Затрыманне журналістаў у Глыбокім. Перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі
Каля 12-й гадзіны 26 лістапада на ўездзе ў Глыбокае затрымалі незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Насту Рэзнікаву. Яны ехалі рыхтаваць відэасюжэт для сайта газеты “Новы час”.
Машыну, якой кіраваў Пяшко, спынілі на ўездзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакументы, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава машыны. Пасля праверылі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку.
Спачатку на размову выклікалі Пяшко, а затым – Рэзнікаву. Прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Гутарыў з імі старшы оперупаўнаважаны Мікалай Кватэра.
«Выглядала ўсе даволі падазрона», – падзяліўся з прэс-службай ГА “БАЖ” Вячаслаў Пяшко пасля вызвалення. На просьбу журналстаў паказаць “арыенціроўку” – апісанне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, – міліцыянты прад’явілі нейкі непераканаўчы дакумент на камп’ютары з агульным апісаннем мужчыны “еўрапейскай знешнасці”. Раздрукаваць дакумент адмовіліся.