Бабруйск: двух чалавек хочуць прыцягнуць да адказнасці за пікет салідарнасці з Украінай
Вечарам 6 сакавіка ў Бабруйску прайшоў пікет супраць развязвання вайны ва Украіне, у якім бралі ўдзел два мясцовыя акітывісты. Нагадаем, старшыню мясцовай суполкі прафсаюза РЭП міліцыянт дагнаў каля яе дома, але не затрымліваў. Галіна Смірнова расказала, што атрымала позву ў міліцыю на 13 сакавіка, дзе пазначана: "у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйная справа".
-Мяне выклікае знакаміты ў Бабруйску маёр Сяргей Рудзько, - расказала Галіна Смірнова. - А за кампанію, ён выпісаў позву і на імя майго мужа, якога нават не было на пікеце. Адметна, што позвы прынёс наш участковы, у кампаніі двух сведак - "дружыннікаў".
Міліцыянты палічылі, што журналістаў таксама трэба прыцягваць у якасці ўдзельнікаў анціваеннага пікета, што яны і зрабілі. Марына Малачанава, якая супрацоўнічае з "Бабруйскім кур'ерам", зрабіла на пікеце некалькі фотаздымкаў і падрыхтавала друкаваны матэрыял. Але сёння, на прыёме ў маёра Рудзько яна даведалася, што яе спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за парушэнне артыкула 23.34 "Парушэнне парадка арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання".
Марына Малчанава адзначыла, што яе мужу не дазволілі прысутнічаць у кабінеце ў якасці прадстаўніка.
-Сяргей Рудзько задаваў мне навадныя пытанні, натуральна, я адмовілася на іх адказваць, - распавядае Марына. - Відаць, гэта яго раззлавала. Ён сказаў мне, што сустрэнемся ў судзе, а папярэдне выпісаў яшчэ адну позву, на 17 сакавіка, для складання адміністрацыйнага пратакола. Магчыма, буду падаваць сустрэчную скаргу, бо я працавала ў межах закона, і мне незразумелыя падобныя прэтэнзіі.