 месяцаў знаходжання ў турме. Старшыня Грамадскай камісіі звярнуў таксама ўвагу на наступнае разыходжанне: падчас гутарак з супрацоўнікамі папраўчай установы на паводзіны Васьковіча ніхто не скардзіўся, а характарыстыку яму выдалі вельмі кепскую. Кіраўніцтвам папраўчай установы ён характарызуецца адмоўна; 11 ліпеня 2012 г. пастаўлены на прафілактычны ўлік як схільны да хуліганскіх праяў, да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю.
Смяротнае пакаранне
12 сакавіка Любоў Кавалёва -- маці Уладзіслава Кавалёва, аднаго з расстраляных па абвінавачванні ў здзяйсненні тэракта ў мінскім метро, і ягоная сястра Таццяна Казяр накіравалі Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку заяву з патрабаваннем узнавіць расследаванне справы па адкрытых новых абставінах з наступнай рэабілітацыяй. Гэтымі новымі абставінамі яны лічаць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, згодна з якім дзяржава парушыла права на жыццё асуджанага, а таксама шэраг правоў, гарантаваных нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі: забарона ўжывання фізічнай сілы, прэзумпцыя невінаватасці, стандарты справядлівага правасуддзя. Заяўнікі адзначаюць, што выяўленыя парушэнні могуць быць выпраўлены толькі шляхам перагляду крымінальнай справы.
21 сакавіка маці і сястра абвінавачанага ў арганізацыі тэракту у мінскім метро і пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва звярнуліся да Старшыні Вярхоўнага суда з нагляднай скаргай. Яны патрабуюць адмяніць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і Калегіі па грамадзянскіх справах гарадскога суда. Абедзьве інстанцыі адмовілі ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія адмовілі прадаставіць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава. У скарзе на імя старшыні Вярхоўнага суда акцэнтуецца ўвага на двух момантах, з улікам якіх скарга на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў мусіць быць разгледжана. Па-першае, раённым і гарадскім судом не было ўлічана меркаванне КПЧ ААН наконт таго, што быў парушаны артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь ратыфікавала гэтае пагадненне, адпаведна, мусіць няўхільна выконваць. Адмова разгледзець справу ў судзе азначае, што Беларусь ігнаруе патрабаванні ратыфікаванага дакументу. Па-другое, сваякам Кавалёва было адмоўлена ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на незалежнае судовае разбіральніцтва і абарону ў судзе. Нават у тым выпадку, калі суд лічыць, што разгляд пытання пра месца пахавання пакаранага смерцю не падведамасны агульным судам Беларусі, сваякам мусілі паведаміць, у якую судовую інстанцыю яны могуць звярнуцца са сваёй скаргай. Тое, што выкананне смяротнага пакарання рэгламентуецца Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не азначае, што ў судовым парадку нельга патрабаваць інфармавання сваякоў аб месцы пахавання. Паводле нагляднай скаргі Любоў Кавалёва і Тацяна Казяр патрабуюць, каб Прэзідуюм Вярхоўнага суда адмяніў рашэнні ніжэйшых судовых інстанцый. А справа супраць дзеянняў КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія не выдаюць інфармацыі аб месцы пахавання Уладзіслава Кавалёва, была накіраваная ў Кастрычніцкі райсуд Мінска для разгляду па сутнасці.
31 сакавіка шасцёра брэсцкіх праваабаронцаў накіравалі ў Савет Міністраў зварот з прапановай унесці ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс норму, якая прадугледжвае пяцігадовую адтэрміноўку выканання смяротных прысудаў.
Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання
5 сакавіка Людміла Кучуры, жонка зняволенага Пятра Кучуры, у дачыненні да якога была прыменена хлорка як сродак катавання ў ПК-15 г. Магілёва, накіравала звароты ў Генеральную пракуратуру - начальніку аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Паўлу Елісееву, а таксама ў заканадаўчы орган - у Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яе скаргі ў сувязі з ужываннем катаванняў у адносінах да мужа мелі патрэбу ў праверцы і прыняцці працэсуальнага рашэння. Варта было ўстанавіць сам факт жорсткага, бесчалавечнага абыходжання і даць яму належную ацэнку. Але неаднаразовыя скаргі ў органы Следчага камітэта і пракуратуры вынікаў не далі. Разгляд скаргі Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС, куды яна была перанакіраваная органамі следства, ніяк не можа лічыцца бесстароннім. У сваіх зваротах у генпракуратуру і парламент Людміла Кучура падкрэслівае, што заканадаўства Беларусі не мае норм пра адказнасць службовых асоб за катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, аднак магчымая кваліфікацыя іх дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць чалавека і супраць інтарэсаў службы. Таксама, зыходзячы з асабістага вопыту, сцвярджае, што заканадаўствам Беларусі не прадугледжана эфектыўнага механізму расследавання скаргаў пра катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне. Яна нагадвае, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятую рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1984 года. Таму ў сваіх зваротах жанчына просіць Генпракуратуру і камісіі ПП НС правесці праверку па яе заяве з пункту гледжання захавання Рэспублікай Беларусь прынятых на сябе абавязацельстваў па заключаных і ратыфікаваных ёй міжнародных дамовах. Таксама яна просіць заканадаўцаў паведаміць пра меры, якія прымаюцца ПП НС Рэспублікі Беларусь у мэтах уключэння ў крымінальны закон норм, якія крыміналізуюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае абыходжанне.
4 сакавіка ў Мінску позна ўвечары, у дзень беларускай міліцыі, актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрый Паліенка, які летась неаднаразова адбываў пакаранне ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў, быў затрыманы нарадам ППС побач са свежым графіці "Далоў паліцэйскую дзяржаву". Ён быў дастаўлены ў РУУС Кастрычніцкага раёна, дзе супрацоўнікі міліцыі вырашылі адзначыць сваё прафесійнае свята катаваннямі затрыманага. "Ластаўка", г.зн. выварочванне рук, закутых у кайданкі, збіццё, брыдкаслоўе, менавіта такім няхітрым чынам стварылі сабе “святочную атмасферу”. На просьбы затрыманага аказаць яму медыцынскую дапамогу, міліцыянеры не рэагавалі. У выніку актывіст парваў сабе вены зубамі, для таго каб спыніць збіццё. Убачыўшы гэта, супрацоўнікі РУУС ударылі актывіста галавой аб сцяну з такой сілай, што ён страціў прытомнасць. Начальнік аддзялення міліцыі, які прыбыў на шум, усё ж выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі былі ў шоку ад убачанага: сам Дзмітрый, ягонае адзенне, падлога ў камеры, усё было заліта крывёю. Толькі прыбыццё хуткай змагло спыніць збіццё. Дз. Паліенка быў дастаўлены ў 4 гарадскую клінічную бальніцу, дзе яму былі накладзеныя швы, дыягнаставаная чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія ўдары.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
2 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста не стаў разглядаць адміністрацыйную справу, распачатую ў дачыненні кіраўніка абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Вуека. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў складзены прадстаўнікамі ідэалагічнага аддзелу Брэсцкага гарвыканкама і датычыў праведзенага 30 студзеня ў Брэсце пікета па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета сябра АГП Дыяны Касцюковіч. Спачатку супрацоўнікі міліцыі спрабавалі абвінаваціць партыйцаў у тым, што пікет адбываецца ў забароненым месцы ў цэнтры горада, але ўдзельнікі пераканалі іх у адваротным. У наступныя дні пасля пікета некаторых яго ўдзельнікаў пачалі выклікаць у міліцэйскі пастарунак альбо супрацоўнікі праваахоўных органаў самі прыходзілі на працу да актывістаў. Падчас гэтых сустрэч былі вылучаны іншыя прэтэнзіі: маўляў, збіраліся подпісы не толькі за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты, але і за адмену новай пошліны на аўтамабілі, акрамя таго, ажыццяўляўся распаўсюд партыйнага бюлетэня “Голас розуму”. Пры гэтым аргументавана адказаць, якую норму закона партыйцы парушылі, супрацоўнікі міліцыі не змаглі. У выніку адміністрацыйны пратакол быў складзены не міліцыяй, а ідэолагамі. Чыноўнікі з гарвыканкаму палічылі, што ўдзельнікі пікета парушылі закон, бо не ўзгаднілі фармат мерапрыемства ў адпаведнасці з новай пастановай Цэнтрыбаркаму. Аднак суддзя, вывучыўшы пратакол, вырашыў, што складзены ён неахайна і вярнуў на дапрацоўку.
2 сакавіка ў Мінску каля расійскай амбасады актывісты розных рухаў спрабавалі зладзіць акцыю пратэсту супраць агрэсіі Расіі ва Украіне. Ад самага пачатку іх чакалі “аўтазакі” і міліцэйскія аўтамабілі, ўзмоцненыя сілы супрацоўнікаў міліцыі, прычым большасць з іх былі апранутыя ў цывільную вопратку. Сілавікі спрацавалі жорстка, нават не дазволіўшы разгарнуць плакаты і расцяжкі. Адразу ж было затрымана 23 чалавекі. Сярод затрыманых -- карэспандэнт “Нашай Нівы” Ірына Арэхоўская, журналісты Уладзімер Грыдзін, Іна Студзінская, Васіль Сямашка, Сяргей Гапон, Арцём Лява, Яўген Ерчак, актывісты Дзмітрый Дашкевіч, Раман Пратасевіч, Марыя Трафімава, Сяргей Фінькевіч, Марыяна Цітова, Наталля Рак, Аўгіння Багінская, Яна Казакова, Станіслаў Пачнель, Дзмітрый Прэдка, Віктар Дудко, Людміла Каравянская, Генадзь Луцэнка, Ігар Сергіевіч, выпадковыя мінакі і нават прэс –аташэ амбасады еўрапейскай краіны, які не назваў сваё прозвішча (па некаторых звестках гэта аташэ расійскай амбасады Пчалінцаў). Усе затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнагаг райна. Праз гадзіну журналісты былі вызвалены, пры гэтым начальнік ГУУС Мінгарвыкамкама Барсукоў сказаў журналістам: «Вы прадажныя». Быў вызвалены і журналіст Васіль Сямашка, якога Аляксандр Барсукоў пагражаў пасадзіць на вокліч «Слава героям». На працягу трох гадзін былі вызвалены большасць затрыманых, на Дзмітрыя Дашкевіча, Сяргея Фінькевіча, Яўгена Ціханава і Ганну Багінскую ў РУУС былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння. Ганна Багінская была адпушчана да суда, астатнія дастаўлены ў ЦІП. 3 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд адміністратыўных спраў актывістаў “Маладога Фронту” Дзмітрыя Дашкевіча, Сяргея Фінькевіча і Яўгена Ціханава. Справу Сяргея Фінькевіча разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, які асудзіў актывіста да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Актывіст абвінавачваўся па арт.23.4 КаАП - непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Справу Яўгена Ціханава разглядала суддзя Вікторыя Шабуня -- пратакол складзены па арт.арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 17.1 КаАП (дробнае хулінанства). Пастанова суда -- 12 сутак арышту. Вікторыя Шабуна пастанавіла арыштаваць і Дзмітрыя Дашкевіча на 12 сутак арышту па абвінавачанні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі(арт.23.4 КаАП).
2 сакавіка ў цэнтры Мінска на Нямізе падчас масленічных гулянняў быў затрыманы 25-гадовы ўкраінец Антон Чарнечка, які падышоў да міліцыянера і спытаў: «Калі рухне рэжым Лукашэнкі?».
5 сакавіка грамадскі актывіст Максім Вінярскі правёў пікетаванне каля амбасады Расіі у Беларусі. Прыблізна ў 16.00 ён стаў насупраць будынка амбасады з плакатам «Акупанты, прэч з Украіны!». Праз хвіліну ад пачатку пікетавання да Вінярскага падышоў супрацоўнік міліцыі, які ахоўваў амбасаду, і паспрабаваў забраць плакат, патрабаваў паказаць дакументы. Ён выклікаў нарад міліцыі, які ў 16.40 затрымаў актывіста і даставіў у РУУС Цэнтральнага райна Мінска. 6 сакавіка суд Цэнтральнага раёна прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34. КаАП РБ (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пастанавіў аырштаваць на 15 сутак. Рашэнне вынесла суддзя Вікторыя Шабуня.
6 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбылося судовае паседжанне па справе мінчука Віктара Шаршуна, збітага міліцыянтамі за бел-чырвона-белы сцяг, які ён вывесіў на ўласным балконе. Віктара Шаршуна абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і абразе супрацоўнікаў МУС. Справу разглядаў суддзя Валерый Есьман. У працэсе былі дапытаныя сведкі: малодшы сержант міліцыі Каралькоў, які здзяйсняў затрыманне і ўчастковы інспектар Ілля Бугор. Паколькі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.5 КаАП РБ (знявага службовай асобы) адрозніваецца ад ягонай копіі - суддзя адправіў яго на дапрацоўку.
6 сакавіка ў Магілёве на арганізатара традыцыйнай вясенняй акцыі аўтамабілістаў Іллю Палоннікава была заведзена адміністрацыйная справа, а падчас агляду яго кватэры міліцыянеры забралі на экспертызу два ноўтбукі. Акцыю “За добрыя дарогі” аўтамабіліст Ілля Палоннікаў арганізоўваў праз групу ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”. Яе ён планаваў правесці ў красавіку бягучага года. Ён разам з іншымі аўтамабілістамі раздаваў налепкі “Магілёў – горад без дарог”. Усе жадаючы магілёўцы маглі прыехаць да яго ў дамоўленае месца і атрымаць гэтыя налепкі. На раздачу ўлётак падаспелі і супрацоўнікі міліцыі, перапісалі пашпартныя звесткі, а Іллі прапанавалі праехаць у РАУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне несанкцыяванага мерапрыемства. Затым разам з двума міліцыянерамі затрыманы паехаў дадому, дзе быў праведзеныі агляд кватэры.
7 сакавіка актывісты Руху “За свабоду” Арцём Лява і Алесь Марчанка былі пакараны арыштамі па 5 сутак за акцыю салідарнасці з Украінай, праведзеную каля расійскай амбасады 6 сакавіка.
9 сакавіка на перадвыбарчым пікеце каля Камароўскага рынку ў Мінску быў затрыманы Сяргей Пальчэўскі – давераная асобра кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета Антона Жылко. Ён трымаў у руках плакат супраць падатку на аўтамабілі з надпісам «Аўтапошліна? Пайшлі на...». С.Пальчэўскага даставілі ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна. 10 сакавіка суд Савецкага раёна пастанавіў арыштаваць актывіста на 10 сутак.
10 сакавіка ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста грамадскай ініцыятывы «Наша альтэрнатыва» Андрэя Папова, які распаўсюджваў у прыватным сектары інфармацыйныя буклеты «Не дай сябе развесці». Ва ўлётках была інфармацыя аб тым, якімі нарматыўнымі актамі варта карыстацца ўласнікам прыватных дамоў у выпадку прымусовага зносу. Актывіста даставілі ў Савецкі РАУС, адкуль вызвалілі пазней без складання пратаколу.
11 сакавіка актывісты "Маладога Фронту" з Гомеля Стас Була і Дзмітрый Карашкоў каля 11.40 падыйшлі да расійскай амбасады ў Мінску з плакатамі "Пуцін, рукі прэч ад Украіны" і "Не вайне! Пуцін - вораг". Літаральна праз паўтары хвіліны хлопцаў затрымалі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе на іх былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні - за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (арт. 23.4 КаАП РБ). У гэты ж дзень адбылося разбіральніцтва справы ў судзе Цэнтральнага раёна. Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Сведкамі выступілі міліцыянеры са службы аховы амбасады Быкаў і Берасневіч. Рашэнне суда - 11 сутак арышту Станіславу Булу, 15 сутак арышту - Дзмітрыю Карашкову.
11 сакавіка на пляцоўцы каля мінскай Філармоніі быў затрыманы кандыдат у дэпутаты Мінскага гарсавета ад Партыі БНФ Яўген Рыбакоў. Ён ладзіў перадвыбарчы пікет. Спадар Рыбакоў меў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Яго затрымаў малодшы сержант, супрацоўнік міліцыі метрапалітэна, даставіў у апорны пункт міліцыі на станцыі «Плошча Якуба Коласа». Пасля гэтага ў апорны пункт прыехаў начальнік гэтага сяржанта, яны патэлефанавалі галоўнаму ідэолагу гарсавета, праверылі дакументы кандыдата і адпусцілі.
12 сакавіка суд Савецкага раёна Мінску прызнаў лідэра АГП Анатоля Лябедзьку вінаватым у правядзенні несанкцыянага масавага мерапрыемства і аштрафаваў на 30 базавых велічынь. Рашэнне вынес суддзя Якубоўскі. Справа была ўзбуджана за правядзенне 2 сакавіка каля Камароўскага рынку перадвыбарчага пікета «За сумленныя выбары» актывістамі АГП і «Маладой Беларусі», дзе таксама выказвалася салідарнасць з Украінай. Перадвыбарчы пікет праходзіў згодна з папярэднім уведамленнем.
12 сакавіка лідэр Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек быў аштрафаваны на 25 базавых велічынь, а актывісты гэтай партыі Дыяна Касцюковіч і Юры Жыдовіч - на 10 базавых велічынь кожны. Яны былі пакараны за пікет, які быў ініцыяваны Аб'яднанай грамадзянскай партыяй і адбыўся на вуліцы Савецкай у Брэсце 24 лютага. Тады, нягледзячы на выказаныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў заўвагі, што акцыя ладзіцца ў месцы, якое рашэннем гарадскіх уладаў не можа выкарыстоўвацца для пікетавання, абышлося без затрыманняў. Аднак міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў пікета і неўзабаве на іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Суд пагадзіўся з высновамі супрацоўнікаў міліцыі і аштрафаваў актывістаў АГП.
14 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль пакарала лідэра моладзевай арганізацыі «Zмена» Паўла Вінаградава да 25 сутак арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Актывіст «Zмены» Аляксандр Арцыбашаў, затрыманы разам з Паўлам Вінаградавым, атрымаў 15 сутак - па арт. 23.4 КаАП. Актывісты былі затрыманы днём 13 сакавіка. Арцыбашаў прыехаў на машыне да будынка міліцэйскай інспекцыі , куды Вінаградаў прыходзіў адзначацца. На выхадзе з інспекцыі Павел быў затрыманы, Аляксандра крыху пазней затрымаў супрацоўнік ДАІ. Супрацоўнікі міліцыі намякнулі, што арышт звязаны з маючымі адбыцца выбарамі ў мясцовыя саветы. Ноч на 14 сакавіка актывісты «Zмены» правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.
14 сакавіка каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску падчас сустрэчы вызваленых пасля арышту Дзмітрыя Дашкевіча і Яўгена Ціханава былі затрыманы кандадаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў Ілля Дабратвор і Антон Жылко. Супрацоўнікі міліцыі ўбачылі ў аўтамабілі І.Дабратвора яго інфармацыйныя ўлёткі для выбаршчыкаў, выраб якіх прадугледжаны выбарчым заканадаўствам. Абодвух кандыдатаў даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна, адкуль праз некаторы час адпусцілі. Супрацоўнікі міліцыі ўлёткі І. Дабратвору не аддалі.
14 сакавіка ў Мінску былі затрыманы ўдзельніцы праекта “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” Ганна Аземша і Паліна Бродзі. Яны збіраліся праводзіць трэнінг для назіральнікаў на мясцовых выбарах, і калі ехалі ў аўтамабілі, у якім знаходзілася неабходная для правядзення мерапрыемства канцэлярская прадукцыя і брашуры для назіральнікаў, на вуліцы Гусоўскага іх спыніла ДАІ. Супрацоўнікі ДАІ патлумачылі, што іх аўтамабіль спынены па падазрэнні ў здзяйсненні ДТЗ, і папрасілі дзяўчат праехаць з імі для дагляду аўтамабіля. У РУУС Фрунзенскага раёна, куды даставілі Ганну Аземшу і Паліну Бродзік, была аформлена працэдура вымання друкаванай прадукцыі. Таксама ў пратаколе дагляду аўтамабіля было пазначана, што яны не маюць афіцыйных папер пра выраб гэтай прадукцыі. Увечары затрыманых адпусцілі з РУУС.
14 сакавіка ў цэнтры Брэста праваабаронца Раман Кісляк разам з актывістам Дзмітрыем Рабцэвічам распаўсюдзілі сярод мінакоў 16 брашур з тэкстам рашэння Камітэта ААН па справе абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту і расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Падчас распаўсюду матэрыялаў да праваабаронцы Рамана Кісляка падышоў супрацоўнік міліцыі і патрабаваў спыніць акцыю, а 18 сакавіка паводле факту распаўсюду матэрыялаў Кісляк быў дапытаны ўчастковым інспектарам. 31 сакавіка з РАУС Ленінскага раёна Брэста быў дасланы афіцыйны ліст, з якога вынікае, што падчас праверкі не быў устаноўлены склад праваапарушэння ў дзеяннях Кісляка і Рабцэвіча паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і на гэтай падставе вынесена пастанова аб спыненні адміністрацыйнай справы.
15 сакавіка ў Гомелі каля буйнога гандлёвага дому «Рэчыцкі» актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі зладзілі перадвыбарны пікет. Яго ўдзельнікі трымалі ў руках плакаты з лозунгамі «Патрабуем сумленныя выбары», «Вярніце выбары», «23 сакавіка - чарговыя нявыбары». Пікет, у якім прымалі ўдзел лідары АГП Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў, доўжыўся гадзіну. За пікетам назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме, а невядомыя людзі ў цывільным здымалі на відэа. Пасля завяршэння пікету быў затрыманы адзін з ягоных удзельнікаў - гомельскі сябра АГП Уладзімір Шыцікаў. Ён трымаў у руках плакаты з надпісамі: «Пуцінская Расія, ты звар'яцела» і «Бляск рэзідэнцый не ратуе дыктатара». Падчас правядзення пікету міліцыянеры прасілі Шыцікава прыбраць плакат, паколькі ён не адпавядае выбарчай тэматыцы, але ён адказаў, што нічога не парушае, і працягнуў трымаць плакаты. Уладзімір Шыцікаў быў дастаўлены ў РАУС Савецкага раёна. 16 сакавіка суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Сяргей Шэўструк прызнаў сябра АГП Уладзіміра Шыцікава вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і пакараў 10 суткамі арышту.
17 сакавіка ваўкавыскі актывіст Віталь Гуляк быў асуджаны раённым судом да штрафу памерам 10 базавых велічынь за правядзенне 13 сакавіка адзіночнага пікета ў падтрымку Украіны. Віталь Гуляк выйшаў у той дзень з украінскім жоўта-блакітным сцягам і плакатам “Не вайне! Пуцін прэч!” у сквер воінаў-інтэрнацыяналістаў. Суддзя Ваўкавыскага раённага суду Мікалай Талашка таксама пастанавіў знішчыць матэрыялы ўдзельніка пікета – украінскі дзяржаўны жоўта-блакітны сцяг і выраблены плакат.
17 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыліся працэсы над затрыманымі 16 сакавіка каля Камароўскага рынку 7 удзельнікамі пікета Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Усе затрыманыя абвінавачваліся ў парушэннні арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пікет быў узгоднены з уладамі як перадвыбарны, але падчас яго ўдзельнікі трымалі партрэты 10 беларускіх палітзняволеных, а таксама бясследна зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Усяго было затрымана каля 10 чалавек, у тым ліку старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік беларускага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі (яму – 73 гады), першы намеснік старшыні аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Аляксандр Арастовіч, відэааператары Алесь Сіліч і Генадзь Верацінскі, журналістка Наталля Валакіда. Некаторых з затрыманых, у тым ліку Вольгу Маёраву, Ганну Канапацкую, праз тры гадзіны пасля складання пратаколаў адпусцілі з РУУС Савецкага раёна да суда, астатніх накіравалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Таксама з аддзялення міліцыі былі адпушчаны журналісты. Суддзя Якубоўскі прызнаў Ганну Канапацкую вінаватай і вынес рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. Суддзя Марына Фёдарава пакарала Аляксандра Арастовіча арыштам на 10 сутак. На 10 сутак арыштаваў суддзя Палулех Уладзіміра Раманоўскага. Анатоля Лябедзьку суддзя М. Фёдарава прызнала вінаватым у парушэнні 2 арт. КаАП: 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.34. (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве); па першым артыкуле - 5 сутак, па другім - 10 сутак арышту, усяго - 15 сутак арышту. Яўген Храпаў і Міхаіл Бабіла пакараны адміністрацыйнымі аршытамі на 10 сутак кожны.
21 сакавіка ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Уладзіміра Гундара, які правёў 4 сакавіка адзіночны пікет супраць вайны Расіі з Украінай. Вёў судовае паседжанне суддзя Станіслаў Півавар. Уладзімір Гундар не прызнаў сябе вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Ён адзначыў, што арт. 33 Канстытуцыі кожнаму гарантуе свабоду меркаванняў, поглядаў і іх вольнае выказванне. Суддзя прызнаў Уладзіміра Гундара вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і прысудзіў адміністрацыйны штраф у памеры 15 базавых велічынь.
21 сакавіка сябра АГП, кандыдат у дэпутаты Антон Жылко быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля ўваходу ў метро на станцыю «Трактарны завод», дзе ён разам са сваёй даверанай асобай Ганнай Канапацкай раздаваў улёткі і запрашэнні на сустрэчу з выбаршчыкамі і запрашэнні на дазволеную ўладамі акцыю – Дзень Волі. На Антона Жылко быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле арт. 23.32 КаАП аб парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. 24 сакавіка суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў А. Жылко вінаватым і асудзіў на 5 сутак адміністрацыйнага арышту, пры гэтым пакінуўшы на волі да абскарджвання рашэння суда.
22 сакавіка Дзяніс Садоўскі, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты па Чыгуначнай акрузе № 20 у Мінску Максіма Гацака, быў затрыманы на выбарчым участку № 53, калі спрабаваў высветліць прычыну выдалення назіральніцы ад БХД. У выніку самога Дзяніса Садоўскага затрымалі супрацоўнікі міліцыі і склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і даставілі ў ЦІП да суда. 24 сакавіка суддзя суда Партызанскага раёна Сяргей Германовіч пакараў актывіста арыштам на 2 сутак і вызваліў з залы суда, паколькі Садоўскі адбыў гэтыя суткі ў ЦІП. У пратаколе правапарушэння было запісана, што Садоўскі "наўмысна ўчыніў скандал са старшынём камісіі Касцюкевіч В.В., падчас якога бегаў, гучна крычаў, актыўна жэстыкуляваў, на неаднаразовыя патрабаванні спыніць не рэагаваў, чым парушыў грамадскі парадак і выявіў непавагу да грамадства".
23 сакавіка ў Хоцімску каля 20-00 супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў мясцовы РАУС кандыдата ў дэпутаты Валерыя Каранкевіча. Кандыдат быў затрыманы непасрэдна на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3. Маёр міліцыі, які не прадставіўся Валерыю Каранкевічу, паведаміў кандыдату ў дэпутаты, што на яго адрас паступіла заява, у якой адзін з сброў выбарчай камісіі быццам бы вінаваціць Валерыя Каранкевіча ў паклёпе. Праз паўгадзіны В. Каранкевіч быў вызвалены без складання пратакола. Ён лічыць, што яго затрыманне звязана з жаданнем перашкодзіць прысутнічаць пры падліку бюлютэняў на выбарчым участку.
24 сакавіка ўвечары ў пасёлку Руба, што пад Віцебскам, былі затрыманы Барыс Хамайда і Аляксандр Салаўян, у якіх знайшлі нацыянальны сцяг. Двух спадароў пенсійнага ўзросту затрымалівалі амапаўцы, паклалі тварам на зямлю, збівалі, пагражалі застрэліць. У судзе Чыгуначнага раёна яны заявілі, што затрыманыя не падпарадкаваліся іх патрабаванням, адмовіліся назваць прозвішчы. Суддзя Алена Цыганкова прызнала Барыса Хамайду і Аляксандра Салаўяна вінаватымі і асудзіла на 3 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас адбыцця арышту высветлілася, што прэтэнзіі да актывістаў яшчэ і ў іншым. Іх выклікалі на допыты і змушалі прызнацца, "хто з іх Мірон". З першага дня затрымання гэта пачаў высветляць Следчы камітэт. 27 сакавіка Барыса Хамайду проста з ІЧУ забралі на агляд ягонага жытла, санкцыянаваны пракурорам Раманоўскім. У пастанове на агляд жылля было сказана, што яго праводзяць у сувязі з адміністрацыйнай справай паводле артыкула 10.9 КаАП. Гэты артыкул пра знішчэнне або псаванне маёмасці ў нязначным памеры, і што справа заведзена паводле заявы РУП "Віцебскэнерга" за шматлікія выпадкі вывешвання сцягоў на электрычныя драты. Такія выпадкі фіксуюцца ў Віцебску ўжо шмат гадоў, але справу распачалі 27 сакавіка – якраз калі Аляксандра Салаўян і Барыс Хамайда адбывалі арышт. Пасля выхаду з ізалятару сябры сустрэліся на ганках ІЧУ, і спадар Салаўян распавёў, што ператрус быў і ў ягонай прыватнай хаце ў вёсцы Зайцава Віцебскага раёна.
25 сакавіка гарадзенская міліцыя фактычна на паўдня затрымала грамадскага актывіста Алеся Кіркевіча. Спачатку ён быў выкліканы незразумелай позвай на 15 гадзін у аддзяленне міліцыі №1 для апытання і “прафілактычнай гутаркі”. Адтуль гадзіны праз паўтары актывіста павезлі ў Ленінскі РАУС, дзе чарговы раз узялі адбіткі пальцаў і ўзоры біялагічнага матэрыялу – сліну. А потым на кватэры Кіркевіча з удзелам панятых быў праведзены агляд памяшкання на прадмет забароненых матэрыялаў. Пазней высветлілася, што ў міліцыі дапытваліся пра датычнасць да ўлётак з заклікам байкатаваць расійскія тавары, якія нібыта з’явіліся ў раёне пражывання актывіста. Ніякіх матэрыялаў у кватэры Кіркевіча не было знойдзена, пасля чаго актывіст зноў завезлі ў Ленінскі РАУС, дзе выпісалі папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў.
25 сакавіка ў Брэсце на выхадзе з украінскага консульства былі затрыманы актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгій Дзмітрук і Дзмітрый Шухрай. Актывістаў даставілі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага РАУС, дзе праверылі на наяўнасць алкагольнага і наркатычнага ап’янення. Па словах супрацоўнікаў міліцыі, іх дзеянні звязаны са званком аб тым, што ў аўтамабілі актывісты правозяць наркотыкі. Ніякіх забароненых рэчаў у актывістаў не было выяўлена, яны былі вызвалены пасля 5 гадзін затрымання.
26 сакавіка актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрый Паліенка быў пераведзены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў Мінска для адбыцця адміністрацыйнага арышту тэрмінам 13 сутак нібыта за "дробнае хуліганства ". Пры гэтым на працягу двух сутак яго месцазнаходжанне і прававы статут заставаліся невядомымі. Суд, а таксама розныя падраздзялення МУС, у якія звярталіся сваякі і сябры Дзмітрыя, адмаўлялі факт яго затрымання. Увечары 24 сакавіка Дзмітрый Паліенка паведаміў ПЦ “Вясна” пра сваё затрыманне і знаходжанне ў РУУС Заводскага раёна.
26 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разглядалася адміністрацыйная справа сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава за ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 22 сакавіка. 25 сакавіка ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, калі вяртаўся са святкавання Дня волі. Ноч да суду правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Пікет за байкот выбараў віцебскія актывісты КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і Алена Каваленка зладзілі напярэдадні асноўнага дня галасавання. Яны стаялі з плакатам «Байкот выбарчаму фарсу». Суддзя Наталля Карабліна не задаволіла ніводнага з заяўленых хадайніцтваў з боку Дзяржаўцава, а менавіта: не дазволіла прадставіць перакладчыка, не выклікала сведкаў з боку актывіста, не дапусціла ў працэс прадстаўніка-абаронцу Пятра Іванова. У выніку Дзяржаўцава пакаралі арыштам на 7 сутак па арт. 23.34. КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
26 сакавіка ў судзе Завадскога раёна Мінска адбыліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі Дзень Волі 25 сакавіка Максімам Вінярскім і Аляксандрам Блізнюком. Максіма Вінярскага затрымалі каля 20.30 у двары дома па адрасе вул.Багдановіча, 178 ужо пасля акцыі. Падчас шэсця хлопец нёс чорную расцяжку з надпісам "Смерць крамлёўскім акупантам". Нягледзячы на тое, што гэта адбылося ў Савецкім раёне, актывіста даставілі ў РУУС Заводскага райна. Судовы працэс па справе Максіма Вінярскага праводзіла суддзя Алена Някрасава. Сведка па справе, начальнік падраздзялення АМАП Тарасаў, які падчас акцыі працаваў у цывільным, заявіў, што Вінярскі прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што выкрываў фашысцкія і антыдзяржаўныя лозунгі - "Пуцін - фашыст", "Далоў ілжывы рэжым Лукашэнкі". Апроч таго, сведка адзначыў, што актывіст аказваў супраціў пры затрыманні. Вінярскі цалкам адмаўляў абвінавачванне. Падчас дачы паказанняў у судзе ён адзначыў, што чуў ад супрацоўнікаў міліцыі ў аўтобусе, як тыя казалі пра апазіцыянераў, што іх трэба знічтажаць і паліць у крэматорыях, каб не дапусціць сітуацыі, як ва Украіне. У выніку суд прызнаў М. Вінярскага вінаватым у парушэнні арт.арт. арт.17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КаАП РБ і асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Аляксандр Блізнюк быў асуджаны на 5 сутак арышту таксама па такіх жа абвінавачаннях (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ) за тое, што нёс у руках украінскі сцяг і крычаў "За Украіну!".
26 сакавіка ў судзе горада Барысава была разгледжана адміністрацыйная справа фаната футбольнага клуба БАТЭ Аляксандра Марозава. Юнак са сваёй дзяўчынай вяртаўся 25 сакавіка з Гродна дадому цягніком, калі на Барысаўскім вакзале каля гадзіны ночы яго спынілі 4 супрацоўнікі міліцыі нібыта за нецэнзурную лаянку. Да суду ён быў змешчаны ў ізалятар. Марозаў вёз з сабою фанацкую атрыбутыку і некалькі маек з надпісам «Асобны атрад БНР». Суддзя Герасімовіч абвінаваціў Марозава ў дробным хуліганстве па артыкуле 17.1 КаАП і пакараў арыштам на 5 сутак. Пасля адбыцця пакарання атрыбутыку вярнулі, а майкі адправілі на экспертызу. Што крамольнага ўбачылі супрацоўнікі Барысаўскага РУУС у майках, пакуль невядома. БНР – гэта абрэвіятура Беларускай Народнай Рэспублікі, першай беларускай дзяржавы, утворанай 25 сакавіка 1918 года.
28 сакавіка ў Брэсце быў затрыманы актывіст Руху «За Свабоду» Дзмітрый Рабцэвіч, які выйшаў з плакатам з надпісамі «Не хуткім расстрэлам» і «Жыццё ці смерць» у цэнтр горада. Праз 10 хвілін да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. З РАУС Дз. Рабчэвіча адпусцілі з РАУС без складання пратакола. Актывіст пратэставаў супраць хуткага прывядзення смяротных прысудаў у выкананне. Ён быў вымушаны пайсці на несанкцыянаваную акцыю, бо ў цэнтры горада правесці грамадзяніну пікет няма ніякай магчымасці. У гэты ж дзень брэсцкія праваабаронцы накіравалі зварот у Савет міністраў аб увядзенні нормы ў заканадаўства аб пяцігадовай адтэрміноўцы выканання смяротных прысудаў. Дзмітрый Рабцэвіч - адзін з шасці аўтараў звароту.
30 сакавіка ў Мінску на ўваходзе на станцыю метро «Магілёуская» міліцыяй быў затрыманы паэт Славамір Адамовіч. Фармальная прычына затрымання — высвятленне асобы, але на самой справе -- жоўта-блакітная і бел-чырвона-белая стужкі на вопратцы. С. Адамовіч быў вызвалены без складання пратаколу.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
3 сакавіка на пункце пропуску «Новыя Юркавічы» расійскімі памежнікамі былі затрыманы карэспандэнт газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Павел Міцкевіч і жыхар Гомеля, кіроўца Кастусь Жукоўскі. Па заданні рэдакцыі Міцкевіч рыхтаваў рэпартаж пра жыццё беларускай, украінскай і расійскай вёсак, размешчаных па суседстве, але ў розных дзяржавах. У журналіста і кіроўцы былі ўсе неабходныя дакументы. Расійскія памежнікі пратрымалі грамадзян Беларусі на мяжы 6 гадзін, склалі адміністрацыйны пратакол і аштрафавалі на 100 расійскіх рублёў па абвінавачанні ў парушэнні правіл знаходжання ў памежнай зоне. Памежнікаў цікавіла, з якой мэтай наведваў журналіст Украіну, з кім там меў зносіны. Супрацоўнікі памежнай службы скапіявалі ўсе фатаграфіі і дыктафонныя запісы.
3 сакавіка падчас судовага працэсу над затрыманым каля амбасады Расіі ў Мінску Сяргеем Фінкевічам суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандр Якунчыхін забараніў журналістам весці аўдыёзапіс пасяджэння. Суддзя зрабіў заўвагу журналістам пасля таго, як пабачыў у руках карэспандэнтаў дыктафоны. Аляксандр Якунчыхін заявіў, што аўдыёзапіс у працэсе можна весці толькі з яго дазволу, і што ў выпадку непадпарадкавання журналістаў могуць прыцягнуць да адказнасці. Адметна, што ў канцы снежня 2013 года на прэс-канферэнцыі намесніка старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерыя Калінковіча журналісты скардзіліся яму менавіта на такія выпадкі. Сп. Калінковіч сказаў, што ведае пра гэта, і паабяцаў скарэктаваць падыходы. "Сёння і ў крымінальным, і ў грамадзянскім працэсе закон утрымлівае недвухсэнсоўныя палажэнні пра тое, што ў адкрытым судовым пасяджэнні пісьмовая і аўдыёфіксацыя працэсу дапускаецца без якіх-кольвек абмежаванняў", – зазначыў ён. У хуткім часе на сайце Вярхоўнага суда з’явіўся тэкст пастановы Пленума ВС за подпісам старшыні Валянціна Сукалы “Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюдзе інфармацыі пра дзейнасць судоў”. З дакумента вынікае, што ў адкрытых судовых пасяджэннях нельга забараніць журналістам весці аўдыёзапіс, прычым дазволу суддзі на вядзенне запісу пытацца не трэба.
5 сакавіка журналісты Беларускага Радыё Рацыя Мікола Бянько і Юлія Сівец атрымалі афіцыйныя папярэджанні з Гомельскай абласной пракуратуры за подпісам намесніка пракурора Сушчынскага аб недапушчальнасці парушэння закона, а ў прыватнасці незаконнай журналісцкай дзейнасці ў рэгіёне. Доказамі ў пракуратуры палічылі матэрыялы, апублікаваныя на сайце Беларускага Радыё Рацыя: разгорнуты рэпартаж “Забыты Чарнобыль” пра праблемы ліквідатараў, чарнобыльскіх вёсак у Гомельскай вобласці, а таксама матэрыял “Шчодрыкі па-гомельску”, дзе распавядалася пра навагодняе свята, як гомельская моладзь хадзіла, шчадравала цукеркі па горадзе. Таксама парушэнні былі знойдзены ў блогах, размешчаных на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Паводле пракуратуры, Беларускага Радыё Рацыя з'яўляецца замежным сродкам масавай інфармацыі, таму дзейнасць без акрэдытацыі журналістаў забароненая ў Беларусі. Інтарэсы журналістаў прадстаўляў юрыст БАЖ, якога старэйшы памочнік Гомельскага абласнога пракурора Дзмітрый Дэбой спачатку не пускаў у кабінет на размову разам з журналістамі, але пасля адмовы Міколы Бянько і Юліі Сівец размаўляць без юрыста, пагадзіўся на ягоную прысутнасць.
11 сакавіка журналістцы «Бобруйского курьера» Марыне Маўчанавай патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама маёр міліцыі Сяргей Рудзько і запатрабаваў з'явіцца да яго для складання пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Удзелам супрацоўнік міліцыі расцаніў асвятленне журналісткай антываенннага пікета, які адбыўся 6 сакавіка. Яго ладзілі ў Бабруйску мясцовыя актывісты, якія перад гэтым падавалі афіцыйную заяўку ў гарвыканкам. Пікет быў малалюдным — з двух чалавек. Праходзіў ён мірна. Спачатку пікетоўцы трохі пастаялі з папяровай расцяжкай «Мы супраць вайны» ля стадыёна на вуліцы Урыцкага. Пазней прайшліся з ёй два кварталы па тратуары. На гэтым усё і скончылася. Але праз некалькі кварталаў аднаго з пікетоўцаў дагнала машына патрульна-паставой службы. Міліцыянты папрасілі яго растлумачыць, што адбываецца, назваць сваё прозвішча. Актывіст паказаў плакат, патлумачыў, што нічога ўжо не адбываецца, і сышоў дадому, не назваўшы сябе. За гэтымі падзеямі назірала і фіксавала іх журналістка «Бобруйского курьера» Марына Маўчанава. Увечары яна падрыхтавала матэрыял, які затым быў размешчаны ў «Бобруйском курьере». У выніку размовы з супрацоўнікам міліцыі Марына Маўчанава прапанавала выслаць ёй позву, што маёр Рудзько і зрабіў. У позве журналістка пазначаная як асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс; указаны артыкул адміністратыўнага кодэксу – 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання».
16 сакавіка ў Мінску былі затрыманы тэлежурналісты Наталля Валакіда і Алесь Сіліч, якія асвятлялі перадвыбарчы пікет Аб'яднанай грамадзянскай партыі, што праходзіў у раёне Камароўскага рынку. У РУУС Савецкага раёну ў журналістаў перапісалі дадзеныя і ніякіх іншых працэдур не праводзілі. Увесь час у пастарунку відэакамера Алеся Сіліча была ў міліцыянераў. Пасля вызвалення тэхніку яму вярнулі, але ўсе зробленыя на акцыі запісы былі выдаленыя, а картка памяці -- адфарматаваная. Праз тры гадзіны журналісты былі вызвалены.
17 сакавіка Бабруйскі раённы суд аштрафаваў мясцовага блогера Алега Жалнова на 45 ббазавых велічынь за размешчаны на Youtube запіс з прыёму грамадзян службовай асобай. Дзеянні А. Жалнова былі кваліфікаваны як парушэнне арт. 23.4 КаАП – «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў». 30 студзеня блогер быў запісаны і з’явіўся на прыём да начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Аляксандра Васільева. Прыём вёўся на першым паверсе УУС у кабінеце, што знаходзіцца ў грамадскім фае. Дзяжурны па УУС запатрабаваў ад блогера здаць перад прыёмам практычна ўсе яго асабістыя рэчы, паінфармаваўшы, што ў адваротным выпадку на прыём яго не дапусцяць. Блогер вымушаны быў падпарадкавацца, здаў мабільны тэлефон, відэакамеру і нэтбук у камеру захоўвання, нядаўна ўсталяваную ў бабруйскім УУС. Тым не менш, пазней у сетцы інтэрнэт з'явіўся відэазапіс таго, як вёўся прыём Жалнова начальнікам УУС. Праўда, у кадры практычна няма асоб і абстаноўкі, а чутныя толькі галасы прысутных. Пабачыўшы гэты запіс у сеціве, УУС вырашыла прыцягнуць блогера да адказнасці за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы. Гэта значыць – за тое, што перад прыёмам у начальніка УУС ён нібыта не здаў па патрабаванні дзяжурнага ўсе сродкі аўдыё- і відэазапісу. Адбыліся тры судовыя слуханні. У якасці сведак былі апытаныя: афіцэр міліцыі, які дзяжурыў па УУС 30 студзеня, начальнік УУС і іншыя супрацоўнікі УУС, якія прысутнічалі на прыёме грамадзян і выявілі затым запіс на Youtube. Сведкі з боку абвінавачвання спасылаліся на загад міністра ўнутраных спраў № 185 («для службовага карыстання») і інструкцыю-дадатак да яго, якія нібыта дазваляюць ім патрабаваць ад грамадзян пры наведванні УУС здаваць усе гука-і відэазапісвальныя прылады, у тым ліку мабільныя тэлефоны. Алег Жалноў будаваў сваю абарону на тым, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь вызначана права грамадзян на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, якая не з'яўляецца дзяржаўнай, ваеннай або камерцыйнай таямніцай. Афіцыйны ж прыём службовай асобы, якой з'яўляецца начальнік УУС, не можа быць «таемным» і «засакрэчаным», – даводзіў Жалноў. Паколькі загад міністра ўнутраных спраў «для службовага карыстання», на які спасылаліся прадстаўнікі УУС, не зарэгістраваны ў рэестры дзяржаўных актаў, то ён не з'яўляецца нарматыўна-прававым дакументам, абавязковым для выканання грамадзянамі. Акрамя таго, даказваў Жалноў, існуе Пастанова Савета міністраў, у адпаведнасці з якой усе датычныя грамадзян нарматыўна-прававыя акты павінны быць апублікаваныя і мець адкрыты статус. Нягледзячы на гэтыя аргументы, суддзя Наталля Шэгеда, выслухаўшы бакі, прызнала А. Жалнова вінаватым і вынесла рашэнне аб накладанні штрафу.
20 сакавіка ў Смаргоні быў затрыманы Уладзімір Шульжыцкі за раздачу праваабарончага бюлетэня «Смаргонскі грак» у адным з гарадскіх інтэрнатаў. Міліцыянты склалі пратакол і канфіскавалі 31 асобнік бюлетэня на падставе таго, што Шульжыцкі, з ягоных слоў, не меў пры сабе дазволу на распаўсюд бюлетэня. Пасля гэтага быў праведзены ператрус у ягонай кватэры, дзе быў знойдзены яшчэ адзін нумар бюлетэня. У.Шульжыцкага адпусцілі, але выпісалі позву ў РАУС на 25 сакавіка. Бюлетэнь «Смаргонскі грак» выдаецца нерэгулярна на працягу трох гадоў накладам 299 асобнікаў. Рэдактар — смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў. 25 сакавіка смаргонская міліцыя апытала Алеся Дзергачова і Уладзіміра Шульжыцкага адносна працы выдання і рассылкі абавязковых асобнікаў у дзяржаўныя органы і архівы. Ніякіх пратаколаў не складалі, але настойліва “раілі” сп-ру Дзергачову выконваць заканадаўства. Намеснік старшыні ГА «БАЖ” Андрэй Бастунец перакананы, што патрабаванне рассылкі “кантрольных асобнікаў” дзяржаўным органам незарэгістраваных маланакладных выданняў кшталту “Смаргонскага грака”, – неправамоцнае.
22 сакавіка незалежнага журналіста Яўгена Скрабца апыталі ў гарадской пракуратуры Брэста. Памочнік пракурора Паўлава складала пратакол, задаўшы два пытанні: ці Я. Скрабец акрэдытацыю, як прадстаўнік Радыё Рацыя ў Рэспубліцы Беларусь, ці публікаваў матэрыялы, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, яе ўнутраную і знешнюю палітыку ў нейкіх СМІ. Яўген Скрабец адмовіўся адказваць. 31 сакавіка пракуратура Брэста вынесла папярэджанне Яўгену Скрабцу аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. Папярэджанне тычыцца публікацый журналіста на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”, якое месціцца ў Беластоку. Адметна, што само пісьмовае папярэджанне ў пракуратуры журналісту выдаць адмовіліся. Сам Яўген Скрабец адразу ж напісаў у пракуратуру заяву з просьбай выдаць яму копію дакумента для далейшага абскарджання.
24 сакавіка сябра “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Алесь Дзянісаў быў выкліаны ў аддзяленне міліцыі №1 Гродна па вуліцы Гараднічанскай, дзе супрацоўнік міліцыі Алег Кока азнаёміў яго з пратаколам пра адміністрацыйнае правапарушэнне па частцы 2 артыкулу 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. У пратаколе ўказвалася, што, паводле сведчанняў галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатру лялек Алега Жугжды, 6 лютага 2014 года Алесь Дзянісаў запісаў матэрыял для тэлеканалу “Белсат”. Сюжэт датычыў пастаноўкі спектаклю “Фаўст. Сны” паводле класіка нямецкай літаратуры. Матэрыял, які запісаў Алесь Дзянісаў, пазней дэманстраваўся на тэлеканале “Белсат”.
25 сакавіка ў Мінску, падчас правядзення масавага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня Волі, супрацоўнікі міліцыі патрабавалі выдаліць з фотаапарата здымкі, зробленыя журналісткай газеты “Салідарнасць” Аленай Якжык, а таксама стваралі перашкоды ў працы журналіста тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенкі. У гэты дзень быў заблакаваны доступ да сайта газеты "Наша Ніва" (у перыяд, прыкладна, з 19.15 да 23.30) і жывой трансляцыі з акцыі "Радыё Свабода".
27 сакавіка на настаўніка з Бешанковічаў, які ўжо некалькі гадоў выдае на ўласныя сродкі газету “Крывінка”, Георгія Станкевіча склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, - за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Да яго проста ў школу прыйшоў старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карась, які паведаміў, што супраць выдаўца ёсць паказанні двух сведкаў: два прадпрымальнікі з Калгаснага рынку засведчылі, што ён раздаваў там сваю газету. Г. Станкевіч не адмаўляў, што выдае і распаўсюджвае газету, адзначыўшы, што гэта – не перыядычнае выданне, наклад 290 асобнікаў, таму не падлягае рэгістрацыі. Ён паведаміў, што кожны нумар "Крывінкі" дасылае ў Мінск у бібліятэкі і ў Міністэрства інфармацыі, але адтуль ніколі не было прэтэнзій. Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большы – 40 базавых велічынь. Сёлета Г. Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Паказанні сведак былі ўзяты якраз напярэдадні асноўнага дня галасавання. 2 красавіка суддзя Бешанковіцкага райсуду Наталля Рэут аштрафавала Георгія Станкевіча на 50 базавых велічынь.
Абмежаванне свабоды сходаў
4 сакавіка старшыня Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка атрымаў адказ на свой запыт у Гомельскі гарвыканкам, з якога вынікае, што выканаўчы орган дазваляе Камуністычнай партыі Беларусі не выконваць рашэнне аб масавых мерапрыемствах. У заяве актывіст прасіў патлумачыць, на якіх умовах 7 лістапада 2013 года ў Гомелі прайшоў мітынг, прысвечаны гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аказалася, мітынг на галоўнай плошчы абласнога цэнтра быў дазволены па асабістым распараджэнні старшыні гарвыканкама Пятра Кірычэнка. Згодна адказу з гарвыканкаму, гарадскому ЖКГ кіраўнік горада загадаў не толькі забяспечыць прыборку тэрыторыі пасля правядзення мітынгу, але таксама за кошт сродкаў на бягучае ўтрыманне аб'ектаў добраўпарадкавання ўсталяваць каля помніка Леніну ў дзень мітынгу два вогнішчы са сцяжкамі. Гарадская паліклініка па яго распараджэнню забяспечвала дзяжурства хуткай дапамогі, а УУС аблвыканкама - дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі пры правядзенні мітынгу. Нагадаем, што згодна рашэнню гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікі пікетаў і мітынгаў павінны заключыць платныя дамовы са спецыяльнымі службамі. Пры гэтым палітычным партыям і грамадзянам дазволена праводзіць мерапрыемствы ўсяго ў двух месцах, якія знаходзяцца на ўскраінах горада. Ніякіх выключэнняў, у тым ліку і для КПБ, рашэнне «Аб масавых мерапрыемствах» не ўтрымлівае.
4 сакавіка старшыня арганізацыі “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі паведаміў, што Камітэт па правах чалавека ААН вынес рашэнне, згодна з якім прызнаў парушэнне ягонага права на свабоду выказвання меркавання (п. 2 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Камітэт ААН спаслаўся на патрабаванне Пакта пра неабходнасць і прапарцыянальнасць абмежаванняў на ажыццяўленне такіх свабод. У прыватнасці, што “беларускія ўлады не ў дастатковай ступені прадэманстравалі падставы неабходнасці затрымання і пакарання аўтара скаргі”, а таксама тое, наколькі адміністрацыйны арышт быў апраўданы. У сваёй скарзе Аляксандр Камароўскі аспрэчваў свой арышт за ўдзел у мемарыяльнай акцыі, якая адбылася 23 сакавіка 2008 года з нагоды 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго просьба пра дазвол на правядзенне шэсця і канцэрту не была задаволеная Жодзінскім гарвыканкамам. У забароне на правядзенне акцыі ўлады сцвярджалі, што арганізатары акцыі перашкодзяць правядзенню “25-га агульнарэспубліканскага марафону”, які меўся адбыцца 22 і 23 сакавіка. Аляксандр Камароўскі, разам з трыма іншымі арганізатарамі, заявілі, што адменяць запланаваную акцыю, але праінфармавалі выканаўчы камітэт пра свой намер правесці мірнае мерапрыемства ў любым іншым месцы, якое б не перашкаджала марафону. Тым не менш, 20 сакавіка выканаўчы камітэт паведаміў арганізатарам, што не будзе разглядаць іх просьбу, бо яна не адпавядае патрабаванням, выкладзеным у Законе “Аб масавых мерапрыемствах”. Улады паведамілі, што калі актывісты правядуць акцыю 23 сакавіка, яна будзе разглядацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У выніку Аляксандр Камароўскі і іншыя актывісты вырашылі не праводзіць мерапрыемства. Тым не менш, з мэтай інфармавання асобаў пра тое, што яно адменена, Аляксандр Камароўскі і іншыя арганізатары прыйшлі ў парк культуры Жодзіна, дзе ўжо знаходзіліся 10-15 чалавек. Неўзабаве да іх далучыліся іншыя людзі, якія вырашылі ўшанаваць памяць герояў і ўскласці кветкі ля абеліска “Героі жывуць вечна”. Паводле Аляксандра Камароўскага, акцыя доўжылася прыкладна пяць хвілін. 24 сакавіка суд г. Жодзіна асудзіў Аляксандра Камароўскага да сямі сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
5 сакавіка суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Вольга Апановіч правяла паўторнае судовае пасяджэнне, на якім разглядалася скарга Рыгора Грыка на неправамоцныя дзеянні гарадскіх чыноўнікаў, якія незаконна адмовілі прафсаюзнаму актывісту ў правядзенні пікета. Намеснік старшыні райвыканкама Дз. Касцюкевіч вырашыў, што лозунг масавага мерапрыемства “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль” парушае арт. 10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, што стала галоўнай прычынай забароны масавага мерапрыемства. Грамадскі прадстаўнік Рыгора Грыка ў судзе праваабаронца Уладзімір Малей адзначыў у судзе, што згодна арт.10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, пікет можа быць забаронены, калі яго мэтаю з’яўляецца ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці. Прадстаўнік гарвыканкама Павел Кыткін заявіў суду, што, на яго думку, згаданы лозунг масавага мерапрыемства не парушае арт. 10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Але ён так і не змог адказаць суддзі Вользе Апановіч на пытанне: чаму ж гарвыканкам забараніў тады пікет прафсаюзнаму актывісту, спаслаўшыся на парушэнне менавіта арт. 10? Супрацоўніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Таццяна Чылік адзначыла, што лозунг пікета “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль” мог бы выклікасць незадаволенасць грамадзян, а неаб’ектыўная крытыка гарадскіх уладаў можа прывесці да дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, а гэта значыць да экстрэмізму і вайны. У выніку суддзя Вольга Апановіч прызнала рашэнне намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча ад 15.01.2014г. аб адмове Рыгору Грыку ў правядзенні пікета 26 студзеня 2014г. у заяўленым месцы незаконным і абавязала гарвыканкам выплаціць заяўніку дзяржаўную пошліну ў памеры 130 тыс. рублёў.
10 сакавіка ў Брэсце планавалася шэсце ў знак салідарнасці з украінскім народам, але было забаронена выканкамам. Мерапрыемства, для ўдзелу ў якім было заяўлена не больш за 15 чалавек, меркавалася правесці з 12.00 да 13.00 па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна да цэнтральнай плошчы горада. Заяўнік акцыі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек адзначыў, з адказу гарвыканкама вынікае, што маршрут шэсця праходзіць бліжэй чым за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў, а гэта забаронена законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Актывіст АГП нагадаў, што з аналагічнай матывіроўкай мясцовыя чыноўнікі не дазволілі правесці шэсце ў падтрымку Еўрамайдана 21 снежня 2013 года, але дазволілі прадстаўнікам дэмакратычных сіл правесці па такім самым маршруце першамайскую дэманстрацыю, у якой тады прынялі ўдзел больш за сто чалавек.
10 сакавіка стала вядома, што правядзенне пікета ў Дзень Волі ў Оршы 25 сакавіка немагчымае. Актывісты нават не падалі заяўку ў райвыканкам, паколькі вынік стаў вядомы яшчэ на папярэднім этапе: з заяўнікамі не пагадзіліся заключаць дамовы на абслугоўванне ні міліцыя, ні медыкі, ні камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза", а без такіх дамоў улады дазволу не даюць. Неабходнасць папярэдняга заключэння дамоў прапісана ў рашэнні Аршанскага гарвыканкама №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша". Аршанскі актывіст Ігар Казмярчак адзначыў, што прадпрыемства "Спецаўтабаза" адказала, што заключэння дамовы не будзе, бо якраз цяпер сыходзіць снег, і работнікі мусяць інтэнсіўна прыбіраць горад, таму будуць занятыя, у тым ліку і 25 сакавіка. З паліклінікі прыйшла адмова з паведамленнем, што ў іх няма нават такой паслугі, няма прэйскуранту для аплаты. З міліцыі зрабілі запыт, ці дазволілі акцыю, і напісалі, што мэтазгодна было б абмяркоўваць нейкія дамовы толькі пасля таго, як дазвол ужо атрыманы. Сітуацыя, у якую трапілі сябры Партыі БНФ Ігар Касзмярчак і другі заяўнік Алесь Шутаў, вельмі паказальная. Рашэнне гарвыканкама №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша" складзена такім чынам, што прапісаныя там умовы невыканальныя.
12 сакавіка пенсіянеркі з Бабруйску Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч падалі скаргу ў суд на дзеянні мясцовай выканаўчай улады, якая не дазволіла жанчынам правесці пікет у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. Падчас пікета ў цэнтры Бабруйску жанчыны меркавалі выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”, “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а паняццямі”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”. Сваю адмову чыноўнікі матывавалі тым, што ўпраўленне ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама не ўзгадніла месца правядзення акцыі, а таксама нагадалі заяўнікам, што згодна з рашэннем мясцовых уладаў пастаянным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Бабруйску вызначаны стадыён па вуліцы Урыцкага. Пры гэтым чыноўнікі так і не назвалі прычыну, з якой месца правядзення пікетавання не было ўзгоднена. У сваёй скарзе ў суд заяўнікі адзначаюць, што маюць права самі вызначаць месца правядзення акцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. А паколькі пікет з’яўляецца сродкам публічнага выказвання інтарэсаў альбо пратэсту грамадзян, акцыя страчвае ўсялякі сэнс, калі праводзіцца на ізаляванай тэрыторыі. Яны звярнулі ўвагу суду на тое, што пікет — не пікнік, і адасабленне за агароджай стадыёну не прадугледжвае.
19 сакавіка бярозаўская міліцыя паведаміла праваабаронцам Сяргею Русецкаму і Тамары Шчапёткінай, што не можа заключыць дамову на абслугоўванне пікета, запланаванага на 25 сакавіка. Міліцыя спаслалася на тое, што райвыканкам не звярнуўся да іх пасля атрымання заявы на пікет, як гэта прадугледжвае Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 207ад 05.03.2012 г., каб абмеркаваць магчымасць абслугоўвання масавага мерапрыемства. Дамовы з бальніцай і камунальнай гаспадаркай праваабаронцамі былі заключаны. 20 сакавіка Тамары Шчапёткінай патэлефанаваў начальнік аддзела ідэалогіі, працы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкаму Аляксандр Крагель, каб абмеркаваць, як аддаць дазвол на пікет, каб не парушыць пяцідзённы тэрмін, і ў заяўнікаў не было прэтэнзій, а таксама спытаў, ці згодны яны на перанос пікету на стадыён “Паўночны”. Т. Шчапёткіна адказала, калі дазвол ёсць, то заяўляльнікі ніякіх прэтэнзій мець не будуць, нават калі дакумент прыйдзе пазней. Далі згоду заяўнікі і на перанос, хаця стадыён “Паўночны” знаходзіцца зусім на ўскрайку горада. 21 сакавіка дазвол за подпісам выконваючага абавязкі старшыні райвыканкама Міхаіла Крэйдзіча быў атрыманы заяўнікамі ў пісьмовым выглядзе. Але нечакана раніцай 22 сакавіка было дастаўлена іншае рашэнне, якое адмяняла папярэдняе, за подпісам таго ж выконваючага абавязкі старшыні райвыканкама Міхаіла Крэйдзіча, у якім утрымлівалася адмова на правядзенне пікета. Прычына адмовы – прапаганда нацыянальнай варожасці. Пры гэтым заяўленыя мэты пікету: адзначэнне 96-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, выказванне пратэсту супраць увядзення Расійскай Федэрацыяй сваіх войск на тэрыторыю незалежнай Украіны і размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, патрабаванне вызвалення палітвязняў. У якіх запланаваных дзеяннях утрымліваецца прапаганда нацыянальнай варожасці – чыноўнік не ўдакладніў.
19 сакавіка Ваўкавыскі раённы суд адмовіў Віталю Гуляку ў задавальненні скаргі на дзеянні службовай асобы Ваўкавыскага райвыканкама – намесніка старшыні райвыканкаму Уладзіміра Захарчука па дзвюх заяўках на правядзенне шэсця і пікету. Заявы падаваліся В.Гуляком на 25 студзеня і на 19 лютага, па абедзвюх былі атрыманы адмовы. На працэсе ў Ваўкавыску суддзя Святлана Ланцэвіч выклікала Уладзіміра Захарчука як адказчыка, але ў суд ён не з’явіўся. Райвыканкам замест Захарчука прадстаўлялі два іншыя чыноўнікі – Наталля Ігнацюк і Дзмітрый Зязюля, якія паведамілі, што намеснік старшыні знаходзіўся ў гэты дзень у камандзіроўцы. У выніку разгляду скаргі суддзя яе не задаволіла. Актывіст рыхтуе касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд.
25 сакавіка ў Мінску адбылося санкцыянаванае Мінгарвыканкамам масавае мерапрыемства (дэманстрацыя і мітынг), прысвечанае 96-ай гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), у якім узялі ўдзел 1500-1800 чалавек. Удзельнікі акцыі сабраліся на вызначаным месцы збору (пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік»), былі разгорнуты бел-чырвона-белыя сцягі, некалькі дзяржаўных сцягоў Украіны, расцяжкі: «Жыве Беларусь», «Малады Фронт», «Беларускі рух», «Свабоду палітвязьням», «Расія-гэта вайна», «Слава Украіне - героям славы», «Малады Фронт», «За нашу і вашу свабоду», «Малады Фронт», «Дзень Волі», «Малады Фронт - героі не паміраюць», «Расія Агрэсар Прэч з СовБеза ААН!». Назіральнікамі была зафіксавана высокая канцэнтрацыя сіл міліцыі ў раёне правядзення мерапрыемства. У дварах, прылеглых да раёна Акадэміі навук, знаходзілася спецтэхніка для перавозкі затрыманых і падраздзяленні ПМСП у форме са спецсродкамі –гумавымі палкамі. Непасрэдна ў месцы збора колькасць міліцыі ў форме была мінімальнай, але канцэнтрацыя супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным з рацыямі была досыць высокай. На месцы збора прысутнічалі кіраўнікі ГУУС Мінгарвыканкам у цывільным. Усе яны не былі абазначаныя бэджамі. Падчас шэсця ўздоўж тратуараў з мэтай недапушчэння выхаду дэманстрантаў на праезжую частку быў выстаўлены невялікі ланцуг ПМСП. Парадак пераходу вуліц рэгуляваўся супрацоўнікамі ДАІ. Пляцоўка у парку імя Дружбы народаў была агароджаная турнікетам, былі ўсталяваныя рамкі з металашукальнікамі для праходу праз яе ўдзельнікаў шэсця. Падчас праходу міліцыя правярала не толькі змесціва асабістых рэчаў, але і змест плакатаў. Былі зафіксаваныя спробы канфіскацыі некаторых з плакатаў, у прыватнасці плаката “Расія-гэта вайна”. Падчас усяго мерапрыемства вялася аператыўная відэа-здымка. Пасля завяршэння мерапрыемстваў былі затрыманы міліцыянерамі ў цывільным 10 удзельнікаў мерапрыемства: актывісты “ЕўраБеларусі” Леанід Кулакоў, Уладзімір Бародка, Алена Лазарчык, Сяргей Мацкойць, Максім Вінярскі і Аляксандр Блізнюк; актывісты “Маладога Фронту” Дзмітрый Дрозд і Станіслаў Рачкель, непаўнагадовы Віктар Кашкевіч; актывіст моладзевага крыла АГП “Маладыя дэмакраты” Аляксей Маркоўскі. Позна ўвечары ўсе затрыманыя, акрамя М. Вінярскага і А. Блізнюка былі вызваленыя без складанняў пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні. На наступны дзень М.Вінярскаму прысудзілі 15 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ), А.Блізнюку -- 5 сутак. Назіральнікамі былі зафіксаваныя выпадкі перашкодаў з боку міліцыі ў працы журналістаў. Назіранне за мерапрыемствам ажыцяўлялася сіламі валанцёраў РПГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» (БХК) і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, усе былі абазначаныя бэджамі РПГА «БХК» - з фотаздымкамі і пячаткай арганізацыі. Спіс назіральнікаў былі загадзя дасланы ў ГУУС Мінгарвыканкама з інфармаваннем аб правядзенні маніторынгу ў адпаведнасці са Статутнымі мэтамі і задачамі РПГА «БХК». У цэлым вялікіх перашкодаў дзейнасці назіральнікаў з боку ўдзельнікаў мерапрыемства і міліцыі адзначана не было. Разам з тым, перад пачаткам мерапрыемства меў месца інцыдэнт з затрыманнем дзвух назіральнікаў: Анісіі Казлюк і Арсенія Гурскага, міліцыяй у райне ст. метро «Акадэмія навук». Яны былі дастаўленыя ў пакой міліцыі ў метро, дзе іх асабістыя дадзеныя і дадзеныя бэджаў былі перапісаныя, пасля чаго назіральнікі былі адпушчаныя.
Абмежаванне свабоды асацыяцый
25 сакавіка зранку на бабруйскім заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) пачалася трохдзённая папераджальная галадоўка 5 сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага: старшыня завадской пярвічкі Міхаіл Кавалькоў, Сяргей Пічугоў, Ірына Коршунава, Генадзь Лабачоў, Аксана Кернажыцкая. "Свабодаўцы" вырашылі пайсці на гэты крок, бо кіраўніцтва прадпрыемства дасюль не выканала абяцанняў, дасягнутых падчас перамоваў, адносна выпрацоўкі зменаў у калектыўную дамову, якая б распаўсюджвалася на ўсіх работнікаў завода, а таксама супраць дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце: Міхаіл Кавалькоў не можа патрапіць на тэрыторыю завода, на сваё працоўнае месца, з сябрамі СПБ не працягваюць працоўныя кантракты, ідзе паступовае знішчэнне пярвічкі. М. Кавалькоў праводзіў акцыю на прахадной завода, 4 сябры СПБ на сваіх працоўных месцах каля станкоў. На завод прыехаў маёр міліцыі Сяргей Рудзько і начальнік упраўлення ідэалагічнай працы гарвыканкама Мікалай Балюк. С.Рудзько папярэдзіў М. Кавалькова, што акцыя разглядаецца як несанкцыянаваны пікет. 26 сакавіка да акцыі далучыліся Віктар Осіпаў, Аляксандр Бенасік і 2 сябры СПБ, з якімі не працягнулі кантракты -- Віталь Садоўскі і Аляксандр Мікітка. 27 сакавіка галадоўнікаў стала ўжо 12: пачалі галадаць яшчэ 3 чалавекі: Аляксандр Варанкін, Аляксандр Грамыка і Мікалай Жыбуль. Увечары галадоўка была спынена. Па словах М. Кавалькова, галоўнае, што дабіліся галадоўшчыкі падчас акцыі -- гэта галоснасці, прыцягнення ўвагі. Паводле яго слоў, адміністрацыя прадпрыемства вонкава ніяк не адрэагавала на галадоўку: ідэолаг завода не сустракаўся з галадоўнікамі, нягледзячы на тое, што дадзеная сацыяльная акцыя з'яўляецца яго непасрэднай сферай працы, не падышоў ні да аднаго галадоўніка, не пацікавіўся праблемамі. М. Кавалькоў выказаў намер сустрэцца з кіраўніком абласной вертыкалі ўлады, каб данесці яму сваю пазіцыю па сітуацыі на прадпрыемстве. Калі праблемы завадской пярвічкі СПБ не будуць вырашаны, М.Кавалькоў пакідае за сабой і сябрамі СПБ права правядзення далейшых акцый.