У Магілёве ў актывіста БСДП адбіраюць пакой у інтэрнаце
Сёння, 19 лістапада, суд Леніскага раёна Магілёва пастанавіў выселіць сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалая Залознага з інтэрнату па вуліцы Касманаўтаў, 45 і прадаставіць яму іншае жыллё ў інтэрнаце па вуліцы Залуцкага,3.
Акрамя таго, суддзя Юлія Трапыніна вынесла рашэнне аб спагнанні з актывіста на карысць Дзяржаўнага ўнітарнага камунальнага даччынага жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства 300 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі ёй дзяржпошліны.
Нагодай для перасялення Мікалая Залознага з аднаго інтэрнату ў іншы стаў пазоў яго былога начальніка інтэрнатаў Паўла Шышова. Спачатку Шышоў за палітычныю дзейнасць выжыў Залознага з працы, а затым вырашыў адабраць у яго і пакой, у якім актывіст БСДП пражыў апошнія пяць гадоў.
Залозны працаваў сантэхнікам, і на перыяд яго працы ў інтэрнаце яму выдалі пакой. Падчас апошніх парламенцкі выбараў ён выявіў, што подпісы ў інтэрнаце за праўладнага кандыдата ў дэпутаты Эдуарда Сянкевіча збіраюць не члены яго ініцыятыўнай групы, пра што заявіў публічна. Пасля гэтага ў актывіста пачаліся праблемы з начальствам. Залозны праз суд спрабаваў аднавіцца на працы, а таксама абараніць свой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, прайшоў чатыры суды, аднак дабіцца праўды так і не здолеў.
“Я лічу, што рашэнне суда палітызаванае і з’яўляецца замовай “зверху”. Я ветэран працы і мяне, старога чалавека, перасяляюць у іншае месца, у іншы інтэрнат, дзе я буду жыць у пакоі з двума іншымі маладымі людзьмі. Гэта сведчыць пра знявагу старых людзей з боку дзяржавы, бо мне 67 гадоў, і са мной не ваяваць трэба, а праяўляць клопат, бо ўсё сваё жыццё я працаваў сумленна”, - кажа Мікалай Залозны.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што новы Жыллёвы кодэкс у артыкуле 221 вызначыў перахадныя становішчы, з якімі варта яшчэ дэтальна разбірацца.
“Пакуль невядома, колькі часу будзе дзейнічаць гэты пераходны перыяд, і пасля яго сканчэння ці будзе прад’яўлены чарговы іск Залознаму з нагоды яго высялення без прадастаўлення іншага жылля. Калі яго выселяць без прадастаўлення жылля, то ён застанецца на вуліцы, бо іншага жылля ў актывіста няма. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён смягчае альбо адмяняе адказнасць грамадзян. Як гэтая норма тут будзе вытрымана, пакуль невядома”, - гаворыць Барыс Бухель.
Трэба адзначыць, што Мікалай Залозны будзе абскарджваць рашэнне раённага суда ў Магілёўскім абласным судзе ў самы бліжэйшы час.