viasna on patreon

Круглае: ініцыятыўныя групы праўладных вылучэнцаў падманваюць выбаршчыкаў

2014 2014-02-08T18:11:00+0300 2014-02-08T18:11:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyjavybuchastak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Круглянскім раёне ініцыятыўныя групы працягваюць збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

Паказальна, што пры зборы подпісаў у гарадскім пасёлку Круглае сябры ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў у дэпутаты сутыкнуліся з выпадкамі, калі чальцы ініцыятыўных груп кандыдатаў улады ўводзілі выбаршчыкаў у зман.

У прыватнасці, яны казалі выбаршчыкам, што, калі яны падпісаліся за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты, тыя павінны галасаваць менавіта за яго і не падпісвацца за вылучэнне іншых прэтэндэнтаў у дэпутаты.

Такое своеасаблівае тлумачэнне Выбарчага кодэкса дазволілі сабе прадстаўнікі ініцыятыўных груп за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага аблсавета па Круглянскай выбарчай акрузе №27 начальніка Круглянскай ПМК-266 Мікалая Патрончыка, а таксама прэтэндэнта ў кандыдаты Круглянскага райсавета па Лермантаўскай выбарчай акрузе №12, дырэктара СШ №1 г. п. Круглае Аляксандра Бялянкіна.

Распавядае прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Круглянскага райсавета па Лермантаўскай выбарчай акрузе №12, грамадская актывістка Зінаіда Мілешчанка.

“Я асабіста сутыкнулася з чатырмя выпадкамі, калі выбаршчыкі казалі, што зборшчыкі подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты аблсавета Патрончыка і за кандыдата ў дэпутаты райсавета Белянкіна гаварылі ім, каб яны больш не падпісваліся ні за якіх іншых людзей, а таксама тое, што яны павінны галасаваць за тых кандыдатаў, за якіх падпісаліся, і ні за якіх іншых, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – Мне пра гэта казалі выбаршчыкі на вуліцах Будаўнікоў і Прабуджэння ў Круглым, калі я збірала подпісы за сваё вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты райсавета і Алега Мяцеліцы – кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага аблсавета, як сябар яго ініцыятыўнай групы. Я абавязкова буду скардзіцца наконт такіх несумленных дзеянняў чальцоў ініцыятыўных груп у выбарчыя камісіі і пракуратуру”.

Пацвярджае словы Зінаіды Мілешчанкі і сябар ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага аблсавета па Круглянскай выбарчай акрузе №27 Алега Мяцеліцы Пётр Шымбалёў.

“Калі я 5 лютага збіраў подпісы ў Круглым за вылучэнне кандыдатам у абласны Савет Алега Мяцеліцы, як сябар яго ініцыятыўнай групы, то выбаршчыкі на вуліцы Савецкай гарадскога пасёлка мне казалі, што яны ўжо падпісаліся за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Бялянкіна, таму не павінны падпісвацца за іншых прэтэндэнтаў, так казалі ім сябры яго ініцыятыўнай групы, - распавядае Пётр Шымбалёў. – Казалі ім таксама, што і галасаваць яны павінны за Аляксандра Бялянкіна. Няшмат хто з выбаршчыкаў разумее, што той жа Алег Мяцеліца, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты аблсавета, і Аляксандр Бялянкін, які ідзе кандыдатам у дэпутаты Круглянскага райсавета па Лермантаўскай акрузе №12, наогул ідуць у Саветы розных узроўняў. Аднак складваецца такое ўражанне, што тое, менавіта за каго патрэбна галасаваць, мэтанакіравана ўкараняецца ў свядомасць людзей”.

Сам прэтэндэнт у кандыдаты Магілёўскага аблсавета па Круглянскай выбарчай акрузе №27 Алег Мяцеліца кажа, што ён асабіста пры зборы подпісаў за сваю кандыдатуру не сутыкаўся менавіта з такімі праявамі схаванай агітацыі за праўладных кандыдатаў.

“Адзінае, што шмат хто з выбаршчыкаў у Круглянскім раёне кажа, што я ўжо падпісаўся (ці нават ужо прагаласаваў) за кандыдата ў дэпутаты, таму за іншага ўжо не магу падпісвацца, - кажа Алег Мяцеліца. – Многія людзі там па сутнасці нічога не ведаюць пра выбарчае заканадаўства і маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы.

З яўным парушэннем выбарчага заканадаўства я сутыкнуўся ў Ланькаўскім сельсавеце Бялыніцкага раёна, які ўваходзіць у маю выбарчую акругу. Там прадаўшчыца ў мясцовым магазіне збірала подпісы за праўладнага кандыдата ў працоўны час проста на сваім працоўным месцы. Людзі прыходзілі па хлеб, іншыя прадукты, а яна прапаноўвала ім паставіць подпісы ў падпісных лістах. Прычым, як ні дзіўна, ніякі пашпарт і пашпартныя дадзеныя падпісантаў ёй чамусьці не былі патрэбныя”…

Па словах актывіста кампаніі “Гавары праўду” Алега Мяцеліцы, 7 лютага ён падаў неабходныя дакументы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў у акруговую камісію Круглянскай выбарчай акругі №27.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства