viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2014 года

2014 2014-03-10T16:40:00+0300 2014-03-24T20:32:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым беларускія ўлады артыкулявалі сваю зацікаўленасць праблемай правоў чалавека. Праўда, яны выказалі сваю заклапочанасць праблемамі ў дадзенай сферы не ў Беларусі, а ў некаторых замежных краінах. 10 лютага МЗС Беларусі апублікаваў ужо другі даклад “Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2013 годзе” (першы быў падрыхаваны па выніках 2012 года). Міністр замежных спраў Уладзімір Макей ва ўступным артыкуле адзначыў, што сёння правы чалавека ўзведзены міжнароднай супольнасцю на такі ж высокі ўзровень, як пытанні міру і ўсясветнай бяспекі, і без тэмы правоў чалавека сёння высокі міжнародны ўзровень проста немагчымы. Кіруючыся такім падыходам, беларускі МЗС абраў наступальную тактыку, сцвярджаючы, што тыя краіны, якія абвінавачваюць Беларусь, самі парушаюць правы чалавека. У прэамбуле да дакладу напісана, што ён тычыцца тых краін, якія ўвялі санкцыі адносна Беларусі -- дзяржаў ЕС, ЗША і Канады. Пры гэтым беларускія ўлады свядома ўхіліліся ад крытыкі тых краін, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь на міжнародным узроўні. Даклад носіць выключна прапагандысцкі характар, накіраваны ў тым ліку на выпрацоўку аргументацыі для міжнародных арганізацый на крытыку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак станоўчым аспектам з’яўлення гэтага дакладу стала тое, што беларускія ўлады прызнаюць, што правы чалавека не з’яўляюцца выключна ўнутранай праблемай дзяржаў і падлягаюць увазе і заклапочанасці з боку міжнароднай супольнасці.

ЕС і ЗША вельмі хутка адрэагавалі на даклак беларускага МЗС. Прадстаўніцтва Еўрасаюза адзначыла, што “прыняло да ведама даклад”, дадаўшы, што ЕС штогод выпускае даклад, які канцэнтруецца на працы ЕС па прасоўванні правоў чалавека ў свеце. “Выкарыстоўваючы магчымасць, якая прадставілася, ЕС зноў нагадвае беларускім уладам пра важнасць выканання ўсіх рэзалюцый Савета ААН па правах чалавека, у тым ліку выкананне рэкамендацый па паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, супрацоўніцтве са спецдакладчыкам па сітуацыі ў краіне".

“Злучаныя Штаты Амерыкі заўсёды адкрытыя да дыялогу з Беларуссю па сітуацыі з правамі чалавека”, -- пракаментавалі ў амбасадзе ЗША ў Мінску справаздачу МЗС Беларусі. «Мы таксама гатовыя абмяркоўваць з беларускімі ўладамі нашу справаздачу пра сітуацыю з правамі чалавека ў той частцы, якая тычыцца Беларусі».

 

Па-ранейшаму самай вострай праблемай заставалася наяўнасць палітычных зняволеных. Аднак у лютым з’явілася некалькі заяў, у выніку якіх стала зразумела, што пазіцыі некаторых замежных краін па колькасці і персанальным спісе палітвязняў разыходзяцца. Так, беларускія праваабаронцы настойвалі на безумоўным вызваленні і рэабілітацыі 9 палітвязняў (Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Андрэй Гайдукоў, Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў) і патрабавалі перагляду спраў справядлівым судом і вызвалення палітвязняў Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі, адзначаючы несправядлівую кваліфікацыю іх дзеянняў і празмернасць вынесенага пакарання і лічачы, што яны адбылі ўжо дастатковае пазбаўленне волі для здзейсненага ўчынку.
Тое, што Еўрасаюз палітычнымі лічаць толькі 6 беларускіх зняволеных, прагучала 17 лютага падчас нефармальнай сустрэчы праваабаронцаў з паслом адной з еўрапейскіх краін. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч пасля сустрэчы пракаментаваў дадзеную інфармацыю па просьбе журналіста Еўрарадыё: “Ніхто канкрэтных лічбаў не называў ніколі - мы ўдзельнічалі ў розных сустрэчах , калі нас прасілі прадставіць наш пункт гледжання на тыя ці іншыя справы, мы іх агучвалі і заўсёды казалі: “ Мы лічым палітвязнямі 11 чалавек”. І тое, што зараз мы даведаліся пра шасцярых - гэта для нас новая інфармацыя”. Пры гэтым персанальны спіс, каго ЕС прызнае палітвязнямі, не быў названы. Якая еўраструктура прыняла рашэнне лічыць палітычнымі менавіта такую колькасць беларускіх вязняў, таксама засталося невядомым.

18 лютага карэспандэнту БелаПАН у прадстаўніцтве ЕС у Беларусі растлумачылі, што спісы палітвязняў па розных прычынах могуць адрознівацца. «Па-першае, рознымі могуць быць спісы ў міжнародных праваабарончых арганізацый і тых, якія працуюць у Беларусі. Па-другое, колькасць палітвязняў можа быць розным у розныя перыяды. Для ЕС застаецца важным, каб у любым выпадку ўсе палітвязні былі вызвалены не з'яўляліся новыя, а сітуацыя з правамі чалавека паляпшалася”. ЕС, адзначалася ў паведамленні, «прыслухоўваецца да розных пунктаў гледжання, меркаванняў экспертаў, праводзіць маніторынгі, робіць свае уласным высновы з сітуацыі і прымае рашэнні самастойна». Але так і не прагучала, каго ЕС лічыць палітвязнямі ў Беларусі, аднак адзначалася, што Еўрасаюз працягвае заклікаць беларускія ўлады да вызвалення палітвязняў і паляпшэнню сітуацыі з дэмакратыяй, вяршэнствам закона і правамі чалавека, у тым ліку правам грамадзян на справядлівы суд і адсутнасць палітычна матываваных пераследаў.
Пра тое, што палітычны дыялог афіцыйнага Мінска з Брусэлем немагчымы без вырашэння праблемы палітвязняў, заявіў 19 лютага падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі кіраўнік дэпартамента Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дырк Шубель, які знаходзіўся ў Беларусі з працоўным візітам. Па выніках сустрэчы адзін з яе ўдзельнікаў, лідэр АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што папрасіў еўрачыноўніка пракаментаваць інфармацыю ў СМІ аб тым, што ЕС нібыта мае спіс з шасці палітвязняў, у той час як у Беларусі лічаць такімі адзінаццацць. Па словах палітыка, Дырк Шубель заявіў, што ніхто ніякіх выключэнняў з агульнага спісу не рабіў на ўзроўні ЕС, што яны патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў без усялякіх выключэнняў, а заявы, якія прагучалі, могуць быць прыватным меркаванне асобных членаў Еўрапейскага Саюза.

Вядома, што вызваленне палітвязняў - галоўнае патрабаванне ЕС да беларускіх уладаў, без вырашэння якога шанцаў на пачатак паляпшэння стасункаў няма, але ў лютым з’явілася трывога, што пасля вызвалення 6, а не 11 зняволеных Еўрасаюз можа палічыць патрабаванне выкананым. Такое развіццё падзеяў было б вельмі небяспечным, улічваючы тое, што знешнепалітычны фактар на сённяшні дзень з’яўляецца самым уплывовым на сітуацыю як з палітычнымі зняволенымі, так і ўвогуле на становішча з правамі чалавека ў краіне.

Адзін з механізмаў, які можа быць выкарыстаны краінамі ЕС у справе ціску на афіцыйны Мінск па пытанні палітвязняў, быў прапанаваны Швецыяй і выкладзены ў дакуменце пад загалоўкам « 20 пунктаў пра Усходняе Партнёрства пасля Вільні», прадстаўленым 10 лютага на паседжанні Савета ЕС на ўзроўні міністраў замежных спраў. У дакуменце рэкамендуецца шляхам «нефармальных кантактаў» з Мінскам, «выкарыстоўваючы» факт правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску (травень 2014 г. – рэд.), падштурхоўваць беларускія ўлады да «пазітыўных крокаў адносна палітвязняў».

Моцны рэзананс выклікала заява амбасадара Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала ў інтэрв'ю ізраільскаму каналу RTVI 6 лютага, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітзняволеныя з'яўляюцца крымінальнікамі. «Тыя, каго лічаць палітзняволенымі, — гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёння. Чатыры чалавекі засталіся, сядзяць у турме. Лукашэнка прапануе ім напісаць просьбу аб памілаванні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу — цябе адпусцяць. Яны не жадаюць, лічаць за лепшае заставацца героямі ў турме», — сказаў Іосіф Шагал. На пытанне журналісткі аб пазіцыі Ізраіля, як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе, у дачыненні да праблемы палітзняволеных у Беларусі Шагал адказаў: «Як мы паставімся да палесцінца, які кіне камень у Кнэсет? Ён хто — палітзняволены ці крымінальнік? Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не па палітычным. Усе. За напад на парламент, за кіданне камянёў». «Я не кажу, што яны не палітзняволеныя — з якога боку глядзець. З пункту гледжання крымінальнага кодэкса краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З пункту гледжання Польшчы ці Еўрасаюза, яны палітзняволеныя», — дадаў ізраільскі дыпламат. На ўдакладняючае пытанне журналісткі «а з пункту гледжання Ізраіля?», Шагал адказаў: «З пункту гледжання нашага, яны — крымінальнікі, таму што ў іх ёсць артыкул — за хуліганства, за кіданне камянёў, за знявагу ўлад ну і гэтак далей». Аднак МЗС Ізраіля не падтрымаў выказванні свайго амбасадара ў Беларусі. 14 лютага на сайце амбасады Ізраіля ў Варшаве з’явілася афіцыйнае паведамленне прэсавага сакратара ізраільскага Міністэрства замежных справаў, якое адмяжоўваецца ад выказваньняў амбасадара Іосіфа Шагала. «У сувязі са зместам інтэрв’ю, дадзенага 6 лютага тэлеканалу RTVi амбасадарам Ізраіля ў Беларусі, прэсавы сакратар МЗС Ізраілю і амбасада Ізраілю ў Варшаве жадаюць растлумачыць: - Словы амбасадара ў Мінску ні ў якім разе не адлюстроўваюць пазыцыі Дзяржавы Ізраіль. - У інтэрвію амбасадар Шагал выказаўся пра іншыя краіны (у т. л. Польшчу). Гэтыя словы выклікалі непаразуменьне сярод нашых сяброў. Выказваем шкадаванне з гэтай нагоды. - Адпаведныя тлумачэнні ўжо былі перададзеныя праз дыпламатычныя каналы. Ігаль Пальмор, прэсавы сакратар МЗС Ізраіля. Амбасада Ізраіля».

У сваю чаргу былыя беларускія палітвязні і іх сваякі, а таксама сваякі тых, хто цяпер сядзіць у беларускіх турмах паводле палітычных матываў, звярнуліся да прэзідэнта Ізраіля Шымона Пэрэса, прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху і старшыні Кнэсэту Юлія-Ёэля Эдэльштэйна з патрабаваннем адклікаць з Беларусі амбасадара Іосіфа Шагала.  «Мы не можам ўмешвацца ў кадравую палітыку ізраільскага МЗС. Але лічым відавочным, што пасля абразлівых для дэмакратычнай супольнасці Беларусі выказванняў далейшае знаходжанне спадара Шагала на сваёй пасадзе ў нашай краіне наўрад ці будзе спрыяць падтрыманню пазытыўнага вобразу Дзяржавы Ізраіль у беларускім грамадстве», — сказана ў звароце.

Нягледзячы на вострыя дыскусіі вакол праблемы палітвязняў, іх лёс на працягу лютага заставаўся нязменным. Не адбылося ніякай пазітыўнай дынамікі і ў іншых адчувальных сферах правоў чалавека ў Беларусі. Сітуацыя заставалася закансерваванай і стабільна кепскай.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

1 лютага Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміла са спасылкай на дасведчаную крыніцу, што турэмныя цэнзары не прапусцілі ліст Мікалая Статкевіча з адказам на заяву А. Лукашэнкі, зробленую 21 студзеня падчас сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для вызвалення Мікалаю Статкевічу трэба напісаць прашэнне аб памілаванні. У ранейшых лістах М.Статкевіч пісаў, што катэгарычна адмаўляецца звяртацца да А.Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. Марына Адамовіч сцвяржае, што з таго часу нічога не змянілася. 6 лютага жонка Мікалая Статкевіча паведаміла, што палітвязень не выключае, што пасля нядаўніх прапаноў напісаць прашэнне ёсць верагоднасць таго, што патрэбнае прашэнне могуць напісаць за яго. “Узгадваю, як восенню 2011 года начальнік атрада прапанаваў мне напісаць заяву на імя начальніка калоніі з патрабаваннем (!) вызваліць мяне, пажадана па-беларуску. Я заяву напісаў, пераказаўшы ў ёй частку апошняга слова ў судзе і назваўшы прозвішча сапраўднага злачынцы. Потым, падумаўшы, перадаў [...], што мажлівая фальсіфікацыя “прашэння” ад майго імя. (Прачытаў потым пра такую мажлівасць у газеце, за што ўдзячны). Пазней, у студзені 2012 года, калі я сядзеў у “спецкамеры” ПКТ і чакаў суда па “крытай”, адзін супрацоўнік аператыўнага аддзела сказаў мне, што такі план у іх, сапраўды, быў. Нават пахваліўся, што “зрабілі” б такое “прашэнне”, якое б “ніводная экспертыза не выявіла”. Палітвязень патлумачыў, што піша пра ўсё гэта, “каб ні ў кога падобнай спакусы і зараз не з'явілася”.

 

7 лютага Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, паведаміла, што сын першы раз за месяц тэлефаванаў дадому. З. Лобаў распавёў, што вялікія маразы ён перажыў нармальна і не захварэў. 25 лютага Марына Лобава мела кароткатэрміновае спатканне з сынам. Размова адбывалася дзве гадзіны па тэлефоне праз шкло. М. Лобава адзначыла, што Эдуард адчувае сябе нармальна. У чэрвені ў яго заканчваецца вучоба, і палітвязень атрымае дыплом электрагазазваршчыка, будуе планы на хуткае вызваленне (павінен быць вызвалены 18 снежня 2014 года).

6 лютага польскі дэпутат Еўрапейскага парламента Філіп Качмарак даслаў ліст падтрымкі палітвязню Яўгену Васьковічу і зварот да беларускага Чырвонага Крыжа з просьбай расследаваць сітуацыю, у якой апынуўся зняволены. З пятнаццаці месяцаў, якія Яўген Васьковіч знаходзіцца за кратамі, восем ён правёў у карцары. «Як вядома, знаходжанне ў карцары нават некалькі дзён вельмі небяспечна для жыцця чалавека і можа прывесці да трагічных наступстваў. Я падазраю, што шматмесячнае знаходжанне Яўгена ў карцары - катаванне з мэтай прымусіць яго падпісаць прашэнне аб памілаванні», - адзначыў Ф. Качмарак. 17 лютага беларускі Чырвоны Крыж адказаў: «Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа атрыманы ваш зварот з нагоды Яўгена Васьковіча 10.02.2014, і па даручэнні старшыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Малашкі В.А. паведамляем вам, што намі адпраўлены запыт у Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў аб умовах утрымання пад вартай і магчымасці наведвання Яўгена Васьковіча». 26 лютага Яўген Васьковіч адзначыў сваё 24-годдзе. Гэта ўжо чацвёрты Дзень нараджэння, які палітвязень сустрэў у зняволенні.

 

8 лютага Наталля Пінчук, жонка палітвязня-праваабаронцы Алеся Бяляцкага, паведаміла, што атрымала ліст ад мужа, у якім ён піша, што ўвесь вольны час працуе над эсэ пра пісьменніка Барыса Мікуліча. Гэты двойчы рэпрэсаваны пісьменнік, які памёр пасля вайны, некалькі месяцаў не дачакаўшыся рэабілітацыі, друкаваўся ў даваенным часопісе «Маладняк», які выходзіў у Бабруйску, дзе зараз адбывае пакаранне Алесь Бяляцкі. 25 лютага А. Бяляцкі стаў лаўрэтам прэміі “Залаты апостраф”, заснаванай часопісам “Дзеяслоў” у намінацыі «non-fiction» за артыкул «Дзяды былі з намі», напісаны з нагоды 25-годдзя першага масавага мітынгу ў Беларусі, на Дзяды.

 

8 лютага грамадская актывістка і рэжысёр Вольга Нікалайчык паведаміла, што атрымала ліст ад палітвязня Мікалая Аўтуховіча, у якім ён напісаў, што не атрымаў паштоўкі і тэлеграмы, якія яму дасылалі беларускія і ўкраінскія актывісты ў Дзень нараджэння з кіеўскага Майдану. 26 лютага праваабаронца Алег Волчак адзначыў, што адміністрацыя гарадзенскай турмы не дазваляе правесці дыягностыку стану здароўя Мікалая Аўтуховіча. У палітвязня сур'ёзныя праблемы з зубамі, яму патрэбны імплантаты, а яму да гэтага часу не перадалі міксер для драбнення ежы.

8 лютага Валерыя Хоціна, жонка палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміла, што адміністрацыя магілёўскай турмы адмовілася прымаць для яго прадуктовую перадачу. Па словах В. Хоцінай, яму даслалі бандэроль: пару «снікерсаў», цыгарэты, якія ён прасіў, гарбату, паколькі ён паведаміў, што гэта магчыма, але ў хуткім часе прыйшло паведамленне, што бандэроль вяртаецца. Прычыну, чаму прадуктовую бандэроль не дазволілі перадаць, родным не паведамілі. Перад гэтым кніжная бандэроль адміністрацыя турмы прапусціла. Паводле слоў палітвязня, ён прачытаў усе кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія яго цікавілі. Валерыя Хоціна адзначыла, што ў апошніх лістах Мікалай на дрэннае здароўе не скардзіўся.

 

11 лютага палітвязня Васіля Парфянкова накіравалі ў папраўчую калонію №9 у Горках, дагэтуль ён утрымліваўся ў следчым ізалятары №7 у Жодзіна. 5 снежня 2013 года Васіля Парфянкова асудзілі на год папраўчай калоніі строгага рэжыму за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Ён быў узяты пад варту у залі суда і адпраўлены ў следчы ізалятар.

 

20 лютага ў Варшаве прэзентавалі Нацыянальную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, заснаваную сайтам «Хартыя-97». Віктар Івашкевіч -- актыўны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху, які ў 2013 годзе заўчасна пайшоў з жыцця. Адным з лаўрэатаў прэміі стаў палітвязень Уладзімір Яроменак.

 

24 лютага сям'я палітвязня Андрэя Гайдукова, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, вярнулася з доўгатэрміновага спаткання, якое працягвалася трое сутак. Вольга Гайдукова, маці палітвязня, паведаміла, што спатканне прайшло добра, Андрэй адчувае сябе нармальна, настрой у яго добры, вязень чакае вызвалення (павінен выйсці на волю 8 траўня 2014 года).

Смяротнае пакаранне

 

У лютым споўнілася пяць гадоў з пачатку дзейнасці кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. У межах кампаніі існуе некалькі накірункаў. І адзін з віх – юрыдычная дапамога людзям, асуджаным да смяротнага пакарання дзеля таго, каб пераканацца ў справядлівасці судовага разбіральніцтва. За гэты час было пададзена некалькі скарагаў у Камітэт па правах чалавека ААН, з іх ужо разгледжаны звароты па справах Уладзіслава Кавалёва і Андрэя Жука, па астатніх адбываецца камунікацыя. Адным з накірункаў з’яўляецца праца са сваякамі асуджаных, якія дабіваюцца змены парадку выканання смяротных прысудаў і выдачы цел расстраляных. Яшчэ адзін з важных накірункаў – інфармацыйны. Вакол тэмы смяротнага пакарання дзяржаўныя органы спрабуюць захаваць завесу таямнічасці і сакрэтнасці. Інфармацыя не пра ўсе прысуды робіцца публічай і з’яўляецца ў СМІ. Вялікая складанасць – немагчымасць правядзення мірных сходаў супраць смяротнага пакарання.

 

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

8 лютага Віктар Шаршун знаходзіўся у сваёй кватэры на бульвары Шаўчэнкі ў Мінску, калі невядомы пазванілі ў дзверы, прадставіўшыся супрацоўнікамі ЖЭС. Як выявілася пасля, насамрэч гэта былі супрацоўнікі міліцыі. Не прадставіўшыся, яны загадалі грамадзяніну зняць бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў на ягоным балконе, паколькі, па іх словах, гэта сімволіка з'яўляецца незарэгістраванай. Віктар Шаршун адмовіўся гэта рабіць і паспрабаваў зачыніць уваходныя дзверы. Тады супрацоўнікі міліцыі выцягнулі яго не лесвічную пляцоўку, пачалі збіваць. З кайданкамі на руках Віктара Шаршуна даставілі ў Цэнтральны РАУС г.Мінска, дзе ён прабыў да позняга вечара, аднак ніхто не тлумачыў прычыну затрымання, пратакол адміністрацыйнага правапарушэння таксама не складаўся. Каля 21 гадзіны затрыманага даставілі на вул. Мініна для праходжання агляду на прадмет ужывання алкаголю. Пасля таго яго ізноў адвезлі ў Цэнтральны РАУС. Мужчына дрэнна сябе адчуваў, была выклікана хуткая дапамога, якая гаспіталізавала яго ў 2-ю клінічную бальніцу. Перад ад'ездам у шпіталь, мужчыне ўручылі ўжо складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КаАП Рэспублікі Беларусь. У бальніцы пацыенту рабілі рэнтгенаграфію рэбраў, пасля чаго адпусцілі дадому. Віктар Шаршун падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінску з просьбай правесці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеянняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці. "Спасылка работнікаў міліцыі на тое, што я нібыта я парушыў дзеючае заканадаўства, вывесіўшы на балконе незарэгістраваную ва ўстаноўленым законам парадку сімволіку, з'яўляецца недарэчнай і незаконнай, паколькі карыстанне незарэгістраванай сімволікай забаронена законам толькі ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў", - адзначае грамадзянін у скарзе на дзеянні работнікаў міліцыі. 13 лютага Віктар Шаршун атрымаў даведку з гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. У выпісцы з медыцынскіх дакументаў сярод іншага адзначаецца, што падчас знешняга агляду 8 лютага зафіксаваны шматлікія ссадзіны і вонкавыя пашкоджанні скураных пакроваў. У якасці дыягназу там адзначаецца магчымы закрыты пералом 8-9 рабрынаў злева. 25 лютага з адказу намесніка пракурора Цэнтральнага раёну М.М.Хортава стала вядома, што скарга В. Шаршуна перанакіравана ў суд Цэнтральнага раёна. Такім чынам, пракурор замест таго, каб правесці праверку і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, перадаў справу ў суд, змяніўшы прадмет абскарджвання на нязгоду грамадзяніна з вядзеннем адносна яго адміністрацыйнага працэсу.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

10 лютага ў судзе Ашмянскага раёна была разгледжана грамадзянская справа праваабаронцы Таццяны Рэвяка супраць Ашмянскай мытні, якая вынесла рашэнне аб рээкспарце ў Літоўскую Рэспубліку 40 асобнікаў вынятых у яе на мяжы кніг зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”. Гэта патрабаванне мытні было абгрунтавана высновамі двух экспертыз і Раздзелам 1.3 Адзінага пераліку тавараў, да якіх ужываюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі-членамі Мытнага саюзу ў межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Мытны орган прадстаўлялі Тамара Глінкевіч і Алена Ждановіч, а таксама была дапытана ў якасці спецыяліста супрацоўніца Ашмянскай мытні Н. Канановіч. У якасці прадстаўніка інтарэсаў заяўніка Таццяны Рэвяка ў працэс быў дапушчаны юрыст Павел Сапелка. Падчас паседжання суддзёй Таццянай Емельяновіч былі заслуханы бакі, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы, адбыліся судовыя спрэчкі бакоў, выступілі сведкі з боку праваабаронцаў - Сяргей Сыс і Андрэй Палуда, якія засведчылі, што Таццяна Рэвяка везла кнігі не для продажу, а для распаўсюду сярод сяброў і знаёмых Алеся Бяляцкага. 11 лютага суддзя Таццяна Емельяновіч не задаволіла скаргу Т. Рэвякі, прызнаўшы правамоцнай забарону ўвозу выдання ў Беларусь. Пры гэтым суддзя прызнала праведзеныя экспертызы па кнізе непрымальнымі, улічыўшы іх разам з тым як меркаванне спецыялістаў, а рашэнне аб адмове, па яе словах, было прынята сыходзячы з унутраных перакананняў. Суд прызнаў, што змест літаратуразнаўчай кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзян. Пры гэтым суд не прывёў ніводнай фразы з гэтай кнігі, якая, па яго меркаванні, можа ненесці шкоду ўказаным каштоўнасцям. 12 лютага Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” заявіў, што лічыць рашэнне суда палітычна матываваным і выкліканым толькі тым, што аўтар цяпер знаходзіцца ў зняволенні.

 

13 лютага ўвечары на беларускай мяжы для дагляду затрымалі кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформа інавэйшн” Андрэя Бандарэнку. У аўтамабілі мытнікі знайшлі некалькі асобнікаў гадавой справаздачы пра дзейнасць арганізацыі. Праз некалькі гадзін перамоваў мытнікі правялі поўны дагляд аўто і затрымалі для правядзення экспертызы ўсе асобнікі справаздачы. Андрэй Бандарэнка падкрэслівае, што гадавая справаздача “Платформы” з’яўляецца адкрытым дакументам і размешчана на афіцыйным сайце арганізацыі. Раней ні ў аднаго з дзяржаўных органаў прэтэнзій да гэтых справаздач не ўзнікала.

 

18 лютага суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў скаргу намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча на рашэнне Генпракуратуры ўнесці сайт spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў. Справу разглядала суддзя - Алена Сямак, прадстаўнік адказчыка - намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры Павел Елісееў. Валянцін Стэфановіч на пачатковай стадыі працэсу заявіў хадайніцтва дапусціць да слухання прадстаўніка грамадскасці - старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака. Акрамя таго, дазволіць заяўніку і яго прадстаўніку азнаёміцца ​​з пастановай Генпракуратуры, на падставе якога сайт spring96.org быў унесены ў спіс забароненых. Стэфановіч таксама выступіў з хадайніцтвам аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Суд і прадстаўнік пракуратуры падтрымалі хадайніцтвы, за выключэннем апошняга. Такім чынам, судаводства вялося на рускай мове, але паказанні Стэфановіча і Гулака былі ўнесены ў пратакол пасяджэння на беларускай. Пры гэтым суддзя адзначыла, што кампутар у зале пасяджэння не прыстасаваны да беларускай мовы. Па хадайніцтве прадстаўніка пракуратуры да матэрыялаў справы былі далучаны скрыншоты з матэрыяламі сайта ПЦ "Вясна". Генпракуратура узказывала, што адной з падстаў ўнясення сайта spring96.org ў спіс забароненых з’явілася публікацыя матэрыялаў неправамернага характару. Пастанова аб гэтым было вынесена ў жніўні 2011, аднак у матэрыялах справы былі прадстаўлены спасылкі ў асноўным на артыкулы, якія выйшлі пасля жніўня 2011. В.Стэфановіч аспрэчваў парушэнне сваіх правоў як аднаго з аўтараў сайта ПЦ "Вясна", а менавіта - незаконнае абмежаванне на распаўсюд інфармацыі. На яго думку, у пракуратуры не было падстаў на ўнясенне сайта ў спіс забароненых, бо матэрыялы, размешчаныя на ім, ніякім чынам не парушаюць закон, а наадварот, спрыяюць паляпшэнню прававой культуры насельніцтва. Пазіцыя Генпракуратуры заснаваная на тым, што на сайце spring96.org была размешчана інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі - ПЦ "Вясна" , якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым законам парадку, а значыць, размяшчэнне такой інфармацыі таксама з'яўляецца парушэннем закона. П.Елісееў адзначыў, што скарг ад грамадзян на інфармацыю, размешчаную на spring96.org, не паступала, пракуратура самастойна прыняла рашэнне аб унясенні сайта ў спіс забароненых у парадку нагляду згодна з указам прэзідэнта №60. Прадстаўнік Генпракуратуры падкрэсліў, што інфармацыя на сайце ПЦ "Вясна" прапагандуе супрацьпраўныя дзеянні, падрывае асновы дзяржаўнасці, таму забарону для дзяржаўных арганізацый на карыстанне дадзеных электронным рэсурсам праваахоўнікі лічаць абгрунтаванай. У ходзе слухання Павел Елісееў адзначыў, што калі б у Генпракуратуры была магчымасць абмежаваць ўсіх грамадзян да доступу да сайта ПЦ "Вясны", яны яе б рэалізавалі. У часе судовых спрэчак В.Стэфановіч адзначыў, што прадстаўнік Генпракуратуры так і не патлумачыў, чым канкрэтна былі парушаныя правы грамадзян праз інфармацыю, якую распаўсюджваў заяўнік на сайце spring96.org. "Наша дзейнасць заснаваная на прынцыпах правоў чалавека. Мы падтрымліваем дзяржаўную палітыку па барацьбе з экстрэмізмам, прапагандай гвалту, нацыянальнай, расавай і іншай дыскрымінацыі. Я настойваю, што інфармацыя, якую мы распаўсюджваем, не парушае закон. І пракуратура не прадставіла контраргументы". Прадстаўнік Генпракурора у спрэчках настойвае, каб В.Стэфановіча прызналі неналежным заяўнікам па справе, а таксама спыніць грамадзянскую справу, паколькі асабістыя правы Стэфановіча парушаны не былі. У выніку разгляду суд вынес вызначэнне, згодна з якім Стэфановіч Валянцін прызнаны неналежным заяўнікам, паколькі не з'яўляецца ўласнікам сайта spring96.org, яго асабістыя правы праз унясенне сайта ў спіс забароненых не парушаныя. Акрамя таго, суд пастанавіў спыніць вытворчасць па грамадзянскай справе ў сувязі з яе непадведамаснасцю суду. 21 лютага Валянцін Стэфановіч накіраваў прыватную скаргу ў Калегію па грамадзянскіх справах Мінскага  гарадскога суда на вызначэнне суда Цэнтральнага раёна аб спыненні вытворчасці па справе ўнясення у “чорныя спісы” сайта  spring96.org. З вызначэннем, вынесеным судом Цэнтральнага р-га г. Мінска праваабаронца не згодны, паколькі лічыць, што яно не заснавана на законе і парушае ягонае законнае права на абскарджанне дзеянняў дзяржаўнага органа, якія парушаюць правы, у судовым парадку, што падведамасна судам паводле нормаў ГПК Рэспублікі Беларусь (справы, якія выцякаюць з адміністрацыйных праваадносін).

 

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

1 лютага на здымках беларускага фільма «Авель» быў затрыманы мужчына, які выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!». У гэты вечар стваральнікі фільма здымалі масавую сцэну -- 4-тысячнае шэсце дэманстрантаў ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Каля ўніверсама «Цэнтральны» малады чалавек некалькі разоў выкрыкнуў лозунг «Жыве Беларусь!». Яго адвялі ў бок і паведамілі пра затрыманне. У хуткім часе малады чалавек быў адпушчаны.

 

2 лютага ў Мінску каля Камароўскага рынку адбываўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету актывісткі БХД Марыны Хоміч. Па словах сустаршыні аргкамітэту Партыі БХД Віталя Рымашэўскага, «людзі ў цывільным усяляк абражалі ўдзельнікаў, здымалі іх на відэа, аказвалі псіхалагічны ціск». Віталь Рымашэўскі ў адказ на гэтыя дзеянні выклікаў міліцыю. На 7 лютага палітыка запрасілі ў РУУС Савецкага раёна і там абвясцілі, што ён пакараны штрафам у 16 базавых велічынь «за беспадстаўны выклік міліцыі». Віталь Рымашэўскі адзначае, што міліцыя на ягоны выклік так і не прыехала, хаця ў пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння было запісана, што міліцэйскі нарад да Камароўскага рынку выяжджаў.

10 лютага былога палітвязня, сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Фрунзенскага раёну Мінска, дзе вынеслі яму пісьмовае «афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні супрацьпраўных паводзінаў». На пытанне, з чым звязана такое папярэджанне, быў дадзены адказ: «Вы стаіце ў нас на ўліку». Палітык звязвае гэта з блізкім чэмпіянатам свету па хакеі і з сустрэчамі па рэгіёнах, якія ён праводзіць падчас мясцовай кампаніі. Павел Севярынец адбыў тры гады абмежавання волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2010 годзе, вызвалены 19 кастрычніка 2013 года і два гады будзе мець непагашаную судзімасць.

 

12 лютага ў Гродна адбыліся адміністрацыйныя працэсы над сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельнікамі выбарчага пікету 7 лютага на вуліцы Ажэшкі. У выніку тры чалавекі – Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенча і Руслан Кулевіч былі аштрафаваны на 15 базавых велічынь кожны; Ірына Давідовіч, сябра АГП з Іўя, была аштрафавана на 10 базавых велічынь -- суд улічыў, што яна беспрацоўная і на яе ўтрыманні знаходзяцца двое непаўналетніх дзяцей. Сябры АГП былі выкліканыя ў Ленінскі РАУС Гродна з самай раніцы, цэлы дзень іх трымалі ў міліцыі. Пасля 14.30 у РАУС прыехала суддзя Алена Пятрова, якая і вынесла пастановы аб пакаранні. Сведкай супраць удзельнікаў выбарчага пікету АГП, усе з якіх збіраюцца балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты, выступалі міліцыянты і прадстаўніца гарадской выбарчай камісіі Ірына Вішнеўская. Апошняя ў час пікету была прысланая на месца яго правядзення. Судовыя працэсы скончыліся каля шостай гадзіны вечару. Суддзя палічыла, што актывісты АГП займаліся не толькі зборам подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатамі, але і парушылі заканадаўства тым, што адначасова збіралі подпісы супраць увядзення новага падатку на аўто.

 

22 лютага ўвечары падчас акцыі салідарнасці з Украінай былі затрыманы маладафронтаўцы Андрэй Цянюта, Наталля Крывашэй, Станіслаў Була. Актывісты праводзілі акцыю на “нулявым кіламетры” Гомеля, дзе прымацавалі спіс загінулых на Майдане і запалілі знічкі ў памяць аб героях. Адразу пасля пачатку акцыі актывісты былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У Цэнтральным раённым аддзеле міліцыі Гомеля ў дачыненні да Андрэя Цянюты, Наталлі Крывашэй і Станіслава Булы былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў згодна з артыкулам 23.34 КаАП. У дачыненні да чацвёртага затрыманага, Канстанціна Жукоўскага, які фатаграфаваў маладзёнаў і таксама быў дастаўлены ў міліцыю, супрацоўнік Цэнтральнага РАУС А. Бельскі вынес пастанову паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу нібыта за пагрозу прымянення гвалту да супрацоўніка міліцыі. К. Жукоўскі адзначыў, што такім чынам маглі быць расцэнены ягоныя словы пра магчымасць зрабіць іх неўязнымі ва Украіну за перашкоды ва ўшанаванні памяці ахвяраў Еўрамайдану.

 

22 лютага актывістаў “Маладога Фронту” Мікалая Дземідзенку і Дзмітрыя Крэмянецкага затрымалі на ўкраінскай мяжы, паставілі штампы на забарону ўезду на тэрыторыю Украіны на 5 гадоў і адвезлі на беларускі бок. Пасля гэтага на мяжы з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі хлопцаў за тое, што тыя нібыта лаяліся матам. Да суда, які адбыўся 24 лютага, актывісты ўтрымліваліся ў Ельскім РАУС. На іх былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), падмацаваныя пяццю рапартамі міліцыянтаў і пратаколамі апытання двух іншых затрыманых у РАУС. Суддзя суда Ельскага раёна Цалкоў Іван Пятровіч прыняў рашэнне паказаць Мікалая Дземідзенку і Дзмітрыя Крэмянецкага адміністрацыйным арыштам тэрмінам 10 сутак кожнага.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

4 лютага Алег Жалноў, вядомы бабруйскі блогер, быў затрыманы ў УУС з-за "спробы дыстанцыйнага падрыву" гэтага будынка. Прычынай падазрэнняў стаў бралок з гукавым сігналам, які зазвінеў у кішэні Жалнова. Накіравацца ў УУС блогера прымусіла крымінальная справа, заведзеная на яго сына Аляксея: на гэты дзень быў прызначаны допыт у аддзеле следчага камітэта, і Жалноў-старэйшы збіраўся здымаць яго на відэа. Гэтая крымінальная справа – працяг гісторыі з канфліктам каля будынка ДАІ, па якой у 2013 годзе адбылося некалькі судовых пасяджэнняў, таксама была сканфіскаваная тэхніка ў кватэры Жалновых, якую дасюль не вярнулі. Блогеру быў прысуджаны штраф за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Аляксея Жалнова абвінавацілі па артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса "гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка ораганаў унутраных спраў". Сцвярджаецца, што падчас верасеньскага канфлікта ля будынка ДАІ Аляксей Жалноў ударыў "даішніка" Аляксандра Бутоўскага па галаве. Алег Жалноў настойвае на тым, што яго сын не выкарыстоўваў фізічную сілу супраць Бутоўскага, а абвінавачанне -- помста яму за ўсе відэаролікі і суды. 7 лютага пракуратура Бабруйска распачала супраць Алега Жалнова крымінальную справу па факце "публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў" па артыкуле 369 КК РБ. Нагодай сталі запісы ў персанальным інтэрнэт-блогу Алега Жалнова. Як адзначае прэс-служба УУС Бабруйскага гарвыканкама, тут "быў апублікаваны шэраг абразлівых матэрыялаў у адносінах да супрацоўніка міліцыі". 20 лютага Алег Жалноў паведаміў, што яму пагражае абвінавачанне па артыкуле № 340 "Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы", ідзе праверка. Гэта следства ягонага візіта ў УУС, калі адзін з міліцыянтаў успрыняў ягоныя рэчы як пагрозу бяспекі і аформіў гэта як заяву аб падрыхтоўцы да выбуху.

 

5 лютага журналісты Сяргей Кручкоў, Наста Рэзнікава і аператар Аляксандар Пацееў прыехалі на Віцебшчыну здымаць нарыс пра жыццё Мёрскага раёну, але не паспелі падрыхтавацца да здымкаў, як прыехала міліцэйская машына. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што журналісты -- не мясцовыя, таму не маюць права тут знаходзіцца, і загадалі ехаць у пастарунак. У аддзяленні міліцы ім паведамілі, што яны нібыта збіраліся здымаць стратэгічны вайсковы аб'ект – "казарму" для ўдзельнікаў вучэнняў. Журналісты растлумачылі, што яны збіраліся здымаць касцёл, а казарма была не меньш як за метраў 250. Пасля дачы тлумачэнняў затрыманым сказалі, што яны вольныя, і службовая машына "правяла" іх да выезду з райцэнтру. Пра тое, што ў Мёрах праходзяць вучэнніі, журналісты не ведалі. Насамрэч, у Мёрах дзейнічае "вайсковае становішча" з "каменданцкай гадзінай" ды іншымі абмежаваннямі. Вучэнні распачаліся яшчэ ў 20-х чыслах студзеня. У Мёрах разгорнуты штаб тэрытарыяльнай абароны, тут сфармавана асобная стралковая рота, на часовую службу "мабілізаваны" некалькі соцень ваеннаабавязаных грамадзян.

 

8 лютага споўнілася пяць гадоў з моманту ўступлення ў сілу новага Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. З гэтай нагоды адбылася прэзентацыя аналітычнага дакладу “За рэформы медыя ў Беларусі”, падрыхтаванага супольнымі намаганнямі міжнароднай арганізацыі “Індэкс цэнзуры” (Index on Сensorship) і Беларускай асацыяцый журналістаў. “Закон аб СМІ застаецца рэпрэсіўным; ён не спрыяе развіццю плюралістычных і незалежных навінавых СМІ праз складаную працэдуру абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадугледжвае магчымасць закрыцця СМІ нават за невялікія парушэнні. Відавочна, што ўлады краіны маюць намер пашырыць гэтыя абмежавальныя прынцыпы і на рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-выданняў”, – адзначыў адзін з аўтараў дакладу, намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец. Беларусь застаецца краінай з адным з найбольш рэпрэсіўных медыяландшафтаў у Еўропе, гаворыцца ў дакладзе.

 

12 лютага міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала індэкс свабоды прэсы ў свеце. Індэкс свабоды прэсы публікуецца штогод і вымярае ўзровень свабоды распаўсюду інфармацыі ў 180 краінах. Ён адлюстроўвае ступень свабоды, якой карыстаюцца журналісты, СМІ і Інтэрнэт-актывісты, свабоду выказвання меркаванняў, а таксама намаганні, якія робяць улады дзеля таго, каб забяспечыць выкананне прынцыпаў свабоды слова. Самыя лепшыя паказчыкі – у Фінляндыі, Нідэрландаў і Нарвегіі (адпаведна – 1-е, 2-е і 3-е месцы), самы горшы рэйтынг – у Туркменістана (178), Паўночнай Карэі (179) і Эрытрэі (180), Арменія – на 78 месцы, Грузія – на 84, Таджыкістан – 115, Расія – на 148. Беларусь у гэтым рэйтынгу – на 157 месцы. За ёй ідзе Пакістан (158), далей – Азербайджан (160), Казахстан (161). Узбекістан (166), Іран (173), Туркменістан (178).

 

12 лютага газета «Рэспубліка» надрукавала афіцыйны спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Першым пунктам ідуць CD-дыскі, канфіскаваныя ў 2008 годзе ў журналіста Алеся Буракова. Гэта фільм польскага рэжысёра Міраслава Дэмбіньскага пра лёс закрытага ўладамі Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа. Другі дыск – гэта запіс канцэрту «Салідарныя з Беларуссю», які праходзіў у цэнтры Варшавы. Экстрэмісцкімі гэтую прадукцыю прызнаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Таксама ў спісе альбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Яго экстрэмісцкім прызнаў суд Ашмянскага раёна. Тое рашэнне выклікала вялікае абурэнне ў Беларусі і свеце. Альбом змяшчаў здымкі найлепшых беларускіх фатографаў. Астатнія пазіцыі ў спісе займаюць выданні пра гісторыю Расіі і некаторыя цячэнні праваслаўя, сярод якіх «Чытаючы Евангелле. Роздумы над евангельскімі чытаннямі. Хто мы: хрысціяне ці юдэі?» (выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва»), «Слова і Справа Івана Грознага», «Расія, прабудзіся. У абарону Айчыны», «Тайны сусветны ўрад», «Іга юдэйскае», «Вялес – Бог русаў».

 

18 лютага заснавальнік сайту www.orshatut.by Віктар Андрэеў паведаміў, што аднаму з рэкламадаўцаў і параілі адмовіцца ад супрацоўніцтва з імі. Чалавек патлумачыў В. Андрэеву, што яго папярэдзілі з КДБ, маўляў, сайт "не зусім той", і каб не было непрыемнасцяў, трэба прыбраць адтуль рэкламу. Сайт існуе больш за тры гады, на ім асвятляюцца мясцовыя навіны, а таксама навіны рэгіёну і вобласці. Размяшчаюцца таксама прыватныя аб'явы і рэклама тавараў ды паслуг.

 

19 лютага стала вядома, што старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік загадаў начальніку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Фёдару Балейку “сцерці ў парашок пісак” з незалежнай маланакладнай газеты “НАШ Магілёў”. П. Рудніка раззлаваў артыкул, які размешчаны на сайце газеты “НАШ Магілёў” пра першага намесніка старшыні аблвыканкама Аляксея Кісялёва “Магілёўскі чыноўнік не пускаў на прыём жанчыну з дзіцем”. Гераіняй артыкула з’яўляецца Ірына Ільінская, якая расказала журналістам пра сітуацыю, якая склалася падчас яе прыёму першым намеснікам старшыні аблвыканкама Кісялёвым. Ён не хацеў яе запускаць у кабінет з дзіцем, якое спала ў яе на руках, прапанаваў пакінуць дзіця ў калідоры. Толькі тады, калі людзі ў калідоры пачалі абурацца, чыноўнік пусціў да сябе жанчыну. Стала таксама вядома, што ўчастковы Аляксандр Уласенка зацікавіўся незалежным журналістам Алесем Бураковым (старэйшым). Міліцыянт тэлефанаваў яго суседцы і браў у яе на яго характарыстыку, распытваў пра тое, чым ён займаецца.

 

19 лютага Юрый Дзяшук быў выкліканы ў пракуратуру Лідскага раёна, дзе журналісту было ўручана афіцыйнае папярэджанне за працу без акрэдытацыі на карысць замежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама пра недапушчальнасць публікацыі неправеранай інфармацыі. Пісьмовую копію папярэджання журналісту ў пракуратуры перадаць адмовіліся. Падчас папярэдняга выкліку, які адбыўся 10 лютага, у пракуратуры Юрыя апыталі адносна яго журналісцкай працы. Скарыстаўшыся законным правам, журналіст адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні, пры гэтым патлумачыў, што працуе са СМІ як фрылансер, і з яго матэрыяламі можна пазнаёміцца шмат на якіх беларускіх сайтах, а таксама ў газетах і часопісах. Юры Дзяшук у 2008 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, адслужыў у войску і вярнуўся ў Бярозаўку. З гэтага часу пачаў супрацоўніцтва з мясцовымі і рэспубліканскім выданнямі, такімі, як “Лідская газета”, “Прынёманскія весткі”, “Лідскі летапісец”, сайт Lida.by

 

24 лютага салігорскі актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Малочка атрымаў ад начальніка Ашмянскай мытні Івана Нівяркевіча паведамленне, у якім сказана, што мытня накіравала вынятую ў яго на мяжы кнігу Валерыя Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» у рэгіянальны аддзел Упраўлення КДБ (РОУ КДБ) па Гродзенскай вобласці г. Ашмяны, каб даследаваць на прадмет аднясення да Пераліку забароненых да ўвозу ці вывазу з тэрыторыі Мытнага саюзу тавараў. З ліста вынікае, што папярэдняя экспертыза, якую праводзіла Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, не прызнаецца дастатковай. Начальнік мытні «просіць лічыць несапраўдным» папярэдні ліст з Ашмянскай мытні ад 23 студзеня: у ім сп-ра Малочку інфармавалі, што экстрэмізму ў кнізе Карбалевіча няма, і што ўладальнік можа забраць яе. «На ўсе пытанні, пастаўленыя Ашмянскай мытняй перад мытным экспертам, адказы атрыманыя не былі, – піша цяпер начальнік мытні. – У дадзены момант вызначаецца іншая экспертная арганізацыя з мэтай атрымання адказаў на пастаўленыя Ашмянскай мытняй пытанні».

 

27 лютага на мяжы з Украінай на памежным пераходзе Новая Гута памежнікі затрымалі гомельскага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Анатоля Гатоўчыца, па падазрэнні ў тым, што ён парушыў парадак прабывання ў памежнай зоне. Журналіст прыехаў на памежны пераход з мэтай падрыхтоўкі матэрыялу пра тое, як змянілася сітуацыя на мяжы ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне. Паколькі журналіст не прад’явіў пашпарт адразу з пасведчаннем, яго затрымалі для высвятлення абставін. Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання Анатоля Гатоўчыца адпусцілі без складання пратаколу. На развітанне старшы прапаршчык Патапенка папярэдзіў журналіста, што для працы ў памежнай зоне трэба загадзя браць дазвол ад памежнай групы.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

4 лютага судом Салігорскага раёна была разгледжана скарга грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы на забарону мясцовым райвыканкамам пікета да Дня правоў чалавека 10 снежня 2013 года. Справу вяла суддзя Ала Трафімчук з удзелам памочніка пракурора Салігорскага раёна Юліі Гаршковай. Бок выканкаму прадстаўляў юрыст Аляксей Страпко. Падчас судовага паседжання прадстаўнік выканаму выказаўся супраць задавальнення скаргі ды нарэшце агучыў прычыны забароны пікета, чаго не было зроблена ў афіцыйнай адмове. Выявілася, што нагодай стала просьба заяўніка мерапрыемства ўскласці абавязкі па забеспячэнні гармадскага парадку, медыцынскаму абслугоўванню ды прыборцы тэрыторыі на мясцовыя органы ўлады. Заслухаўшы заяўніка, прадстаўніка Салігорскага райвыканкаму ды пракурора, які палічыў неабходным адмовіць у задавальненні скаргі, суд прызнаў скрагу Уладзіміра Шылы неабгрунтаванай.

 

12 лютага суддзя суда Аршанскага раёна і горада Орша Алеся Котава адмовіла Юрыю Нагорнаву і Яўгену Анішчанку ў задавальненні скаргі. Актывісты спрабавалі праз суд змусіць міліцыю, паліклініку і камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза" заключыць дамовы на абслугоўванне пікета. Суддзя падтрымала прадстаўнікоў адказных служб у іх нежаданні супрацоўнічаць з апазіцыянерамі. Паводле судовага рашэння, медыкаў, міліцыянтаў і работнікаў "Спецаўтабазы" нельга змусіць да заключэння дамоў, бо гэта – некамерцыйныя структуры. Між тым, існуе рашэнне гарвыканкаму №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша", дзе наўпрост сказана: заяўнікі акцый мусяць разам з заяўкай падаць копіі дамоў на абслугоўванне. А таксама пералічаны структуры, з якімі трэба дамаўляцца: райаддзел міліцыі, паліклініка №1 і камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза". Актывісты звярнуліся ў суд пасля адтрыманых адтуль адмоў, што стала прычынай для забароны пікета па праблеме аварыйнага маста праз Днепр 30 кастрычніка 2013 года. У цяперашнім судовым працэсе заяўнікі прасілі, каб суд змусіў гэтыя структуры заключыць з імі дамовы на новую дату – на 29 сакавіка, аднак прадстаўнікі гэтых арганізацый аднагалосна заявілі ў судзе, што дамаўляцца з актывістамі не будуць ні ў якім разе. Прадстаўнік "Спецаўтабазы" ў суд не з'явіўся: адтуль даслалі афіцыйны ліст, што просяць суд разабрацца ў сітуацыі без іх удзелу. Прадстаўнік міліцыі на працягу ўсяго судовага пасяджэння маўчаў, зазначыўшы толькі ў пачатку, што не прызнае прэтэнзій заяўніка. Не пажадалі гаварыць ні прадстаўніца паліклінікі, ні прадстаўніца райвыканкаму. Суддзя Алеся Котава агучыла іх пазіцыю паводле дакументаў судовай справы. Прадстаўнікі міліцыі сцвярджалі, што не заключаюць дамоў, бо заяўнікі не маюць дазволу на правядзенне акцыі ад райваканкаму. Райвыканкам не дае дазволу без папярэдняга заключэння дамовы. Міліцыянты сказалі, што не могуць дамаўляцца з арганізатарамі ні на адну на канкрэтную дату, бо яны, маўляў, не ведаюць, ці будуць у іх у той дзень вольныя супрацоўнікі. Прадстаўнікі паліклінікі сказалі, што ў пераліку відаў іх камерцыйнай дзейнасці няма такога пункту, як абслугоўванне масавых акцый. І таму яны таксама заключыць дамовы не могуць. Паводле ліста з камунальнай службы, яны ўвогуле не могуць зрабіць таго, пры што іх просяць: прадпрыемства "Спецаўтабаза", згаданае ў рашэнні гарвыканкаму, прыборкай гарадскіх тэрыторый не займаецца ўвогуле, а толькі вывозіць смецце. Да таго ж, і адны, і другія, і трэція сказалі, што ніколі не заключалі дамоў з фізічнымі асобамі, і зрабіць гэта не ў стане. Суды наконт забароны пікету праз мост працягваліся амаль 2 месяцы.

 

17 лютага ў Глыбокім была атрымана адмова на заяву адносна правядзення пікета да Дня Канстытуцыі, які планаваўся 15 сакавіка. Прычына забароны, паводле райвыканкаму – адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Між тым, ні медыкі, ні камунальшчыкі ўвогуле не адказалі на прапанову заяўнікаў -- мясцовых актывістаў Яраслава Берніковіча і Дзмітрыя Лупача заключыць такія дамовы. Заява ў райвыканкам была накіравана ў той самы дзень, як і лісты да адказных служб. Выканкам адказаў заяўнікам праз 10 дзён. Глыбоцкі выканкам абгрунтаваў сваю адмову адсутнасцю дамоў на абслугоўванне акцыі, якія неабходна заключаць папярэдне ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама №167 "Аб вызначэнні месцаў для правядзення мітынгаў і пікетавання" . Следам за лістом пра забарону акцыі прыйшоў адказ з райаддзела міліцыі. З яго вынікае, што міліцэйскае кіраўніцтва чакала, пакуль адмовіць выканкам, бо агульны сэнс ліста такі: маўляў, вам забаранілі праводзіць акцыю, значыць, і мы дамову лічым немэтазгоднай.

 

26 лютага глыбоцкія актывісты Яраслаў Берніковіч і Дзмітрый Лупач атрымалі адмову на заяўку аб правядзенні пікета да Дня Волі 25 сакавіка. Прычына забароны: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Пры гэтым раённае міліцэйскае кіраўніцтва Глыбокага наўпрост заявіла ініцыятарам пікету, што заключаць папярэднія дамовы адмаўляецца. Начальнік РАУС Васюковіч напісаў, што законам аб масавых мерапрыемствах прадугледжаны пэўны парадак іх арганізацыі. І што ў законе няма такога патрабавання, каб дамовы на ахову правапарадку падчас нейкіх акцый заключаліся з міліцыяй яшчэ да таго, як мясцовыя ўлады вырашаць, дазволіць мерапрыемства ці не. Гэта лагічна, бо навошта заключаць дамовы, калі яшчэ невядома, ці будзе тая акцыя. Аднак мясцовыя ўлады кіруюцца рашэннем Глыбоцкага райвыканкаму № 167, дзе ўказана, што разам з заяўкай на акцыю трэба падаваць ўжо заключаныя дамовы з медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Такім чынам, выканкам стварыў такі парадак арганізацыі масавых акцый, у выніку якога правесці іх стала проста немагчыма.

 
Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

8 лютага машыніст крана 5 разраду Аляксандр Сахарук з Брэста, які працуе ва Упраўленні механізацыі № 127 будаўнічага трэста № 8, паведаміў, што працягвае змагацца ў судах за далучэнне яго да калектыўнай дамовы. Справа ў тым, што дамова тычыцца толькі сябраў афіцыйнага прафсаюза. А паколькі Сахарук – сябра прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, то. згодна з арт. 41 Працоўнага кодэкса, яму трэба было напісаць заяву ў дырэкцыю аб далучэнні да дамовы, што Аляксандр і зрабіў. У дырэкцыі параілі напісаць яшчэ заяву і ў прафсаюзную арганізацыю, і гэта зрабіў рабочы. Але атрымаў адмову і ад дырэкцыі, і ад прафсаюза. Для яго, як воіна-афганца, у дамове было прапісана толькі 2 пункты: выходны 15 лютага – дзень вываду войск з Афганістана, аплата за гэты дзень і грашовая ўзнагарода. Іншых ільгот, прэміяльных і даплат Сахарук афіцыйна быў пазбаўлены. Яму, як работніку, што не мае ніякіх парушэнняў працоўнай дысцыпліны, кожны раз патрэбна “выбіваць” гэтыя даплаты праз розныя інстанцыі. І рабочы вырашыў звярнуцца з гэтай праблемай у суд. Суд Маскоўскага раёна Брэста палічыў гэтую сітуацыю калектыўным канфліктам, які можа вырашыцца ў дасудовым парадку. Касацыйная скарга не змяніла сітуацыі. На дадзеным этапе Аляксандр Сахарук звярнуўся са скаргай да старшыні абласнога суда. 31 сакавіка ў Сахарука заканчваецца працоўны кантракт. Яму намякалі, што кантракт працягнуты не будзе. На думку Аляксандра, гэтая сітуацыя -- дыскрымінацыяй па прафсаюзнай прыналежнасці.

 

18 лютага Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі апублікавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцый і прававы стан некамерцыйных арганізацый у Беларусі” за 2013 год. Згодна з дадзенымі Міністэрства юстыцыі, у 2013 годзе зарэгістравана 70 новых грамадскіх аб’яднанняў (2 міжнародныя, 11 рэспубліканскіх і 57 мясцовых), 1 асацыяцыя грамадскіх аб’яднанняў, 11 фондаў (1 міжнародны і 10 мясцовых). Па напрамках дзейнасці зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь грамадскія аб’яднанні: фізкультурна-спартыўныя – 649; дабрачынныя – 396; моладзевыя – 256, у тым ліку дзіцячыя – 29; асветніцкія, культурна-забаўляльныя, выхаваўчыя – 223; нацыянальных меншасцяў – 112; інвалідаў вайны і працы, вэтэранаў – 86; навукова-тэхнічныя – 84; аб’ядноўваюць прыхільнікаў аховы прыроды, помнікаў гісторыі, культуры – 71; творчыя – 49; жаночыя – 30 і іншыя – 565. Паводле экспертаў Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі, колькасць новых НКА ў 2013 годзе значна ніжэйшая за паказчыкі 2011 і 2012 гадоў, калі цягам году рэгістрацыю атрымлівалі больш за сто грамадскіх аб’яднанняў і больш за 20 фондаў. Разам з тым, у 2013 годзе захавалася ранейшая тэндэнцыя рэгістрацыі спартовых грамадскіх аб’яднанняў – менавіта яны складаюць больш за палову новых грамадскіх аб’яднанняў. Па стане на 1 студзеня 2014 году ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый і 1057 партыйных арганізацый, 37 прафесійных саюзаў (33 рэспубліканскія прафсаюзы, 1 тэрытарыяльны прафсаюз і 3 прафсаюзы ў арганізацыях) і 23193 прафсаюзныя арганізацыі, 2521 грамадскае аб’яднанне, з іх 231 міжнароднае, 694 рэспубліканскія і 1596 мясцовых. Зарэгістравана і пастаўлена на ўлік 38915 арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў. Зарэгістраваны 31 саюз (асацыяцыя) грамадскіх аб’яднанняў, 145 фондаў (14 міжнародных, 5 рэспубліканскіх і 126 мясцовых), 7 рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў.

 

20 лютага набылі моц папраўкі ў некаторыя законы па дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. У прыватнасці, захоўваецца норма, што заснавальнікамі грамадскага аб'яднання павінны з'яўляцца не менш за 50 чалавек, аднак іх колькасны склад цяпер не прывязваецца да абласцей і Мінску. Спрашчаецца парадак рэгістрацыі зменаў і дапаўненняў у статуты партый і аб'яднанняў: яны будуць афармляцца ў выглядзе дадаткаў да статутаў. Раней любая, нават нязначная, змена патрабавала прыняцця новай рэдакцыі статута. Папраўкі таксама прадугледжваюць магчымасць ператварыць грамадскае аб'яднанне ў палітычную партыю. Адпаведнае рашэнне павінен прымаць вышэйшы орган аб'яднання. Пасля прыняцця такіх рашэнняў орган грамадскага аб'яднання набывае статус вышэйшага органа палітычнай партыі. Патрабаванні да стварэння палітычных партый пры гэтым застаюцца ранейшымі — наяўнасць не менш за 1000 заснавальнiкаў ад большасці абласцей краіны і Мінску. Пры ператварэнні грамадскага аб'яднання ў партыю на працягу шасці месяцаў да прыняцця такога рашэння аб'яднанне не мае права прама ці ўскосна атрымліваць грашовыя сродкі ды іншую маёмасць з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, дзяржаўных органаў і арганізацый, міжнародных арганізацый і замежных грамадзян. Акрамя таго, партыя ў адрозненне ад аб'яднання, не можа займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

 

24 лютага стала вядома, што ў Аляксандра Мікіткі, сябра пярвічкі Свабоднага прафсаюза Беларускага на заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў), скончыўся тэрмін яго працоўнага кантракта, і завадскі кіроўца даведаўся, што начальства не жадае болей бачыць яго на прадпрыемстве. А. Мікітка быў удзельнікам нядаўняга судовага працэсу, які тычыўся нявыплаты прэмій за высокую культуру вытворчасці. Старшыня пярвічкі Міхаіл Кавалькоў СПБ упэўнены, што галоўная прычына непрацягнення кантракта -- гэта сяброўства Аляксандра Мікіткі ў свабодным прафсаюзе. Ён адзначыў, што 11 лютага накіраваў хадайніцтва на імя дырэктара завода, у якім адзначалася, што ў мінулым годзе начальнік цэха Міхаіл Ваянец папярэджваў, што з сябрамі СПБ не будуць працягвацца кантракты. Аляксандр Мікітка ў цаху №2 адпрацаваў 11 гадоў, а агулам на заводзе ТДіА - больш за 23 гады. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства