viasna on patreon

У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне "Чарнобыльскага шляху"

2014 2014-04-09T17:33:00+0300 2014-04-10T17:34:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/janukievich.jpg
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

9 красавіка арганізатары "Чарнобыльскага шляху" падалі сёння ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 26 красавіка вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях" у сувязі з чарговымі ўгодкамі катастрофы на ЧАЭС. Аб гэтым БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, пазней будзе пададзена яшчэ адна заяўка — у Мінскі райвыканкам — на правядзенне мітынгу ва ўрочышчы Курапаты.

Нагадаем, сёлета арганізатары вырашылі змяніць фармат "Чарнобыльскага шляху". Калі раней канчатковым пунктам шэсця быў парк Дружбы Народаў у раёне плошчы Бангалор, то цяпер аргкамітэт плануе правесці шэсце да ўрочышча Курапаты.

"Мы зыходзім з таго, што сёння стаіць пытанне аб выжыванні беларускай нацыі, што такія вялікія трагедыі, як катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і знішчэнне беларусаў у Курапатах, не трэба разглядаць асобна" — так растлумачыў БелаПАН рашэнне аргкамітэта адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў шляху ў 12.00 каля кінатэатра "Кастрычнік", шэсце па вуліцах Багдана Хмяльніцкага, Якуба Коласа, Лагойскім тракце да ўрочышча Курапаты, дзе ў 15.00 павінен пачацца мітынг.

Мерапрыемства вырашана правесці пад лозунгам абароны Беларусі ад ядзернай небяспекі з боку Расіі. "Гэта пагроза зыходзіць і ад будаўніцтва па расійскім праекце АЭС, і ад магчымага размяшчэння ядзернай зброі на расійскіх самалётах, якія знаходзяцца ў Беларусі", — адзначыў Янукевіч.

Сярод заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" — Янукевіч, лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Марына Хоміч, актывіст руху салідарнасці "Разам" (Чэхія) Ілья Дабратвор.

"Чарнобыльскі шлях" — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, што завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі шэсце, дазволіўшы толькі правядзенне мітынгу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства