viasna on patreon

Гомель: кандыдата ад АГП выбарчая камісія настойліва просіць зняцца з выбараў

2014 2014-03-10T09:17:53+0300 2014-03-10T09:17:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agp-loga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо тройчы прасілі сябры Гомельскай гарадской выбарчай камісіі зняцца з выбараў актывіста АГП Дзмітрыя Карпенка, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Студэнцкай акрузе №32. Як паведаміў кандыдат, такія прапановы яму паступалі, у прыватнасці, ад сябра гарадской выбарчай камісіі Ірыны Анатольеўны Абрамцавай. «Першы раз, калі я наведваў гарадскую камісію, яны спрабавалі мяне ўвесці ў зман, казалі, маўляў, дык усе ж сябры АГП зняліся з выбараў, вам таксама патрэбна тэрмінова здымаць сваю кандыдатуру. Другі раз мяне пераконвалі, што ім патрэбна друкаваць агітацыйныя матэрыялы, якія каштуюць грошы, і тыя грошы будуць з мяне спаганяць, што, канечне, падман. Трэці раз мне на хатні тэлефон тэлефанавала тая самая Ірына Анатольеўна і зноў прапаноўвала прыехаць з заявай у камісію зняць сваю кандыдатуру. Я адказаў, што зараз хворы, тады сябра камісіі прапанавала, каб маю заяву аб зняцці прывёз хто-небудзь з маіх знаёмых. Гэта наогул нейкі абсурд», - пракаментаваў кандыдат. Ён не збіраецца здымаць сваю кандыдатуру.

Дзмітрый Карпенка дадаў, што ў камісіі яго спрабавалі падмануць і наконт месцаў для правядзення агітацыі. «Я звярнуўся ў камісію з пытаннем: у якіх месцах можна праводзіць агітацыйныя пікеты, у камісіі ж на «блакітным воку» адказалі, што нідзе! Маўляў, агітацыю праводзіць нельга, а ўлёткі камісія сама надрукуе і распаўсюдзіць. Між тым, у Савецкім раёне ёсць два месцы, вызначаныя для правядзення агітацыйных пікетаў», - дадаў суразмоўца.

У бліжэйшы час ён плануе правесці шэраг пікетаў з мэтай агітацыі.

У Гомелі – 40 акруг па выбарах дэпутатаў гарадскога Савету, 12 з іх – безальтэрнатыўныя.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства