viasna on patreon

Пікета да Дня Волі ў Оршы не будзе

2014 2014-03-10T19:06:05+0300 2014-03-10T19:06:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzen-voli-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтым разам актывісты нават не падалі заяўку на пікет ў райвыканкам. Бо вынік стаў вядомы яшчэ на папярэднім этапе: з заяўнікамі не пагадзіліся заключаць дамовы на абслугоўванне ні міліцыя, ні медыкі, ні камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза". А без такіх дамоў улады дазволу не даюць.

Неабходнасць папярэдняга заключэння дамоваў прапісана ў рашэнні Аршанскага гарвыканкама №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша". Праз адсутнасць такіх дамоваў аршанскім актывістам забаранялі усе акцыі, на якія толькі падаваліся заяўкі.

Гэтым разам было вырашана пайсці дакладна паводле рашэння гарвыканкаму, распавёў адзін з заяўнікаў, Ігар Казмярчак:

"Мы даслалі лісты з прапановамі заключыць дамовы ва ўсе службы, згаданыя ў рашэнні ўладаў. Вынік быў наступны. Прадпрыемства "Спецаўтабаза" адказала, што заключэння дамовы не будзе, бо якраз цяпер сыходзіць снег, і работнікі мусяць інтэнсіўна прыбіраць горад, таму будуць занятыя, у тым ліку і 25 сакавіка. З паліклінікі прыйшла адмова з паведамленнем, што ў іх няма нават такой паслугі, як абслугоўванне акцый. Няма прэйскуранту для аплаты і гэтак далей. З міліцыі ж паведамілі, што парадак выканання рашэння гарвыканкаму іх увогуле не тычыцца. Яны зрабілі запыт, ці дазволілі нам акцыю. І напісалі, што мэтазгодна было б абмяркоўваць нейкія дамовы толькі пасля таго, як дазвол ужо атрыманы. А мы нават не падавалі заяўку ў райвыканкам, бо збіраліся зрабіць гэта, толькі маючы на руках станоўчыя адказы ад згаданых сруктур. Інакш у заяўцы няма аніякага сэнсу – усё адно не дазволяць".

Сітуацыя, у якую трапілі сябры Партыі БНФ Ігар Касзмярчак і другі заяўнік Алесь Шутаў, вельмі паказальная. Рашэнне гарвыканкама №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша" складзена такім чынам, што прапісаныя там умовы невыканальныя.

Аршанскія актывісты Іры Нагорны і Яўген Анішчанка спрабавалі бараніць сваё права на правядзенне масавых акцый праз зварот у суд. Але і гэта не дапамагло: якраз там і высветлілася, што ўлады лічаць неабходным выкананне адпаведнага рашэння толькі для заяўнікаў. Тым часам як адказныя структуры проста не гатовыя яго выконваць: прадстаўнікі паліклінікі сказалі, што ў пераліку відаў іх камерцыйнай дзейнасці няма такой паслугі, прадпрыемства "Спецаўтабаза", згаданае ў рашэнні гарвыканкаму, прыборкай гарадскіх тэрыторый не займаецца ўвогуле, а толькі вывозіць смецце. Міліцыя ўвогуле ігнаруе мясцовае рашэнне – нават не абмяркоўвае магчымасць папярэдняга заключэння дамоў. Да таго ж, і адны, і другія, і трэція цвердзяць, што ніколі не заключалі дамоў з фізічнымі асобамі, і зрабіць гэта не ў стане.


 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства