Баранавіцкі праваабаронца падаў скаргу старшыні Вярхоўнага Суда
Праваабаронца Сяргей Гоўша падаў скаргу старшыні Вярхоўнага Суда Сукала В.А. на пастанову аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці суддзёй суда Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы Петрыва В.А. 21 жніўня 2012 года і пакараннні штрафам у 15 базавых велічыняў. Падставай для прыцягнення Сяргея Гоўшы да адміністрацыйнай адказнасці стала заява старшыні Баранавіцкай акруговай выбарчай камісіі Таццяны Латышавай, у якой яна сцвярджала, што Сяргей Гоўша абразіў яе і сябраў камісіі нецэнзурнай лаянкай.
Не пагадзіўшыся з пастановаю суда першай інстанцыі, праваабаронца звярнуўся ў вышэйстаячыя судовыя органы. Але Брэсцкі абласны суд, а затым і Вярхоўны Суд пакінулі скаргу грамадскага актывіста без задавальнення.
У сваёй скарзе на імя старшыні ВС Сяргей Гоўша тлумачыць, што суды ўсіх узроўняў паставіліся да разгляду яго скаргі фармальна і неаб’ектыўна, што суддзі зусім не праверылі сабраныя па справе доказы, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены з парушэннем патрабаванняў арт. 9.1 ПВКаАП. У скарзе праваабаронца сцвярджае, што ён ніякіх абразлівых нецэнзурных словаў пад час размовы з Латышавай Т.У. не выкарыстоўваў і гэта пацвярджаецца аўдыёзапісам гэтай размовы. Аднак суды ўпарта гэты запіс не толькі не прызнаюць ў якасці доказу па справе, але нават і не лічаць крыніцаю інфармацыі.
Сяргей Гоўша даводзіць старшыні ВС, што праведзены ім аўдыёзапіс з’яўляецца доказам. Але паколькі гэты дакумент поўнасцю абвяргае вінаватасць праваабаронцы ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, то суды проста ігнаруюць яго. Сяргей Гоўша ў абгрунтаванне праўдзівасці інфармацыі ў аўдыёзапісу ўказвае, што праводзілася фанаскапічная экспертыза, якая не выявіла нецэнзурнай лаянкі. Экспертыза пацвердзіла, што запіс зроблены на дыктафоне праваабаронцы, а таксама тое, што не маецца мантажа запісу. Экспертыза зроблена “Цэнтрам судовых экспертыз і крыміналістыкі Міністэрства Юстыцыі Рэспублікі Беларусь” і была прыкладзена да справы пры разглядзе ў Брэсцкім абласным судзе, але зноў жа, не прынята да ўвагі і нават не ўзгадваецца ў адказе старшыні Брэсцкага абласнога суда.
У адказе за падпісам намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда ў сваю чаргу маецца толькі чатыры невялікіх абзацы, кожны з якіх складаецца з некалькіх словаў, што яго скарга не падлягае задавальненню. У той жа час ні па адным з указанных ім фактаў незаконнасці вынесенай судовай пастановы няма ніякай ацэнкі з боку вышэйшага судовага органа краіны.
Сяргей Гоўша просіць старшыню ВС РБ адмяніць пастановы Брэсцкага абласнога суда ад 21 сакавіка 2013 года і суда Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы ад 21 жнівеня 2012 года.
Правабараноца падкрэслівае, што ён шукае абароны ў судах, а яму суды даюць адказ на ўзроўні школьных ведаў.