У Магілёве калектыўны зварот грамадзян пакінуты без увагі
Паводле кіраўніка спраў Магілёўскага гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі, прычынай для гэтага стала тое, што грамадзяне даслалі не арыгінальныя подпісы, а іх ксеракопію.
Ініцыятар калектыўнага звароту магілёвец Аляксей Паўлоўскі здзіўлены такім адказам.
“Раней не было ніякіх праблем з копіямі подпісаў, якія я ад імя грамадзян высылаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі. Цяпер улада пайшла на хітрыкі, і каб не працаваць і вырашаць праблемы звычайных грамадзян, яна проста адпісваецца, шукаючы розныя лазейкі ў заканадаўстве. Робяць усё, каб не працаваць”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.
Трэба адзначыць, што ў калектыўным звароце, які быў накіраваны на імя старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Уладзіміра Цумарава, грамадзяне прасілі вырашыць праблемы добраўпарадкавання мікрараёна “Тэхнапрыбор”, у тым ліку прасілі зрабіць асвятленне, якога няма ў шматлікіх месцах. Пад калектыўным зваротам падпісаліся 263 чалавекі.
Варта дадаць, што гэта ўжо другі выпадак, калі прадстаўнікі ўлады адмаўляюцца разглядаць копіі калектыўных зваротаў грамадзян. Першым сярод магілёўцаў на такія хітрыкі пайшоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Эдуард Сянкевіч.