viasna on patreon

Бастунец: У рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ больш мінусаў, чым плюсаў

2013 2013-11-21T11:11:08+0300 2013-11-21T11:11:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bastuniec.jpg
Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец

Намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко заявіў пра распрацоўку зменаў у Закон аб СМІ, якія “з мэтай арганізацыі ў Інтэрнэце эфектыўнага процідзеяння негатыўным сацыяльным з'явам” могуць забявязаць інтэрнэт-выданні зарэгістравацца ў якасці сродкаў масавай інфармацыі.

19 лістапада на пасяджэнні Камісіі па справах непаўнагадовых пры Савеце міністраў Беларусі абмяркоўвалася ў тым ліку тэма наладжвання праз інтэрнэт антыалкагольнай, антынаркатычнай прапаганды, а таксама роля СМІ.

Падчас пасяджэння намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко адзначыў, што пры Саўміне ўжо створана рабочая група з прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў. “Прапануем унесці шэраг змяненняў у закон аб СМІ, у адпаведнасці з якім найбольш папулярныя і ўплывовыя інтэрнэт -рэсурсы патрапяць у разрад СМІ і будуць несці адказнасць перад законам за распаўсюджванне любой інфармацыі – аж да адклікання рэгістрацыі" , – праінфармаваў намеснік міністра.

Ён дадаў, што для арганізацыі ў інтэрнэце эфектыўнага супрацьдзеяння негатыўным сацыяльным з'явам неабходна вырашыць кадравую праблему. “Павінныя быць рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсаў, якія выверана, з пункту гледжання псіхолагаў, журналістаў, іншых спецыялістаў, будуць гэтую прапаганду весці. Сёння большасць адміністратараў, якія адказваюць за сайты дзяржорганаў, газетныя сайты, такой кваліфікацыі не маюць, каб адэкватна дастукацца да аўдыторыі", – цытуе Шадко дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Разам з тым, намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”Андрэй Бастунец мяркуе, што новаўвядзенні ў закон "Аб СМІ" можа пацягнуць з сабой больш адмоўных, чым станоўчых наступстваў.

– Першае, на што я хачу звярнуць увагу, – гэта кантэкст, у якім прагучала інфармацыя пра магчымую рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ. Гаворка ішла не пра дадатковыя магчымасці для журналістаў інтэрнэт-рэсурсаў альбо прызнанне іх  журналісцкага статусу. Гаворка ішла пра магчымасць распаўсюдзіць на інтэрнэт-рэсурсы адказнасць, прадугледжаную ў заканадаўстве аб СМІ. Ужо тут я бачу абмежавальны падыход.

Уласна закон “Аб СМІ” прадугледжвае магчымасць рэгістрацыі інтэрнэт-парталаў, інтэрнэт-рэсурсаў у якасці сродкаў масавай інфармацыі, але для гэтага павінна было быць выпрацавана палажэнне Савета міністраў аб рэгуляванні дзейнасці інтэрнэт-СМІ і іх рэгістрацыі. Пры гэтым пакуль нават не вызначана, якія менавіта рэсурсы могуць быць аднесеныя да сродкаў масавай інфармацыі. Таксама не зусім зразумела, што маецца на ўвазе пад "найбольш уплывовымі СМІ".

Наступны момант: раней гаворка ішла пра тое, каб распаўсюдзіць на інтэрнэт-рэсурсы такі ж самы парадак рэгулявання, як і на друкаваныя СМІ. Але наогул ва ўсім цывілізаваным свеце нават друкаваныя СМІ дзяржаўнымі органамі, а тым больш у дазвольным парадку, не рэгіструюцца. У нас было больш за сотню адмоваў у рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі за некалькі гадоў. Можна сабе ўявіць, што падобная сітуацыя можа скласціся і вакол інтэрнэт-рэсурсаў, калі пачнецца іх рэгістрацыя альбо перарэгістрацыя ў якасці СМІ.

Сама па сабе рэгістрацыя інтэрнэт-выданняў ці рэгістрацыя друкаваных выданняў ужо з'яўляецца абмежаваннем свабоды слова. Бо, калі гаворка вядзецца пра ліцэнзаванне вяшчальных каналаў – гэта можна патлумачыць тым, што частотны спектр абмежаваны. А вось прычыны рэгістрацыі дзейнасці друкаваных і інтэрнэт-медыя абсалютна невядомыя. Дакладней, яны зразумелыя, але не адпавядаюць крытэрам абмежавання свабоды выказвання ў міжнародна-прававых дакументах.

Што могуць прынесці новаўвядзенні? Са станоўчых момантаў – гэта магчымасць журналістам інтэрнэт-рэсурсаў пацвердзіць свой статус як журналістаў, паколькі яны змогуць атрымліваць службовыя пасведчанні, якія ў нас можа выдаваць толькі рэдакцыя. Заўважу: каб зняць гэтую праблему, дастаткова было надаць права выдаваць пасведчанні журналісцкім арганізацыям, як гэта робіцца ў еўрапейскіх краінах. Другі момант – гэта тэарэтычная магчымасць атрымліваць акрэдытацыю пры дзяржаўных органах.

Мінусы, на мой погляд, перавешваюць. Па-першае, хутчэй за ўсё, калі зыходзіць з сітуацыі, якая склалася ў Беларусі сёння, інтэрнэт-рэсурсы павінныя будуць рэгістраваць рэдакцыі з правамі юрыдычнай асобы. Прадпрымальнікі і простыя грамадзяне не змогуць выступаць у якасці рэдакцый. Яны павінныя будуць месціцца ў афіцыйна арандаваных офісных памяшканнях, весці фінансавую справаздачнасць, а рэдактар інтэрнэт-выдання павінен будзе мець, па патрабаванні Міністэрства інфармацыі, 5-гадовы стаж працы на кіраўнічых пасадах у гэтай сферы і вышэйшую адукацыю.

Ну і, нарэшце, на іх будуць распаўсюджвацца тыя меры адказнасці, якія прадугледжаны законам “Аб СМІ”, – аж да спыненні дзейнасці гэтага рэсурсу і адміністратыўная адказнасць у выпадку вынясення папярэджанняў, калі гаворка не пойдзе пра закрыццё, – лічыць Андрэй Бастунец.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства