Праверку па факце затрымання журналістаў праводзіць следчая Аддзялення следчага камітэту па Кастрычніцкім раёне Мінска Надзея Аляксандрава. У пятніцу для дачы паказанняў быў выкліканы прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі.

– Размова ў часе дачы тлумачэнняў тычылася затрымання журналістаў супрацоўнікамі міліцыі 19 кастрычніка 2013 года, калі ў Мінск пасля амаль трохгадовага тэрміну пакарання павінен быў вярнуцца палітык і публіцыст, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Павел Севярынец. Тады разам са мной на платформе чыгуначнага вакзала былі затрыманыя адразу дзесяць прадстаўнікоў СМІ, якім міліцыянты фактычна не дазволілі выконваць свае прафесійныя абавязкі. Адносна гэтага выпадку я і даваў пісьмовыя тлумачэнні з просьбай знайсці і прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці, у выпадку, калі віна апошніх будзе даказаная, – распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі.

Нагадаем, што пасля затрымання журналістаў на чыгуначным вакзале ў Мінску кіраўніцтва ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сустрэлася з начальнікам мінскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым.

Разам з тым была накіраваная і пісьмовая скарга на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якую цяпер разглядае Следчы камітэт. Па словах следчай, праверка па факце павінна скончыцца да 4 снежня 2013 года. Да гэтага Надзея Аляксандрава мае намер апытаць і іншых затрыманых журналістаў.

19 кастрычніка на платформе мінскага чыгуначнага вакзала міліцыя затрымала журналістаў Алеся Пілецкага, Віталя Ругайна, Аляксандра Васюковіча, Сяргея Гудзіліна, Андрэя Корсака, Захара Шчарбакова, Ягора Маёрчыка, Дзянісана Носава, Надзею Гацак і Барыса Гарэцкага.