viasna on patreon

Горкі: замест “Узгорка” перад судом паўстане “БелаПАН”

2014 2014-03-10T20:10:53+0300 2014-03-10T20:10:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/budnaja-galina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 сакавіка ў судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці пачаўся разгляд пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай да газеты “Узгорак” і яе рэдактара Галіны Буднай. Тамара Калтунова абвінавачвала газету “Узгорак” у паклёпе і патрабавала спагнаць з яе грошы ў памеры 50 мільёнаў рублёў

Разгляд справы ў судзе Горацкага раёна ажыццяўляў суддзя Яскевіч Віктар Канстанцінавіч, інтарэсы адказчыка - рэдактара газеты “Узгорак” Галіны Буднай - прадстаўляў юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў.

Напачатку судовага паседжання, якое пачалося ў 11-00, адказчыкамі па справе праходзілі галоўны рэдактар ​​газеты Галіна Будная і прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Узгорак", якое выдае газету. Дырэктарам прадпрыемства таксама з’яўляецца Галіна Будная.

Суддзя Віктар Яскевіч вельмі ўважліва падыйшоў да разгляду справы. Суд прыйшоў да высновы, што надрукаваная ў газеце інфармацыя была атрымана “Узгоркам” ад інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, таму Галіна Будная з’яўляецца неналежным адказчыкам. Суд вырашыў, што новым адказчыкам па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай будзе выступаць ЗАТ “БелаПАН”. На адрас інфармацыйнага агенцтва БелаПАН судом Горацкага раёна будуць накіраваны адпаведныя матэрыялы па справе.

Наступнае пасяджэнне суда Горацкага раёна ўжо з новым адказчыкам па пазову – ЗАТ “БелаПАН – запланавана на 11-00 27 сакавіка 2014 г.

На думку Алега Агеева, суд Горацкага раёна вельмі дакладна падыйшоў да разгляду справы.

“Працэдура выканана дакладна, суд вельмі адказна падыйшоў да разгляду справы, - кажа Алег Агееў. – Суд замяніў, са згоды пазоўнікаў, адказчыка, і гэта правільна, бо Галіна Будная, як галоўны рэдактар, не павінна несці адказнасці па гэтай справе. Такое рашэнне цалкам адпавядае патрабаванням пастановы пленума Вярхоўнага суда аб разглядзе такой катэгорыі спраў і адпавядае патрабаванням грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства. Зараз у якасці адказчыка будзе выступаць інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое распаўсюджвала гэту інфармацыю”.

Таксама Алег Агееў выказаў меркаванне, што перадрукаваныя газетай “Узгорак” матэрыялы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН былі цалкам нейтральнымі і для пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ няма ніякіх падстаў.

У сваім пазове Тамара Калтунова патрабавала спагнаць з газеты “Узгорак” 50 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і апублікаваць пісьмовае абвяржэнне апублікаваных у газеце матэрыялаў.

Падставай для напісання і падачы пазова ў суд паслужылі змешчаныя ў мінулым годзе ў газеце “Узгорак” артыкулы, у якіх асвятляўся судовы працэс паміж чальцамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай.

Па словах рэдактара газеты “Узгорак” Галіны Буднай, усе змешчаныя ў газеце артыкулы браліся з навіннай стужкі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН з адпаведнай спасылкай на яе. Сваіх матэрыялаў адносна канфлікту ў Горацкай раённай арганізацыі БелТІ газета “Узгорак” не друкавала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства