viasna on patreon

Пікет да Дня Волі ў Глыбокім забаронены

2014 2014-02-26T17:04:02+0300 2014-02-26T17:04:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzen-voli-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прычына забароны ўжо традыцыйная: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Пры гэтым раённае міліцэйскае кіраўніцтва наўпрост заявіла ініцыятарам пікету, што заключаць папярэднія дамовы адмаўляецца.

Па дазвол на святочную акцыю да Дня Волі звярталіся мясцовыя актывісты Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач. Яраслаў Берніковіч, які атрымаў адказ на прапанову аб заключэнні дамовы, распавёў:

"Начальнік РАУС Васюковіч піша, што законам аб масавых мерапрыемствах прадугледжаны пэўны парадак іх арганізацыі. І што ў законе няма такога патрабавання, каб дамовы на ахову правапарадку падчас нейкіх акцый заключаліся з міліцыяй яшчэ да таго, як мясцовыя ўлады вырашаць, дазволіць мерапрыемства ці не. Гэта лагічна, бо навошта заключаць дамовы, калі яшчэ невядома, ці будзе тая акцыя. Аднак нашы мясцовыя ўлады законам не кіруюцца! Яны лічаць, што вышэй за любыя законы рашэнне Глыбоцкага райвыканкаму № 167. Гэта там напісана, што разам з заяўкай на акцыю трэба падаваць ўжо заключаныя дамовы з медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Значыць, як у прымаўцы: закон райвыканкаму не пісаны. А мы, звычайныя грамадзяне, апынуліся ў безвыходным становішчы. Бо, як ні круці, дазволу на акцыі без дамоў выканкам не дасць, а дамаўляцца папярэдне тыя ж міліцыянты катэгарычна адмаўляюцца, спасылаючыся на заканадаўства!"

Актывіст кажа, што літаральна такі самы адказ быў атрыманы з міліцыі і наконт забароненай акцыі да Дня Канстытуцыі 15 сакавіка. Усё аднолькавае, слова ў слова: міліцыя спасылаецца на закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў і абсалютна нічога не кажа пра рашэнне мясцовых уладаў. Для супрацоўнікаў міліцыі закон, безумоўна, вышэйшы. А выканкам стварыў нейкі свой парадак арганізацыі масавых акцый, у выніку чаго правесці іх стала проста немагчыма.

Такая самая сітуацыя, калі выканкамы "ўкліньваюцца" паміж патрабаваннямі закону аб масавых акцыях і грамадзянамі, якія жадаюць іх правесці, склалася і ў Віцебску, і ў Воршы. Актывісты вымушаны звяртацца ў суд, каб змусіць службы, указаныя ў рашэннях мясцовых уладаў, да заключэння дамоў. Аднак суды не пагаджаюцца гэта рабіць: актывістам тлумачаць, што заключэнне дамоў – справа добраахвотная. А да ўсяго, у пераліку відаў дзейнасці медработнікаў або міліцыі ўвогуле няма такой паслугі, як платная ахова правапарадку ці дзяжурства ўрачоў паводле дамоўленасці з прыватнай асобай.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства