Зінаіда Цімошак скардзіцца на дзеянні міліцыі
Супраць арганізатаркі прагляду фільма пра Слуцкі збройны чын быў складзены адміністрацыйны пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Актывістка збіраецца падаваць у суд на дзеянні міліцыянтаў.
Па словах Зінаіды Цімошак у Казловіцкім Доме культуры планаваўся прагляд фільма «40 дзён сялянскай рэспублікі», знятага тэлеканалам АНТ пра падзеі Слуцкага збройнага чыну.
"Ніякай крамолы ў гэтым фільме няма. Яго транслявалі па многіх тэлеканалах, ён знаходзіцца ў свабодным доступе ў інтэрнэце. Мы загадзя дамовіліся з дырэктарам клуба, ён быў не супраць, каб у яго памяшканні правесці кінапрагляд".
Па словах суразмоўцы, на сустрэчу прыехалі сталыя людзі, многім ужо за 70 год.
"Для іх гэта магчымасць даведацца больш пра гісторыю свайго краю. Яны ж нідзе не бываюць - ні ў тэатрах, ні ў музеях, ні ў кіно. Пра Слуцкае паўстанне ў нас мала гавораць, улады замоўчваюць гэту тэму - няма ні вуліцы, ні помнікам героям, якія загінулі ў тым змаганні".
Калі арганізатары толькі наладжвалі апаратуру, у Дом культуры прыйшлі міліцыянты, якія заявілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае, а таму не можа быць працягнутае. Яны ўзялі тлумачэнні з усіх удзельнікаў сустрэчы, а на Зінаіду Цімошак як арганізатарку склалі адміністратыўны пратакол.
"Я буду скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў, бо наша сустрэча не падпадае пад паняцця "сходу" ў законе. Больш за тое, у Канстытуцыі прапісана, што грамадзяне павінны берагчы здабыткі нацыянальнай культуры. Выходзіць, што нас пазбаўляюць гэтага права".
Скаргу склала не толькі спадарыня Цімошак, але і шэсць пенсіянераў, якія прыехалі на кінапрагляд. Яны будуць абскарджваць дзеянні міліцыянтаў як антыканстытуцыйныя. Юрыдычную дапамогу аказвае праваабарончы цэнтр "Вясна".
Нагадаем, дырэктар Казловіцкага Дома культуры пасля інцыдэнту напісаў скаргу аб звальненні па ўласным жаданні. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў тым, што яму надакучыла ўзгадняць кожны крок з аддзелам культуры і ідэалогіі ў райвыканкаме, а дзеянні міліцыянтаў, па яго словах, зняважылі ягоны гонар і годнасць.