Ці можа грамадства пакласці канец практыцы затрымання журналістаў праваахоўнікамі?
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пацікавілася меркаваннем калегаў.
– Самы дзейсны сродак для журналіста – мець магчымасць паведаміць пра сваё затрыманне, трымаць у памяці тэлефон адваката і патрабаваць магчымасці з ім звязацца. Я думаю, што практыка адвольных затрыманняў журналістаў калі-небудзь можа быць выкараненая ў Беларусі, але адбудзецца гэта разам з іншымі пераменамі.
Справа ў тым, што інфармацыя – гэта вельмі важны сродак уплыву на грамадства ў сучасным свеце. Менавіта таму, каб пазбавіць людзей інфармацыі, улады і ідуць на гэтыя затрыманні і забароны, – лічыць кіраўнік мінскага карпункта “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк.
– Самы галоўны сродак супрацьдзеяння затрыманням – гэта галоснасць, публікацыі, агучванне ў СМІ. Чым галасней мы будзем казаць пра ўсе выпадкі ціку на журналістаў, тым менш ва ўладаў будзе жадання гэтым займацца.
Мне асабіста не раз прыходзілася вызваляць нашых карэспандэнтаў пасля затрыманняў, даказваць іх статус прэсавым службам мінскай міліцыі, Міністэрству ўнутраных спраў. Усё гэта трэба рабіць, кожны раз нагадваючы, што журналіст мае права на збор і распаўсюд інфармацыі, – лічыць карэспандэнт Радыё “Свабода” Валер Каліноўскі.
– Канешне, трэба ўвесь час казаць пра гэтую праблему! Трэба працягваць звяртацца ў МУС, Пракуратуру, Следчы камітэт, суд. Усё гэта сёння больш фармальныя ўстановы, але звяртацца туды неабходна. Прыйдзе час, і з усіх самаўпраўцаў у пагонах будзе спытана.
Нагадаю гісторыю Нямеччыны, дзе нават праз 30-40 гадоў вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека нясуць адказнасць. Міліцыянты, якія складаюць пратаколы, суддзі, што выносяць несправядлівыя прысуды, – усе іх імёны павінныя быць навідавоку. Таксама журналісцкая супольнасць не павінная забывацца на маральную і юрыдычную падтрымку тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі, – лічыць журналіст “Радыё Рацыя” Генадзь Барбарыч, які адсядзеў сёлета на “сутках”.
– А вось я мяркую, што наўрад ці нешта можна змяніць у стаўленні да журналістаў. Думаю, як толькі ўлады захочуць затрымаць журналіста ці яшчэ нешта з ім зрабіць, яны гэта зробяць, і ніякая высілкі не прымусяць міліцыянтаў адмовіцца ад уласнага плану.
Безумоўна, сітуацыя можа мяняцца лакальна ў залежнасці ад геапалітычных умоваў, але ўніверсальнага сродку спыніць затрыманні няма. Безумоўна, трэба паведамляць пра затрыманні калегаў, звяртаць на гэта ўвагу ўладаў, міжнароднай супольнасці. Але журналісты наўрад ці могуць зрабіць нешта большае, – мяркуе карэспандэнт “Еўрарадыё”Віталь Ругайн, які нядаўна ў чарговы раз падпаў пад затрыманне.
– Журналісты проста павінныя працягваць рабіць сваю працу. Прафесійна. Па стандартах. Па ўсіх канонах. А ўмовы не выбіраюць. Журналісты працуюць і ў Кітаі, і ва Ўгандзе, і ў розных гарачых кропках. Робяць якасны матэрыял, церпяць за гэта. Але гэта ўжо не наша віна. Самае галоўнае, што павінен рабіць журналіст, – імкнуцца якасна выконваць сваю працу.
Калі мяне асабіста затрымліваюць, імкнуся апераваць нейкімі нормамі заканадаўства. У першую чаргу інфармую рэдакцыю, калі магу. А ўсё астатняе – мала дзейсныя сродкі. Няма сэнсу пісаць нейкія скаргі, бо юрыдычныя нормы часцей за ўсё не працуюць у нашай краіне адносна міліцыянтаў, – гаворыць нярэдкі госць сталічных РУУСаў фатограф “Нашай Нівы” Сяргей Гудзілін.
– Не, трэба нагадваць ім кожны раз, што журналісты маюць права! Увесь час нагадваць. Казаць, што паводле заканадаўства так нельга рабіць. Ну і, канешне, спрабаваць не даць сябе затрымаць. Не супраціўляцца, але тлумачыць, апераваць заканадаўствам, даказваць.
У крайнім выпадку можна нават паспрабаваць збегчы ад міліцыянтаў. Можа, гэта не зусім папулярны сродак, але часам найбольш дзейсны. Хоць, спадзяюся, гэтыя адвольныя затрыманні калі-небудзь спыняцца, – рэзюмуе яшчэ адзін з сёлетніх журналістаў-“арыштантаў” Аляксандр Ярашэвіч.