Журналістаў затрымлівалі на вакзале, “каб не дапусціць масавых беспарадкаў”
Следчы камітэт Беларусі скончыў праверку па факце затрымання незалежных журналістаў на чыгуначным вакзале ў Мінску 19 кастрычніка 2013 года.
У ходзе праверкі следчыя апыталі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія непасрэдна затрымлівалі прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасці, міліцыянер роты аховы грамадскай бяспекі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Сільвановіч П.М. паведаміў, што атрымаў загад ад кіраўніцтва затрымліваць падазроных асобаў падчас прыезду ў Мінск апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца.
Разам са сваім напарнікам Набароўскім А.В яны прыбылі на чыгуначную платформу, да якой мусіў прыбыць цягнік Брэст-Масква. Паводле Сільвановіча, на платформе невялікімі групкамі знаходзіліся журналісты, якіх міліцыянты ідэнтыфікавалі па наяўнасці відэаапаратуры. Пасля гэтага, паводле матэрыялаў праверкі, супрацоўнікі міліцыі падыходзілі да ідэнтыфікаваных імі журналістаў і затрымлівалі іх, “каб не дапусціць масавых беспарадкаў”.
У выніку праверкі Следчы камітэт Беларусі прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі не знойдзена фактаў перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў.
Нагадаем, што 19 кастрычніка 2013 года на платформе мінскага чыгуначнага вакзала міліцыя затрымала журналістаў Алеся Пілецкага, Віталя Ругайна, Аляксандра Васюковіча, Сяргея Гудзіліна, Андрэя Корсака, Захара Шчарбакова, Ягора Маёрчыка, Дзянісана Носава, Надзею Гацак і Барыса Гарэцкага.
Азнаёміцца з дакументам пастановы можна ў далучаных файлах.