Гомель: Уладзімір Кацора праз суд аспрэчвае адмову ўзбудзіць справу
Гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Кацора звярнуўся 22 лістапада ў суд Рэчыцкага раёна са скаргай на раённы аддзел упраўлення Следчага камітэту. Заяўнік абскарджвае адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Нагадаем, Уладзімір Кацора і яго паплечнікі былі затрыманы ў Рэчыцкім раёне супрацоўнікамі ДАІ 22 верасня. Актывісты накіроўваліся ў Мінск на канферэнцыю альянсу «За сумленныя і справядлівыя выбары для лепшага жыцця «Талака». Яны з'яўляліся дэлегатамі на дадзеную канферэнцыю. Аўтамабіль рэчыцкіх супрацоўнікаў ДАІ дагнаў аўто гомельскіх актывістаў пасля таго, як яны ўжо ад'ехалі на 20 кіламетраў ад Рэчыцы.
Уладзімір Кацора лічыць, што такім чынам супрацоўнікі ДАІ перашкодзілі правядзенню канферэнцыі, правялі адвольнае затрыманне, выканаўшы палітычны загад. Ён прасіў СК узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні супрацоўнікаў ДАІ.
Разам з тым, Рэчыцкі раённы аддзел СК 8 лістапада адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Таму Уладзімір Кацора звярнуўся ў суд.
«Лічу, што па маёй заяве праведзена не поўная і не аб'ектыўная праверка, бо ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не знайшлі свайго адлюстравання паказанні апытаных у ходзе правядзення праверкі сведак. Акрамя таго, лічу праведзеную праверку неаб'ектыўнай і павярхоўнай, якая не адказвае на шэраг пастаўленых ў маёй заяве пытанняў», - напісаў у скарзе ў суд актывіст.
Ён звяртае ўвагу, што пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не ўтрымлівае адказ на пытанне: з якой мэтай інспектары ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама былі камандзіраваныя ў Рэчыцкі раён для нясення службы, дзе ёсць свой раённы аддзел ДАІ ? Як часта і для якіх мэт на працягу года названыя інспектары камандыруюцца для нясення службы ў іншыя раёны вобласці? Якім чынам і з якой хуткасцю інспектары ДАІ рухаліся па аўтадарозе, калі змаглі дагнаць аўтамабіль, які рухаецца з дазволенай дапушчальнай хуткасцю 90 кіламетраў у гадзіну? Чаму для ўтрымання кіроўцы мікрааўтобуса ў Рэчыцкім райаддзеле ДАІ ад яго супрацоўнікі ДАІ патрабавалі праходжанне дактыласкапіі, фота і відэаўліку?
Адказу на гэтыя пытанні, якія ён не атрымаў у СК, Кацора будзе чакаць ад суду.