viasna on patreon

Андрэй Бандарэнка: У людзей, якія апынуліся ў зняволенні, няма правоў наогул

2013 2013-11-19T16:45:40+0300 2013-11-19T16:45:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bandarenka.jpg
Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Раніцай 19 лістапада пасля пяцісутачнага арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў на волю дырэктар прыватнай культурна-асветніцкай установы «Платформ інавейшн», праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

14 лістапада ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — непрайшоўшай акцыі памяці мінчаніна Ігара Пцічкіна — і асуджаны на пяць сутак арышту. 

Як зазначыў Бандарэнка, умовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў значна палепшыліся: выдаецца пасцельная бялізна, ёсць гарачая вада, прагулкі.

Праваабаронца паведаміў, што ў камеры разам з ім утрымліваліся незаконна асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах людзі, у якіх не было магчымасці абскардзіць пастановы судоў.

Бандарэнка распавёў, што, паводле слоў арыштаваных, да іх сталі менш прымяняць фізічную сілу, хаця стаўленне з боку кантралёраў негатыўнае і культурна-адукацыйны ўзровень супрацоўнікаў вельмі нізкі.

«Што да адміністрацыйных працэсаў, то ў людзей тут няма правоў наогул, яны адчуваюць сваё бяссілле перад сістэмай, — заявіў праваабаронца. — Суды выносяць рашэнні на аснове паказанняў супрацоўнікаў міліцыі, не беручы пад увагу іншыя сведчанні, не даючы магчымасці абараніць сябе згодна з дзейным заканадаўствам».

Аднак, зазначыў Бандарэнка, стаўленне да камеры, у якой ён утрымліваўся, было крыху іншым, чым да іншых. «Відаць, яно складвалася з таго, што я з'яўляюся праваабаронцам», — сказаў ён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства